Капліца Найсвяцейшага Сэрца Ісуса (Рудня-Шлягіна)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Капліца Найсвяцейшага Сэрца Ісуса
Краіна  Беларусь
Месцазнаходжанне

Капліца Найсвяцейшага Сэрца Ісуса — колішняя каталіцкая капліца ў в. Рудня-Шлягіна Веткаўскага раёна.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У 1819 г. шляхціцамі Вярэйскімі ў Рудні-Шлягіне была пабудаваная капліца Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. З дазволу мітрапаліта Богуша-Сестранцэвіча капліцу перанеслі з двара Вярэйскіх на могілкі, якія знаходзіліся за чвэрць вярсты ад гаспадарчых пабудоў[1].

У 1860 г. жыхарамі Рудні-Шлягіна была пабудавана новая драўляная капліца, вядомая пад тытулам Сэрца Пана Езуса. Абслугоўвалася шлягінская капліца спачатку радужскімі святарамі, потым гомельскімі, а ў 1915—1922 гг. уласнымі капеланамі[1].

У 1910 г. у Рудні-Шлягіне пачалося будаўніцтва мураванага будынка, які меркавалася выкарыстоўваць як касцёл. Будаўніцтва вялося пры падтрымцы графа Мяльжынскага. Паколькі царскія ўлады непрыхільна ставіліся да будаўніцтва новых касцёлаў і капліц, то пачалі быццам бы плябанію, якую мусілі выкарыстоўвацца для набажэнстваў. Аднак гэта недапамагло. Як толькі быў зроблены фундамент, у вёску прыехаў станавы прыстаў і спыніў будаўніцтва. Так гэты фундамент і прастаяў да Першай сусветнай вайны, а вернікі былі вымушаныя пабудаваць на могілках невялікую капліцу. Да пачатку 1915 г. будаўніцтва ўсё ж завяршылі, але не былі выкананыя ўнутраныя работы. У 1915 г., калі ў вёску сталі прыбываць польскія бежанцы, у будынку размясціліся польскі бежанскі камітэт і дзіцячы інтэрнат. Бежанскі камітэт выдзеліў сродкі на завяршэнне ўнутраных работ[1].

У пачатку 1918 г. бежанцы выехалі ў Польшчу. У час украінскай акупацыі павета ў будынку мясцілася касцёльная рада. З 1918 г. тут таксама жыў ксёндз Лук’янін з братам Вінцэнтам — арганістам капліцы, потым — ксёндз Буйноўскі з сястрой, якая жыла ў будынку яшчэ на працягу месяца пасля арышту Буйноўскага. Пасля яе ад’езду ў будынку да 1924 г., па рашэнні грамады, жыў Іван Платонавіч Мохараў, які не меў уласнага жылля[1].

У 1923 г. старшыня сельсавета Марк Цімафеевіч Кацуба хацеў забраць гэтую камяніцу ў вернікаў, каб адкрыць у ёй хату-чытальню і змясціць камсамольскую ячэйку, але натыкнуўся на супраціў вернікаў. На адным са сходаў было прапанавана выкарыстоўваць будынак як капліцу. Вернікі падтрымалі гэту ініцыятыву. У чэрвені 1923 г. касцёльнае начынне з драўлянай капліцы было перанесена ў каменны будынак, у якім, каб мець магчымасць праводзіць набажэнствы, давялося зламаць грубку і перагародкі. З чэрвеня 1923 г. будынак выкарыстоўваўся як капліца. Да рудня-шлягінскай парафіі (філіі) у гэты час належалі вёскі Бесядзь, Гарысты, Іванькава, Утонька, Рудня-Гулева, а таксама вёска Рудня-Стаўбунская і аколіца Ухова, у якіх былі капліцы[1].

Існавала некалькі касцёльных гурткоў. Так, у Рудні-Шлягіне ў гуртку Ружанца ўдзельнічала 50 чалавек, у суседняй вёсцы Рудня-Гулева — 15 чалавек. Таксама існаваў гурток «тэрцыяраў», два гурткі Жывога Ружанца, у якія ўваходзілі выключна мужчыны (адзін называўся гуртком св. Ізідора, другі — св. Юзафа), прыкладна па 15 чалавек у кожным. Было і пяць жаночых гурткоў Жывога Ружанца, у кожны з якіх уваходзіла таксама прыкладна па 15 чалавек. Усяго ў гуртках удзельнічала 185 чалавек[1].

У 1928 г. улады Веткаўскага раёна з падказкі Рудня-Шлягінскага сельсавета вырашылі забраць у вернікаў будынак капліцы для патрэб сельсавета. 8 ліпеня ў вёску прыбылі намеснік пракурора Веткаўскага раёна Гукаў і начальнік раённай міліцыі Белавусаў з міліцыянерам. Яны ў катэгарычнай форме прапанавалі парафіянам вызваліць памяшканне. Вернікам не заставалася нічога іншага, як вынесці касцёльнае начынне з капліцы. Немалаважную ролю ў гэтым самаўладстве адыграў сакратар Гомельскага Польбюро Андрэй Адольфавіч Мінейка (бацька мастака Уладзіміра Мінейкі)[1].

