Перайсці да зместу

Дыялекталогія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Дыялекталогія (ад грэч. διάλεκτος гаворка, грэч. λόγος вучэнне) — раздзел мовазнаўства, які вывучае дыялектную мову ў яе сінхронным стане і гістарычным развіцці.

XIX — пачатак XX стагоддзя

[правіць | правіць зыходнік]

Як самастойная лінгвістычная дысцыпліна ўзнікла ў складзе этнаграфіі і фалькларыстыкі ў XIX стагоддзі ў сувязі з вывучэннем матэрыяльнай і духоўнай культуры народа, паколькі дыялектныя асаблівасці ў той час разглядаліся як важная этнаграфічная прымета чалавека[1].

Першыя звесткі пра беларускія гаворкі з’явіліся ў першай палове XIX стагоддзя як у фальклорна-этнаграфічных публікацыях (А. Меер, З. Я. Даленга-Хадакоўскі, Я. Чачот, І. І. Шыдлоўскі, Р. С. Зянькевіч), так і ў асобных лінгвістычных працах (К. Ф. Калайдовіч, І. І. Грыгаровіч, Ф. С. Шымкевіч, П. М. Шпілеўскі, С. П. Мікуцкі)[1].

У другой палове XIX — пачатку XX стагоддзяў поруч з працягам шырокага фальклорна-этнаграфічнага вывучэння Беларусі і фіксацыяй беларускіх дыялектных асаблівасцей (П. В. Шэйн, Е. Р. Раманаў, З. Ф. Радчанка, П. А. Гільтэбрант, М. В. Доўнар-Запольскі, М. Федароўскі) пачалося мэтанакіраванае лінгвістычнае вывучэнне беларускіх гаворак (К. Ю. Апель, М. А. Коласаў, І. А. Нядзёшаў, А. К. Сержпутоўскі, І. А. Сербаў), выдадзены першыя буйныя лексікаграфічныя працы (І. І. Насовіч, У. М. Дабравольскі). Заснавальнікам беларускай дыялекталогіі з’яўляецца Я. Ф. Карскі[1].

Пытанні беларускай дыялекталогіі асвятляліся таксама ў працах па рускай (усходнеславянскай) гісторыі і дыялекталогіі (А. Л. Сабалеўскі, А. А. Шахматаў, В. А. Багародзіцкі). Важнае значэнне мелі працы Маскоўскай дыялекталагічнай камісіі (М. М. Дурнаво, М. М. Сакалоў, Д. М. Ушакоў)[2].

Найбольш паспяхова беларуская дыялекталогія развівалася ў XX стагоддзі.

У савецкі час працягвалася вывучэнне гаворак паасобных раёнаў Беларусі, у тым ліку беларуска-ўкраінскага і беларуска-рускага моўных сумежжаў (П. А. Бузук, П. А. Растаргуеў), беларускай міждыялектнай зоны пераходных гаворак (І. В. Воўк-Левановіч, С. М. Некрашэвіч). Выконвалася шырокая праграма збірання дыялектнай лексікі, распрацаваная камісіяй Інбелкульта па складанні слоўніка жывой беларускай мовы. Выйшлі (з 16 запланаваных) «краёвыя» слоўнікі Віцебшчыны (М. І. Каспяровіч), Чэрвеньшчыны (М. В. Шатэрнік), Калінінскай акругі і ўсходняй Магілёўшчыны (І. К. Бялькевіч), заходняй Браншчыны (Растаргуеў). Узнікла новая галіна дыялекталогіі — лінгвістычная геаграфія, «Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі» Бузука (1928) — першы нацыянальны атлас у славянскай дыялекталогіі. Але на пачатку 1930-х гадоў даследаванне беларускай дыялектнай мовы было фактычна спынена[2].

У пасляваенныя часы дэталёва абследавана мова паасобных раёнаў і абласцей Беларусі і прааналізаваны шэраг катэгорый і з’яў дыялектнай мовы — назоўнік, прыметнік, займеннік, дзеяслоў, словаўтварэнне, сінтаксіс, гукі, аканне (М. В. Бірыла, Ю. Ф. Мацкевіч, Н. Т. Вайтовіч). У галіне лексікалогіі і лексікаграфіі праводзідца збіранне матэрыялаў, якія друкуюцца ў выглядзе дыялектных слоўнікаў, дыялектных лексікаграфічных зборнікаў («Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча», т. 1—5, 1979—1986; «Тураўскі слоўнік», т. 1—5, 1982—1987, «Дыялектны слоўнік», вып. 1—3, 1959—1970, Ф. М. Янкоўскага, асобныя зборы лексікі і фразеалогіі Мсціслаўшчыны Г. Ф. Юрчанкі). Створаны комплекс фундаментальных лінгвагеаграфічных прац: «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы», «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (1968—1969), «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак». 3 1970-х гадоў даследуюцца тэматычныя групы дыялектных слоў, лексіка старых рамёстваў, лексічныя сувязі беларускіх гаворак з іншымі мовамі і іх дыялектамі[2].

Адрозніваюць дыялекталогію апісальную (сінхранічную, статычную) і гістарычную (дыяхранічную). Апісальная дыялекталогія даследуе асаблівасці мясцовых гаворак на розных узроўнях мовы на якім-небудзь адным, найчасцей сучасным, этапе. Гістарычная дыялекталогія вывучае структуру дыялектнай мовы ў яе гістарычным развіцці. Паміж апісальнай і гістарычнай дыялекталогіямі няма і не можа быць выразнай мяжы[1].

  1. а б в г Дыялекталогія // Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2012. — Т. 3. — С. 557—558. — 688 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0662-8.
  2. а б в дыялекталогія // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — С. 310. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).
  • Сучасная беларуская мова: Уводзіны. Фанетыка. Фаналогія. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. Лексікалогія. Лексікаграфія. Фразеалогія. Фразеаграфія: Вучэб. дапам. / Я. М. Камароўскі, В. П. Красней, У. М. Лазоўскі і інш. — 2-е выд., дапрац. і дап. — Мн. : Выш. школа, 1995. — 334 с. ISBN 985-06-0075-6.