Ежы Орда

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ежы Орда
Род дзейнасці гісторык
Дата нараджэння 20 сакавіка 1905(1905-03-20)[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 8 чэрвеня 1972(1972-06-08) (67 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Бацька Караль Орда[d]
Маці Марыя са Смолькаў[d]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ежы Орда (20 сакавіка 1905, Навашыцы — 8 чэрвеня[3] 1972, Вільнюс) — польскі гісторык культуры, архівіст, грамадскі дзеяч[4], «віленец па выбары», «інтэгральны гуманіст», «чалавек парадоксу», «анархіст у духу святога Аўгусціна» і гід па Вільні.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Навашыцы[правіць | правіць зыходнік]

Пачатак дзяцінства правёў у радавым маёнтку Навашыцы Кобрынскага павета[5].

Ежы Орда па мацярынскай лініі быў унукам львоўскага гісторыка Станіслава Смолькі[pl][6], даследчыка гісторыі Сярэднявечча і Новага часу. У 1899 Марыя ў дзявоцтве Смолькава выйшла замуж за Караля Орду (1871—1914), якому належалі некалькі маёнткаў на Палессі, у тым ліку Навашыцы. У гэтай сядзібе падчас Студзеньскага паўстання хаваўся Рамуальд Траўгут[7]. Станіслаў Смолька правёў апошнія гады свайго жыцця ў Навашыцах і быў пахаваны ў 1924 у Янаве пад Пінскам.

Меў двух братоў — Тадэвуша і Вітальда. Вітольд браў удзел у вераснёвай кампаніі 1939 года, загінуў у лагеры для ваеннапалонных у 1944 годзе[8].

Варшаўскі перыяд[правіць | правіць зыходнік]

У 1917 разам з братамі і сёстрамі выехаў у Варшаву, дзе жыў на вуліцы Гожа, 32. Працягваў адукацыю ў гімназіі Войцеха Гурскага ў Варшаве ў 1916—1923. З 1923 два гады вывучаў гісторыю ў Варшаўскім універсітэце. Падчас вучобы ў Варшаўскім універсітэце ён пасябраваў з дырэктарам Архіва Асветы Вінцэнтам Лапаціньскім і ўступіў у канфлікт з прафесарам Марцэлі Гандэльсманам[9]. Прычынай спрэчкі стаў пратэст Орды супраць прынцыпу калектыўнай адказнасці.

Віленскі ўніверсітэт[правіць | правіць зыходнік]

З-за канфлікту ў 1926 Ежы Орда пераехаў у Вільню і працягнуў навучанне ў Віленскім універсітэце Стэфана Баторыя, вывучаючы гісторыю і мастацтвазнаўства[10]. Быў вучнем Казіміра Хадыніцкага і Станіслава Касцялкоўскага[4]. З 1928 г. публікаваўся ў навуковым гістарычным часопісе «Ateneum Wileńskie» і акадэмічным часопісе «Alma Mater Vilnensis» (з 1928 працаваў там у рэдакцыі як прадстаўнік гісторыкаў)[9].

З 1927 быў абраны старшынёй кола студэнтаў-гісторыкаў універсітэта Стэфана Баторыя, там па яго ініцыятыве была створана асобная секцыя па вывучэнні Вільні, мэтай якой было ўпарадкаванне бібліяграфіі Вільні, а таксама падрыхтоўка гуртка гідаў па гораду[11].

У 1933 далучыўся да тэатральнай студыі Ірэны Брыльскай пры Віленскім тэатры. Канцэптуальна дапамагаў са стварэннем сцэнаграфіі[12].

Абараніў доктарскую працу «Пінск, яго пачаткі, тапаграфія і нарыс гісторыі да сярэдзіны XVIII стагоддзя» пад кіраўніцтвам Станіслава Касцялкоўскага ў 1932[10].

Пасля заканчэння вучобы працаваў бібліятэкарам у Інстытуце Усходняй Еўропы ў Вільні, а з 1935 года — у Дзяржаўным архіве ў Вільні.

