Зянон Якуць

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Зянон Якуць
Адукацыя
Нараджэнне 22 студзеня 1894(1894-01-22)
Смерць 3 студзеня 1924(1924-01-03) (29 гадоў)
Пахаванне

Зянон Якуць (22 студзеня 1894 — 3 студзеня 1924) — каталіцкі святар заходняга абраду, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX стагоддзя, душпастыр.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў засценку Скурцішкі Новааляксандраўскага павета Ковенскай губерні. Паходзіў з сялянскай сям’і: бацькі — Ян і Юзэфа (з дому Гасянцоў) Якуці.

У 1909—1912 ггадах вучыўся ў Відзаўскім гарадскім 4-класным вучылішчы, дзе скончыў поўны курс навучання. Паспяхова здаў экзамен на званне аптэкарскага вучня ў снежні 1912 года і атрымаў пасведчанне з Пецярбургскай навучальнай акругі. Вучыўся ў Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. Прымаў удзел у дзейнасці беларускага культурна-асветнага гуртка студэнтаў-семінарыстаў. Пасвячоны ў святары ў 1919 годзе.

З беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам звязаны з часоў вучобы ў Вільні. У 1920—1924 гадах выконваў святарскія абавязкі ў парафіі Шаркаўшчына Дзісенскага дэканата. Ад пачатку душпастырскай дзейнасці свядома і паслядоўна праводзіў беларусізацыю рымска-каталіцкай царквы ў парафіях з беларускім насельніцтвам. Звяртаўся да вернікаў з казаннямі і праводзіў катэхізацыю дзяцей на беларускай мове. Пахаваны на парафіяльных могілках у Шаркаўшчыне.

У канцы 1920-х гадоў, акрэсліваючы месца і ролю Зянона Якуця ў беларускім хрысціянскім руху XX стагоддзя, адзін з яго лідараў, Адам Станкевіч, напісаў:

" Калі ўспамінаць далей аб кс. З. Якуцю як аб беларусу, дык трэба сказаць, што быў ён ідэальным прыкладам сваім калегам ксяндзам, як нязвычайна прыгожа зыходзяцца з сабой між беларускага народу духоўная пастырскасць і беларускасць. Кс. З. Якуць быў тыповы ксёндз-беларус. Ён глыбока разумеў важнасць беларускага адраджэння, цаніў яго і прыкладаў да роднай справы ўсе свае сілы. "

Успамін[правіць | правіць зыходнік]

На смерць Зянона Якуця Казімір Сваяк напісаў верш:

О, Браце мой у долі і нядолі!
Паверыў я, што лёг ты ў магілу,
Бо-ж сумна так стагнаў твой дух ад болі,
Што твой народ згубіў айчыну мілу…
Так верыў ты, што час свабодны прыйдзе,
Дух божы ўвыш народ з працьмы падойме,
Нячыстага аддасьць навек агідзе,
Нас зорам дабраты адвечнае абойме —
Любіў народ ты, Браце, сэрцам цэлым
І зразумеў яго бяду духову;
Вучыў яго, ад горачы збалелы,
Каб уміраць і жыць заўсёды быў гатовы.
Ты адышоў, згарэўшы як афяра,
За наш народ, — за вечную ідэю
Яго душы: пражыці не як мара
На сьвеце бед, а мець надзею
Здабыць той зьніч з грудзей самога Бога,
Што шчасьце дасьць жывому чалавеку…
Ах, цяжкая туды, Браток, дарога, —
Хоць значана нам Божанькай спрадвеку.
Агонь ты нёс і сьветачам быў зорным,
Гарэў пламенна цэлаю істотай, —
Прад Богам быў і кволы і пакорны,
Людзям служыў з анельскаю ахвотай.
О, будзь шчасьліў!.. бо ты жывеш — я веру,
Хоць пад дзярном галоўка супачыла…
І я сабе магілу ўжо адмеру,
Ах, бо мяне зьнямога асіліла.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]