Кальвінскі збор (Мінск)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Кальвінскі збор
Краіна
Месцазнаходжанне
Першае згадванне 1596
Дата заснавання 1596
Дата скасавання 1748

Meнcкi кальвiнскi збор — рэлігійная грамада і культавае збудаванне XVI—XVIII стст. у Менску.

Упершыню згаданы ў 1596 годзе ў данацыі князя Жыжэмскага. Размяшчаўся на рагу Высокага Рынку (цяпер плошча Свабоды) і вуліцы Зборавай (цяпер Інтэрнацыянальная), уласна ад збору і названай. У 1601 годзе менскі магістрат абураўся, што кальвінская грамада «невядома якім правам» заняла некалькі пляцоў на рагу рынка, збудавала там сваю «царкву» і пасяліла побач рамеснікаў, а ніякіх павіннасцей на карысць горада не нясе.

У 1596 годзе pэчыцкi староста, князь Яраш Жыжэмскі надаў збору сенажаць «на вазоў дзясятак» за Свіслаччу каля Буркалаўскага броду і пяць ніў «на 10 бочак» каля Уборак, а таксама дом у Менску, пляц з домам і гаспадарчымі пабудовамі былі на Юраўскай вуліцы, а агарод цягнуўся да самай Свіслачы. Аднак, у збору не было сталага ўплывовага і багатага патрона, часта даводзілася шукаць сродкі на ўтрыманне. У 1616 годзе меркавалася перадаць частку грошай завешчаных князем Стэфанам Горскім віленскаму кальвінскаму збору, на патрэбы збору ў Meнску і купіць фальварак, каб з даходаў падрыхтаваць святара і настаўніка («міністра і бакалаўра»). У 1617 годзе духоўныя асобы вымушана звярнуліся да патронаў з просьбай забяспечыць збор і яго святароў належным утрыманнем. Сярод тых, хто ахвяраваў тады сродкі былі кашталян віленскі Януш Радзівіл, Mікалай Тальваш, Іеранім Жыжэмскі, Астафій Храпавіцкі і яго маці.

У 1627 годзе на партыкулярным сінодзе Беларускага дыстрыкту абмяркоўвалася ўзвядзенне новага будынка збору ў Менску. Тым часам дзейнічала забарона на будаўніцтва новых збораў у гаспадарскіх гарадах, таму грамада магла толькі аднаўляць стары будынак, што з ім сталася і ў якім ён быў стане не вядома. На гэта Крыштаф Радзівіл даваў дрэва, цэглу і вапну, менскі пісар Мікалай Вяжэвіч даў звон, абяцаў даць каменю і пабудаваць кафедру, Ян Цадpоўcкi даў скрыню шкла. За фінансавымі справамі збору было даручана наглядаць Мікалаю Немсту і Яну Цадроўскаму. Таксама збор атрымліваў данацыі ад мясцовай шляхты — дом на вуліцы Зборавай запісала пані Салагубава, дом на зборавым пляцы — Ян Пратасовіч з жонкай, дом на вуліцы Лошыцкай — менскі зямянін Ян Віхароўскі, 200 коп грошай завяшчаў пан Ян Яноўскі. У 1653 годзе менскія зямяне пратэкцыяй віленскага ваяводы Януша Радзівіла вылучылі 10 коп грошай на зборавы шпіталь.

Тым часам, у 1648 годзе менскі казнадзей Павел Лазаровіч скардзіўся на мяшчан Зборавай вуліцы, што нападалі на збор і яго фальварак, збівалі людзей, забіралі быдла. У 1652 годзе на Віленскім сінодзе адзначалася, што пан Храптовіч заворвае дарогі каля менскага збору, забірае сенажаці і пашы.

Напэўна збор спалены падчас вайны 1654—1667 гадоў, менавіта пра спаленне казалі на зборавых сесіях 1670 года. Паводле матэрыялаў рэвізіі 1669 года, менская кальвінская грамада не мела ні храма, ні звона, ні памяшкання для святара, толькі невялікую капліцу з дзіравым дахам. Тым самым часам збору належала грашовых запісаў на суму больш за 10 тысяч злотых і зямельныя ўгоддзі, але капітал амаль не прыносіў даходу. На зборавых сесіях 1670 года ў Менску разглядаліся пытанні фінансавання аднаўлення, прапаноўвалі аддаць у заставу частку зямельных уладанняў. Некаторы час весці набажэнствы ў Менск прыязджаў казнадзей з Койданава.

У 1714 годзе Віленскі сінод вырашыў прадаць юрыдыку менскага збору, аднак, гэта пытанне вырашалася ў менскім земскім судзе і менскім магістраце яшчэ і ў канцы ХVІІІ ст. Вядома данацыя на менскі збор менскага чашніка Багуслава Цадроўскага ў 1746 годзе, такім чынам, менская кальвінская грамада яшчэ была тым часам. Аднак, у спісе збораў Вялікага Княства Літоўскага 1748 года збор у Менску ўжо не згадваецца. Яшчэ ў 1808 годзе зборавая юрыдыка ў Менску належала Віленскаму сіноду[1] і ўрэшце, пасля яе продажу, сродкі пайшлі на Койданаўскі збор, які дзейнічаў да 1-й сусветнай вайны.

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. Merczyng, Henryk. Zbory i senatorowie protestanccy w dawnej Rzeczypospolitej. -- 1904. (№ 86).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Merczyng H. Zbory i senatorowie protestanccy w dawnej Rzeczypospolitej. — Warszawa, 1904. — S. 91;
  • Івaнoвa Л. Асобы Менскага евангелічнага збору // Мінск і мінчане: дзесяць стагоддзяў гісторыі. Крыніцы па гісторыі горада. Сацыяльныя структуры і паўсядзённасць : (да 945-годдзя Мінска) : зборнік навуковых артыкулаў : [па матэрыялах дзвюх Міжнародных навуковых канферэнцый "Мінск і мінчане: дзесяць стагоддзяў на карціне гісторыі. Сацыяльныя структуры і паўсядзённасць", Мінск, 15–16 верасня 2011 г. і "Мінск і мінчане: дзесяць стагоддзяў на карціне гісторыі. Крыніцы па гісторыі горада", Мінск 6–7 верасня 2012 г. / укладальнік А. І. Груша ; рэдкалегія: А. А. Каваленя (старшыня) і інш.]. ― Мінск, 2012. — С. 129―132.
  • Івaнoвa Л. З гісторыі Менскага кальвінскага збору // Спадчына № 1, 2003.
  • Іванова Л. Менскі кальвінскі збор // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 291. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.