Пісаў артыкулы для левага часопіса Генрыка Дэмбіньскага і Стэфана Ендрыхоўскага «Poprostu», некаторы час уваходзіў у рэдакцыю. Часопіс «Poprostu» меў выразную марксісцкую арыентацыю, фінансаваўся Камуністычнай партыяй Польшчы. Часопіс прынцыпова выступаў супраць асіміляцыі беларусаў, беларускі аддзел у рэдакцыі ўзначальваў Максім Танк[11]. Паколькі Орда не быў ні марксістам, ні прыхільнікам сацыялізму, ён пакінуў часопіс. Калі пазней на судзе над заснавальнікамі часопіса яго спыталі аб яго палітычных поглядах, ён адказаў: «Я анархіст у духу святога Аўгусціна».

Ваенны час[правіць | правіць зыходнік]

Пасля таго, як Вільня была занята Чырвонай Арміяй, быў вымушаны працаваць рабочым у гарадскіх садах, утрымліваў сябе таксама рэпетытарствам. Доўгі час быў беспрацоўным. Публікаваў артыкулы ў «Prawda Wileńska», за што падвяргаўся нападкам у падпольным друку. Займаўся тайным выкладаннем[6].

Падчас нацысцкай акупацыі ён працягваў чытаць лекцыі ў тэатральнай студыі, але ў падполлі. Сярод навучэнцаў студыі была Ганна Скаржанка. Пасля вайны студыя была прызнана Асацыяцыяй польскіх сцэнічных дзеячаў эквівалентам дзяржаўнай тэатральнай школы[13].

Пасля паўторнага заняцця Вільні Чырвонай Арміяй са згоды польскага падполля застаўся ў Вільні і ўладкаваўся на працу ў Дзяржаўны гістарычны архіў, а затым у гарадскі архіў[14].

Пасляваенны перыяд[правіць | правіць зыходнік]

Пасля заканчэння вайны не меў рэгістрацыі і працы. Вырашэннем сітуацыі аказалася фіктыўны шлюб 17 кастрычніка 1945 з манашкай-візіткай Геленай Зяновіч (1906—1986), з якой яны апекаваліся шасцю сіротамі. Трое з гэтых дзяцей былі габрэямі, якіх яны выратавалі ад халакосту. У 1992 Гелена Зяновіч была ўганаравана званнем Праведнік народаў свету. Ежы Орда таксама дапамог выратаваць хворую на тыф габрэйку Хаю Траевіцкую[15].

У пачатку 1950-х гадоў (некаторыя крыніцы кажуць пра снежань 1949 года[16]), пасля таго як Орда адмовіўся праходзіць настрыфікацыю сваёй навуковай ступені, што прадугледжвала іспыт па марксізме-ленінізме, ён быў звольнены з працы. Працаваў дворнікам. У 1950 годзе ён уладкаваўся ў Акадэмію навук Літвы грузчыкам, фактычна займаўся навуковай працай. У той час ён напісаў «Гісторыю Вялікага Княства Літоўскага», якую пад сваім імем на літоўскай мове без пазначэння сапраўднага аўтара выдаў прафесар Юозас Жугжда[17].

Толькі ў маі 1958 ён уладкаваўся на працу ў Цэнтральны гістарычны архіў Літоўскай ССР на пасаду старшага навуковага супрацоўніка, дзе працаваў да 1972. Займаўся аналізам дакументаў і навучаннем кадраў[18].

На працягу чатырох гадоў ён кіраваў створаным ім у складзе Інстытута педагогікі паэтычным тэатрам, які выхоўваў настаўнікаў для польскіх школ. Быў сузаснавальнікам гурта песні і танца «Вілія» (Wilia)[19].

Пахаваны на могілках Росы ў Вільні. Па ініцыятыве Уладзіслава Коркуця дзякуючы грамадскім зборам на магіле быў усталяваны помнік з надпісам Станіслава Якуціса: «Памяці чалавека навукі, гуманіста, вялікага знаўцы гісторыі Вільня, аматар тэатра і фальклору, застанецца ў сэрцах сям’і, ансамбля Wilia, супрацоўнікаў і ўсіх жыхароў і сяброў Вільні». Аўтарам праекту надмагілля з’яўляецца віленскі журналіст і паэт Войцех Пятровіч. І дзень нараджэння, і дзень смерці на помніку пазначаны няправільна[5]. Няправільная дата смерці фігуруе нават у навуковых даследаваннях (напрыклад, 6 чэрвеня 1972 года[20]).

