Загадка
Зага́дка — фальклорная мініяцюра, якая ў форме пытання падае іншасказальнае вобразнае апісанне пэўных прадметаў ці з'яў. Іншасказальнасць у загадцы звычайна ствараецца з дапамогай розных тропаў: метафар, увасабленняў, метанімій, алегорый, параўнанняў і інш. (Поўна бочачка віна, нідзе дзірачкі няма. — Яйка; Кругленькае, чорненькае, да неба дакінеш. — Вока). Загадкі развіваюць назіральнасць, лагічнае мысленне, вобразнае ўяўленне, кемлівасць чалавека, вучаць яго разумець паэтычнае іншасказанне. Як слушна падкрэслівае аўтар кнігі «Паэтыка беларускіх загадак» Н. Гілевіч, загадка «ёсць паэтычны вобраз, можна сказаць — паэзія ў «чыстым» выглядзе, адзін з яе важнейшых першаэлементаў, без чаго яна перастае быць сама сабою, перастае быць мастацтвам». У народных загадках увасоблены шырокі і арыгінальны погляд народа на прыроду, грамадства, навакольны свет. Што да формы, то карыстаюцца яны як празаічнай, так і вершаванай мовай, вершам белым і рыфмаваным. Па ўзоры народных некаторыя паэты (В. Жуковіч, М. Чарняўскі і інш.) пішуць літаратурныя загадкі
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік — 3-е выд., дапрац. і дапоўн.. — Мінск: Беларуская навука, 2004. — 576 с. — 2000 экз. — ISBN 985-08-0598-6.
- Рагойша В. П. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2001. — 384 с. — 1000 экз. — ISBN 985-11-0197-4.
![]() |
Гэта пачатак артыкула пра літаратуру. Вы можаце дапамагчы праекту, выправіўшы і дапоўніўшы яго. |