Заканадаўства па музейнай справе і ахове помнікаў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Заканадаўства па музейнай справе і ахове помнікаў (Законодательство по музейному делу и охране памятников, Museum and Protection of Monument Legislation) — сукупнасць дзяржаўных актаў, норм адміністрацыйнага, крымінальнага і грамадзянскага права, а таксама службовых палажэнняў і інструкцый, якія рэгулююць працэс аховы і выкарыстання гісторыка-культурнай спадчыны.

Першыя заканадаўчыя акты аб ахове помнікаў з’явіліся яшчэ ў эпоху антычнасці, напрыклад эдыкт рымскага імператара Маёрана (457 г. н.э.), які забараняў пад пагрозай суворага пакарання разбіранне старажытных будынкаў. У 1534 г. быў прыняты ўказ аб забароне вывазу з Папскай вобласці (Італія) твораў мастацтва. На працягу ХІХ ст. законы аб ахове помнікаў прымаюцца ў многіх краіных Еўропы — Швецыі (1867), Балгарыі (1868), Вялікабрытаніі (1882), Францыі (1887), Ірландыі і Румыніі (1892).

Падпісанне Пакта Рэрыха ў Белым Доме, Вашынгтон, ЗША. 15.04.1935 г.

Пытанне аб неабходнасці аховы помнікаў у міжнародным маштабе ўпершыню быў пастаўлены на І (1899) і ІІ (1907) Гаагскіх канферэнцыях міру і замацавана ў Пакце Рэрыха (1935). Пасля ІІ сусветнай вайны міжнародная заканадаўчая ініцыятыва у галіне музейнай справы і ахове помнікаў перайшла да ЮНЭСКА і іншых неўрадавых арганізацый (ІКОМ) і (ІКОМОС).

Першыя заканадаўчыя акты па аховы помнікаў на беларускіх землях былі прынятыя на працягу ХІХ — пачатку ХХ стст. у рамках агульнаімперскага заканадаўства і тычыліся як нерухомай спадчыны, так і музейных прадметаў. Асноўнымі дарэвалюцыйнымі актамі былі цыркуляры міністэрства ўнутраных спраў, артыкулы крымінальнага заканадаўства (1864), будаўнічага статута (1857), статут духоўнай кансісторыі, а таксама палажэнне аб Імператарскай Археалагічнай камісіі (1859). У іх змяшчаліся ўказанні па абыходжанню са старажытнасцямі і гістарычнымі будынкамі, іх выяўленню і рэгістрацыі, забаранялася кладашукальніцтва і разрыццё старажытных магіл. Агульны нагляд за помнікамі быў ускладзены на міністэрства ўнутраных спраў.

Пасля ўсталявання савецкай улады заканадаўчая дзейнасць у галіне аховы помнікаў атрымала новы напрамак. У верасні-снежні 1918 г. былі выдадзены дэкрэты СНК РСФСР “Аб забароне вывазу і продажы за мяжу прадметаў асаблівай мастацкай і гістарычнай значнасці” і “Аб рэгістрацыі, прыёме на ўлік і ахове помнікаў мастацтва і старажытнасці, якія знаходзяцца ва ўласнасці прыватных асоб, таварыстваў і ўстаноў”, якія мелі на мэце ўсталяванне татальнага кантролю за ўсімі культурнымі каштоўнасцямі аж да адчуджэння іх на карысць дзяржавы (гэтыя дэкрэты адразу ж пачалі дзейнічаць у т. л. і ва ўваходзіўшых у склад РСФСР Віцебскай і Магілёўскай губернях).

Першым беларускім дзяржаўным актам у адносінах да рухомых і нерухомых помнікаў была пастанова СНК БССР ад 1923 г. “Аб рэгістрацыі, прыёму на ўлік і ахове помнікаў мастацтва, мінуўшчыны, побыту і мясцовасцей прыроды, якія з’яўляюцца ўласнасцю ўстаноў і таварыстваў, а таксама прыватных асоб”, які на доўгі час вызначыў правіла абыходжання з помнікамі ў БССР.

У пасляваенны час першым важным беларускім дзяржаўным актам у галіне стаў Закон “Аб ахове помнікаў культуры” (1969), які, аднак, не змог эфектыўна прадухіліць разбурэнне помнікаў. У 1978 г. ЦК КПБ і СМ БССР прынялі пастанову “Аб стане і мерах паляпшэння аховы помнікаў гісторыі, мастацтва і архітіэктуры ў БССР”, адпаведна якой у рэспубліцы былі створаны чатыры архітэктурна-археалагічных запаведніка, дзяржаўная інспекцыя па ахове помнікаў і навукова-рэстаўрацыйныя вытворчыя майстэрні (раней адказнасць за захаванне нерухомых, як і рухомых помнікаў неслі музеі). У адносінах да рухомай гісторыка-культурнай спадчыны найважнейшым заканадаўчым актам у савецкай гісторыі была пастанова СМ СССР “Аб музейным фондзе Саюза ССР” (1965). Большасць пазіцый апошняга выканана не была з-за складанасцей пастаўленых задач.

У 1990-пачатку 2000 гг. у Рэспубліцы Беларусь быў прыняты шэраз законаў і нарматыўных актаў, якія рэгулююць адносіны ў сферы культуры, у т.л. музейнай справы і аховы помнікаў. З 1991 г. прававыя адносіны ў краіне ў галіне культуры базаваліся на Законе “Аб культуры ў Рэспуліцы Беларусь”. У 1992 г. уступіў у дзеянне Закон РБ “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны”.

Важнай складанай часткай заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны краіны стаў прыняты ў 1996 г. Закон “Аб музеях і Музейным фондзе РБ” (з 2005 г. у новай рэдакцыі). Закон рэгулюе прававывя адносіны ў сферы фарміравання, захавання, дзяржаўнага ўліку і выкарыстання музейнага фонда, а таксама вызначае асаблівасці стварэння і прававое палажэнне музеяў у РБ як некамерцыйных устаноў культуры.

У 2011 г. закон быў дапоўнены артыкуламі аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны і аб музеях-запаведніках. У 2016 г. ён ўвайшоў у склад Кодэкса аб культуры РБ і стаў яе арганічнай часткай.