Жылыя дамы (Навагрудак)
Жылыя дамы — помнікі дойлідства XIX — пачатку XX ст. ў Навагрудку. Вылучаецца жылая забудова вул. Замкавай і Гандлёвай плошчы (сучасная пл. Леніна). У другой палове XIX ст. на вул. Замкавай былі ўзведзены дамы № 3, 7, 9, 13, 15, якія ўтвараюць своеасаблівы ансамбль з рысамі барока і позняга класіцызму.
Дом № 3 — двухпавярховы прамавугольны ў плане мураваны будынак накрыты вальмавым дахам. Сцены гладкія, прарэзаныя прамавугольнымі аконнымі праёмамі (з абрамленнямі на другім паверсе). З-за рознасці ўзроўняў рэльефу будынак у тарцовай частцы мае цокальны паверх, умацаваны масіўнымі кутнімі контрфорсамі. Цяпер у будынку размешчаная адміністрацыйная ўстанова.
Дамы № 7 і 9 — мураваныя будынкі з агульнай унутранай сцяной. Дом № 7 двухпавярховы, калідорнага тыпу (частка памяшканняў на першым паверсе адведзеная пад гандлёвую ўстанову). Дом № 9 аднапавярховы, планіроўка анфіладная. Выкарыстоўваецца пад жылья. Абодва будынкі маюць прамавугольныя вокны, прафіляваныя сандрыкі над вокнамі, вуглы раскрапаваныя пілястрамі.
Дамы № 13 і 15 — мураваныя, аднапавярховыя, прамавугольныя ў плане, злучаны паміж сабой. Галоўныя тарцовыя фасады выходзяць на вул. Замкавую, завершаныя трохвугольнымі франтонамі. Аконныя праёмы дома № 13 дэкарыраваныя сандрыкамі.
Дом № 4 — мураваны аднапавярховы будынак з мансардай. Складаецца з дзвюх частак: паўднёвай, пабудаванай у першай палове XIX ст. (у плане — квадрат), і паўночнай, прыбудаванай у канцы XIX ст. (у плане — выцягнуты прамавугольнік). Галоўны фасад (паўднёвы, выходзіць на вул. Гродзенскую) завершаны трохвугольным шчытом. Просты прафіляваны карніз абрамляе франтон, у цэнтры якога два невялікія аконныя праёмы, над імі — дахавае акно, злева — круглы праём.
Дом № 5 — мураваны аднапавярховы будынак з мансардай. Пабудаваны ў сярэдзіне XIX ст. фасад мае плоскаснае рашэнне і завершаны трохвугольным шчытом з дзвюма прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў простых ліштвах, над імі — дахавае акно з трохвугольным завяршэннем.
Дом № 9 — мураваны аднапавярховы прамавугольны ў плане будынак з мансардай. Пабудаваны ў першай палове XIX ст. Капітальнай сцяной падзелены на две часткі — жылую і гандлёвую. У дэкаратыўнай аздобе франтону выкарыстаныя элементы стылю барока. Цэнтральны аконны праём франтону з накладнымі ляпнымі дэталямі: две плоскія пілястры аб'яднаныя гірляндай у выглядзе стылізаванай кветкі.
Гістарычная забудова вул. Замкавай і пл. Леніна — помнік рэспубліканскага значэння.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх