Перайсці да зместу

Слова

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Сло́ва — адзінка мовы, фанетычна і граматычна аформленая, якая мае пэўны сэнс і аднолькава разумеецца супольнасцю людзей, аб’яднаных у адзін этнас. Як адзінка мовы, слова не ствараецца ў працэсе зносін, а выкарыстоўваецца, узнаўляецца як гатовае.

Слоўнікавы склад пэўнай мовы з’яўляецца яго лексікай. Лексіку вывучаюць лексікалогія, граматыка, фразеалогія, стылістыка і іншыя лінгвістычныя дысцыпліны. Фіксацыяй і сістэматызацыяй лексікі займаецца лексікаграфія[1].

Агульная характарыстыка

[правіць | правіць зыходнік]

Слова мае свае сталыя прыметы. Яно характарызуецца ўстойлівай фанетычнай аформленасцю, наяўнасцю аднаго (асноўнага) націску, гукавой непранікальнасцю (немагчымасцю ўставіць у сярэдзіну аднаго слова іншае). Устойлівасць слова выяўляецца ў пастаянстве гукавога складу, марфемнай будовы і значэння. Ізаляванасць слова як назвы і носьбіта цэласнага значэння выяўляецца ў магчымасці вычленіць яго з кантэксту.

У якасці структурнай адзінкі мовы слова характарызуецца як гук ці спалучэнне гукаў. Яму ўласціва семантычная ідыяматычнасць (умоўнасць сувязі гукавога комплексу з пэўным значэннем)[1]. У структурных адносінах слова складаецца з марфем, ад якіх адрозніваецца аўтаномнасцю і свабодным узнаўленнем у мове, з’яўляецца матэрыялам для канструявання сінтаксічных адзінак[2].

Словы выконваюць намінатыўную (назыўную) функцыю ў мове, называючы прадметы, з’явы, дзеянні, прыметы або выражаюць розныя адносіны паміж імі, і такім чынам служаць сродкам фарміравання і выказвання думкі. Таму ў мове пераважаюць самастойныя (паўназначныя) словы (назоўнікі, прыметнікі, лічэбнікі, займеннікі, дзеясловы, прыслоўі). З іншага боку, службовыя словы (прыназоўнікі, злучнікі, часціцы) не выконваюць намінатыўнай функцыі і не маюць лексічнага значэння, а толькі звязваюць словы ў словазлучэнні і сказы, надаюць словам або сказам пэўныя сэнсавыя, мадальныя і эмацыянальныя адценні.

Разам з назыўным, слова можа мець і экспрэсіўна-ацэначнае значэнне, даючы ацэнку прадметам, з’явам, прыметам, дзеянням, і такім чынам выражаць пачуцці, эмоцыі, адчуванні ўдзельніка моўных зносін, паказваць яго адносіны да выказанай думкі ці ўспрынятай інфармацыі.

У творах мастацкай літаратуры, асабліва ў паэзіі, мастацка-выяўленчая і экспрэсіўная выразнасць слова падкрэсліваецца і ўзмацняецца гукавой арганізацыяй мовы. На гукавой сугучнасці слова і іх частак заснаваная рыфма і асобныя віды эўфаніі (алітэрацыя, анафара, асананс, гукаперайманне, эпіфара)[1].

Значэнне слова

[правіць | правіць зыходнік]

Слова мае граматычнае і лексічнае значэнні. Граматычнае значэнне характэрна для цэлага класа слоў (напрыклад, катэгорыі роду, ліку, склону — для назоўнікаў, а трыванне, лад, час, спражэнне — для дзеясловаў), лексічнае значэнне з’яўляецца індывідуальным і ўласціва канкрэтнаму слову (імбрычак — чайнік для заваркі чаю; фурман — чалавек, які кіруе коньмі ў запрэжанай павозцы, вазак)[2].

Аб’ядноўваючы ў сабе абодва значэнні, слова належыць да пэўнай часціны мовы і прадстаўляе сабой сукупнасць усіх граматычных формаў (шалік, шаліка, шаліку, шалікам)[2].

Разнастайнасцю функцый слова тлумачыцца дыялектычнае спалучэнне ў ім канкрэтнага і агульнага, прамога і пераноснага значэнняў, наяўнасць іх розных эмацыянальна-экспрэсіўна-ацэначных і стылістычных адценняў, якія набывае слова ў працэсе функцыянавання ў літаратурнай і гутарковай мове. Спалучэнне прамога (устойлівага) і пераноснага (зменлівага) у семантыцы слова дае магчымасць дасягаць узаемаразумення паміж усімі носьбітамі пэўнай мовы, выкарыстоўваць слова як адзінку наймення новых прадметаў і з’яў, як фактар стварэння яркіх вобразна-выяўленчых сродкаў у мове мастацкай літаратуры. На ўжыванні слова ў пераносным значэнні заснаваны метафара, метанімія, перыфраза, сінекдаха, сінестэзія. Зменлівы элемент значэння ляжыць у аснове мастацкіх прыёмаў адлюстравання рэчаіснасці (аксімаран, алегорыя, іронія, увасабленне)[1].

Па семантычнай прыкмеце вылучаюць словы[2]:

  • адназначныя (ганчар, нагарнуць) і шматзначныя (зямля, хлеб),
  • свабодныя (мазанка, чароўны) і фразеалагічна звязаныя (бібікі — бібікі біць, блынды — блынды правіць).

Па спосабе намінацыі вылучаюць словы[2]:

  • знамянальныя,
  • службовыя,
  • выклічнікі.

Па фанетычным крытэрыі[2]:

  • аднанаціскныя (ланцуг, прарок),
  • ненаціскныя (службовыя),
  • шматнаціскныя (збожжасховішча, двухбаковы).

У граматычных адносінах адрозніваюць словы[2]:

  • зменныя (назоўнікі, прыметнікі, лічэбнікі, дзеясловы) і нязменныя (прыслоўі, мадальныя словы, службовыя словы, выклічнікі),
  • вытворныя (касцельны, веянне) і невытворныя (хваля, піць).

У слове вылучаюць два бакі: план выражэння (знешняя форма) і план зместу (значэнне). Сувязь паміж гэтымі бакамі ў пэўны перыяд існавання мовы можа быць матываванай (напрыклад, снягір, лістапад) і нематываванай (рука, маці)[1].

  1. 1 2 3 4 5 Слова // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 10. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
  2. 1 2 3 4 5 6 7 Слова // Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: У. У. Андрыевіч (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2015. — Т. 6. — С. 359. — 486 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0889-9.
Лагатып Вікіслоўнікі
Лагатып Вікіслоўнікі
  • Сучасная беларуская мова: Вучэб. дапам.. — Мн. : Выш. школа, 2006. — 559 с. ISBN 985-06-1140-5.С.103,104.