Дом па праспекце Незалежнасці, 69

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Дом па праспекце Незалежнасці, 69
53°55′17″ пн. ш. 27°35′46″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Архітэктурны стыль савецкі класіцызм[d]
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Дом па праспекце Незалежнасці, 69 — будынак у Мінску.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Улічваючы вялікае значэнне магістралі, якая перасякала гарадскую тэрыторыю з паўночнага-ўсходу на паўднёвы-захад, у архітэктурна-планіровачнай кампазіцыі горада, у генеральным плане аднаўлення і развіцця г. Мінска, зацверджаным у 1946 г., ёй надавалася вялікая ўвага. Новую забудову праспекта прадугледжвалася ажыццяўляць будынкамі грамадскага прызначэння, вучэбных і навуковых устаноў, жылымі дамамі. Праспект на ўчастку ад плошчы Я. Коласа да вул. Філімонава да 1952 г. называўся вул. Пушкінскай. Забудова гэтага адрэзку праспекта пачала фарміравацца яшчэ ў даваенны перыяд у працэсе рэалізацыі генеральнага плана г. Мінска 1934—1940 гг. У тыя гады на праспекце былі пабудаваны корпусы завода імя Молатава, 1-й клінічнай бальніцы, Акадэміі навук, Інстытута фізічнай культуры, Політэхнічнага інстытута (БНТУ), Дома друку і інш. Жылыя дамы тут пераважна былі драўляныя[1].

У перыяд з 1944 па 1952 г. на праспекце былі праведзены вялікія работы па забудове і добраўпарадкаванні. Былі адноўлены ўсе капітальныя будынкі, пачалося будаўніцтва новых вучэбных устаноў, інтэрнатаў, жылых дамоў. З тлумачальнай запіскі да праектнага задання планіроўкі і забудовы праспекта вынікае, што новыя жылыя дамы ўзводзіліся з выкарыстаннем тыпавых секцый Гарбудпраекта (серыя 11), распрацаванай для 4-5-павярховых жылых дамоў. Архітэктурнае рашэнне будынкаў спалучала прыёмы класічнай архітэктуры з лепшымі формамі нацыянальнага мастацтва[1].

Будынак № 69 праектаваўся ў 1940 г. як 15 кватэрны жылы дом друкарні імя Сталіна. Аўтарам праекта быў архітэктар Ракаў. Пад будаўніцтва жылога быў выдзелены ўчастак на рагу вуліц Акадэмічнай і Пушкінскай. Будынак быў запраектаваны трохпавярховы прамавугольны ў плане. На вул. Пушкінскую арыентаваўся вузейшым фасадам, пры дапамозе невялікага рызаліта прымыкаў да інтэрната медінстытута[1].

Фасады жылога дома і інтэрната медінстытута было вырашана аформіць аднолькава. Фасадная плоскасць на вышыню першага паверха апрацоўвалася рустам. Па праекце на фасадзе, арыентаваным на вул. Акадэмічную, уваходы ў пад’езды былі вылучаны невялікімі рызалітамі, завершанымі разарванымі трохвугольнымі франтонамі. Пад’езды былі скразныя. Фасады рызалітаў фланкіравалі руставаныя пілястры. У рызалітах на другім і трэцім паверхах былі запраектаваны балконы з балюстраднымі агароджамі. На першым паверсе дзвярныя праёмы ўваходаў былі аформлены ліштвамі з замковым каменем, дзверы на чарцяжах паказаны філянговыя. Фасад быў прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі, на першым паверсе акцэнтаванымі замковым каменем, на другім паверсе ў простых ліштвах. Вуглавая частка будынка па праекце была крыху скругленай і аформленай рустам. Галоўны фасад вылучаўся шырокім рызалітам, завершаным разарваным франтонам, у тымпане якога змяшчаліся дата 1940 г. і паўкруглая люкарна. У рызаліце на першым паверсе быў запраектаваны ўваход у магазін і абапал яго шырокія вытрынныя вокны. На ўзроўні другога і трэцяга паверхаў рызаліт быў раскрапаваны руставанымі лапаткамі, міжаконныя прасценкі ўпрыгожаны ляпнымі філёнгамі. На трэцім паверсе ў рызаліце быў запраектаваны балкон. Будынак інтэрната медінстытута быў пабудаваны ў 1937 г. Меў простае архітэктурнае рашэнне — цагляныя нетынкаваныя сцены, прарэзаныя прамавугольнымі аконнымі праёмамі. З правага боку фасад у завяршэнні быў вылучаны прамым атыкам. Па праекце адначасова з жылым домам планавалася фасад інтэрната аздобіць рустам і на адзін узор з домам аформіць дзвярныя і аконныя праёмы. Не выключана, што пасля рэканструкцыі будынак інтэрната планавалася прыстасаваць пад друкарню[1].

У дакументах 1944 г. запраектаваны ў 1940 г. жылы дом разглядаецца як прыбудова да друкарні. Так, напрыклад, у 1944 г. Упраўленне па справах паліграфіі і выдавецтва пры СНК БССР звярталася ў Мінгарвыканкам з просьбай увесці ў правы карыстання друкарні імя Сталіна прыбудовай да будынка па вул. Пушкінскай, г.з. домам пад сучасным № 69. З дакумента вынікае, што будаўніцтва прыбудовы да будынка друкарні было пачата ў 1940 г. і выканана цагляная муроўка сцен на вышыню 3 паверхаў і часткова чацвёртага. Цяпер прыбудова да будынка патрабуе хутчэйшага завяршэння пад кватэры супрацоўнікаў друкарні. Упраўленне галоўнага архітэктара г. Мінска было не супраць заканчэння пачатай у 1941 г. прыбудовы да будынка № 53 па вул. Пушкінскай (інтэрнат медінстытута)[1].

Паводле тэхпашпарта жылы дом быў адноўлены ў 1948 г. Фасады дома, арыентаваныя на праспект і мясцовы праезд маюць архітэктурна-дэкаратыўнае афармленне (руст, пілястры, ляпныя элементы, балюстрадныя парапеты). Гэта сведчыць аб тым, што абодва фасада рашаліся як вулічныя, якія выходзілі на праспект і вул. Акадэмічную. Пазней паводле праекта планіроўкі і забудовы праспекта 1953 г. паўночна-заходні адрэзак вул. Акадэмічнай ператвараўся ва ўнутрыквартальны праезд. На планах праспекта 1952 г. будынак пазначаны як чатырохпавярховы жылы[1].

За час існавання аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя жылога дома не змянілася, захаваліся элементы дэкора, характэрныя для будынкаў канца 1940 — 1950-х гг[1].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Рызаліт

Чатырохпавярховы з падвалам у плане блізкі да літары Г будынак. Фасады патынкаваныя. Галоўны фасад, арыентаваны на праспект, мае трохчастковае дзяленне. Першы паверх аддзелены цягай, вылучаны ў цэнтры шырокім рызалітам, прарэзаны прамавугольнымі дзвярным і аконнымі праёмамі без дэкору. Рызаліт з’яўляецца асновай для балкона на другім паверсе. Балкон мае балюстрадны парапет паміж мураванымі слупкамі, дэкарыраванымі прамавугольнымі нішамі. Фасадная сцяна другога паверха апрацавана рустам, прарэзана прамавугольнымі аконнымі і дзвярным праёмамі без дэкору[2].

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]