Памяць[правіць | правіць зыходнік]

Ён стаў прататыпам персанажа Мурзы-Мурзіча ў аўтабіяграфічным рамане Ежы Путрамента «Рэчаіснасць»[21]. Узгадваў яго таксама Чэслаў Мілаш у «Іншым алфавіце»[22]:

Гэты нашчадак вядомага арыстакратычнага роду быў маленькім чалавечкам з яйкападобнай, амаль лысай, нягледзячы на ​​юны ўзрост, галавой — такім блізарукім, што насіў тоўстае шкло, выпуклыя, нібы акуляры вадалаза. У ягонай знешнасці і манеры паводзінаў было нешта смешнае людзей, і ў Вільні трыццатых гадоў ён слыў асобай пацешнай і эксцэнтрычнай. У той жа час немагчыма было ўявіць сабе, каб яго хвалявалі авангардныя ці левыя ідэі, каб ён быў адным з нас — у «Жагарах», на выбарах у «Братняках» у 1931 годзе ці ў групе Дэмбінскага і яго часопісе «Папросту». Ён быў старэйшы за нас усяго на пару гадоў, але тым не менш карыстаўся прывілеямі старэйшыны і стаяў у баку ад усіх гэтых пачынанняў. Гэта ён, выступаючы сведкам на працэсе Дэмбінскага і таварышаў у 1936 годзе, на пытанне, якія яго палітычныя погляды, з сур’ёзным выглядам падняў палец і адказаў: «Анархіст». А затым дадаў: «У духу святога Аўгусціна». Кніжны чарвяк, эрудыт. Не памятаю, дзе ён вучыўся. Здаецца, у яго быў дактарат па гісторыі. Яго сапраўднай спецыяльнасцю, любоўю і прафесіяй была сталіца Вялікага княства Літоўскага, Вільня, яе мінулае і архітэктура. Магчыма, у іншых гарадоў таксама ёсць даследнікі, якія закаханыя ў старыя камяні і сядзяць круком над летапісамі. Вільня здабыла свайго знаўцу і прыхільніка ў асобе доктара Ежы Орды. А паколькі ён вёў аскетычны лад жыцця, маючы патрэбу толькі ў самым неабходным, то здавалася, што ніякія кар’ерныя спакусы не адарвуць яго ад папер і кніг[23].

Ганна Еджыхоўская так яго ўзгадвала:

Так званыя бытавыя ўмовы яго ніколі не хвалявалі, быў улюбёны ў віленскія касцёлы, асабліва святых Пятра і Паўла[24]

23 лістапада 2022 года ў віленскай Нацыянальнай мастацкай галерэі адбылася прэм’ера дакументальнага фільма Ілоны Левандоўскай «Анархіст у духу святога Аўгусціна»[25].

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Bibliothèque nationale de France Jerzy Orda // data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011.
  2. Bibliothèque nationale de France BnF catalogue généralParis: BnF. Праверана 27 сакавіка 2017.
  3. Bibliograficzna baza danych biblioteki Архівавана 3 студзеня 2018. Uniwersytetu Jagiellońskiego.
  4. а б Słownik…, s. 383.
  5. а б Jegelevičius 1999, s. 44.
  6. а б Słownik….
  7. Zagałowa 1999.
  8. Jegelevičius 1999.
  9. а б Zagałowa 1999, s. 13.
  10. а б Jegelevičius 1999, s. 45.
  11. а б Patryk Tomaszewski. Uniwersytet Stefana Batorego w Wilnie w latach 1919—1939. Wydawnictwo Naukowe UMK, 2022.
  12. Zagałowa 1999, s. 14–15.
  13. Zagałowa 1999, s. 24.
  14. Sławińska 1999, s. 66.
  15. Zagałowa 1999, s. 27.
  16. Jegelevičius 2005, s. 120.
  17. Zagałowa 1999, s. 32.
  18. Zagałowa 1999, s. 34–35.
  19. Zagałowa 1999, s. 37.
  20. Jegelevičius 2005, s. 121.
  21. Putrament 1969, s. 330.
  22. Miłosz 1998, s. 112–114.
  23. Чеслав Милош. Азбука // ВикиЧтение.
  24. Anna Jędrychowska. Zygzakiem i po prostu. Warszawa: Czytelnik, 1965. S. 251.
  25. Film dokumentalny o dr. Jerzym Ordzie «Anarchista w duchu św. Augustyna» Архівавана 26 лістапада 2022.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]