Касцёльны камітэт рудня-шлягінскай парафіі і яго актывісты пачалі барацьбу за капліцу. 17 ліпеня яны накіравалі скаргу гомельскому акружному пракурору. Пракурор скаргу прыняў і абяцаў хутка разабрацца, але прайшоў месяц, а ніякіх вынікаў не было. 19 жніўня гомельскому акружному пракурору была накіраваная яшчэ адна заява. Пракурор перадаў яе на разгляд у акрвыканкам, і справа зноў завязла. Тады 29 жніўня ўпаўнаважаныя ад парафіі напісалі скаргу ў акрвыканкам і прасілі паскорыць справу. Праз некаторы час у вёску выехала камісія акрвыканкама ў складзе сакратара Польбюро Мінейкі і прадстаўніка акружкама ЛКСМ Ігнатовіча (яны правялі ў вёсцы ўсяго 15 хвілін). Пасля гэтага справа зноў заціхла, а 2 лістапада ў Рудню-Шлягіна прыехаў Мінейка, які сабраў агульны сход. Мінейка абвясціў, што справа аб капліцы разглядалася ў Менску і Маскве, і што Пракуратура і савецкая ўлада вырашылі «…заняць капліцу пад культурную установу, г.зн. размясціць у ёй школу, хату-чытальню, сельсавет». На сходзе было прынята рашэнне: «…дом, дзе пражываў ксёндз, пры наяўнасці побач капліцы, заняты вернікамі няправільна, а таму з пастановай акрвыканкама па замацаванні мураванага дома для культурна-асветніцкай мэты для нашай вёскі — пагадзіцца»[1].

21 лістапада старшыня сельсавета і адзін з жыхароў суседняй вёскі залезлі на дах капліцы і ссеклі крыж з купала. На наступны дзень касцёльныя актывісты напісалі скаргу сакратару ЦК КП(б)Б. 5 снежня адбылося пасяджэнне Польбюро ЦК КПБ(б), на якім разглядалася справа аб рудня-шлягінскай капліцы. На пасяджэнні было вырашана, што капліца адабраная ў вернікаў правільна. 23 снежня 1928 г. актывісты Андрэй Цімафеевіч і Пётр Паўлавіч Кацубы былі арыштаваныя супрацоўнікамі Акружнога аддзела ДПУ. Супраць іх была ўзбуджана следчая справа з абвінавачваннем паводле арт. 72-б КК БССР (за антысавецкую агітацыю і прапаганду). Канкрэтна Андрэю Цімафеевічу і Пятру Паўлавічу Кацубам ставілі ў віну тое, што яны займаліся антысавецкай дзейнасцю сярод польскага насельніцтва, сарвалі кампанію «Абарона краіны», восеньскую пасяўную кампанію, стварылі групоўку, якая мела контррэвалюцыйныя мэты, займаліся самагонаварэннем і распіццем самагону ў капліцы з ксяндзом Андрэкусам. Да таго ж, Андрэя Цімафеевіча, які ў свой час служыў у войску фельчарам, абвінавацілі ў тым, што ён недазволена займаецца лячэннем (арт. 111 КК БССР)[1].

Аднавяскоўцы, як маглі, змагаліся за вызваленне Андрэя Цімафеевіча і Пятра Паўлавіча. Так, 21 студзеня 1929 года былі сабраныя подпісы (усяго 101 подпіс) сярод жыхароў Рудні-Шлягіна пад «Прыгаворам», у якім гаварылася[1]: «Мы, якія ніжэй падпісаліся, грамадзяне вёскі Рудня-Шлягіна Гомельскай акругі Веткаўскага раёна… выдалі гэты прыгавор грамадзяніну Кацубу Андрэю Ц. у тым, што ён ні ў якіх контррэвалюцыйных выступах не быў заўважаны… пад судом і следствам не быў, а хадайнічаў перад уладамі аб тым, каб пакінуць малітоўны дом у нашай вёсцы, па нашым даручэнні.

Просім правесці следства аб ім сярод шырокіх масаў нашай вёскі і вызваліць як мага хутчэй.

Грамадзяне вёскі Рудня-Шлягіна».

Але хадайніцтва аднавяскоўцаў не дапамагло, і 21 чэрвеня 1929 г. на пасяджэнні Калегіі АДПУ Пятра Паўлавіча Кацубу згодна з арт. 58/10 КК РСФСР (антысавецкая агітацыя і прапаганда) асудзілі на шэсць месяцаў пазбаўлення свабоды. Андрэя Цімафеевіча Кацубу згодна з арт. 58/4 КК РСФСР (аказанне дапамогі міжнароднай буржуазіі) асудзілі на дзесяць гадоў пазбаўлення волі ў канцлагеры. Ахвярамі сталінскіх рэпрэсій сталі некалькі дзесяткаў жыхароў Рудні-Шлягіна[1].

Пасля закрыцця капліцы, паводле ўспамінаў нараджэнца вёскі Рудня-Шлягіна Пятра Мохарава (нар. 1930), начынне капліцы, а менавіта — вялікі драўляны крыж, які выкарыстоўваўся падчас працэсій і пахаванняў, кнігі і абразы — мясцовыя жыхары разабралі па хатах. Крыж у лістападзе 1989 г. перадалі ў гомельскі касцёл ксяндзу Славаміру Ляскоўскаму[1].

Паводле звестак, атрыманых ад жыхароў Рудні-Шлягіна, драўляная капліца разбураная не была. У канцы 1943 г. (ці ў пачатку 1944 г.) яе разабралі салдаты Чырвонай Арміі для пабудовы моста[1].

У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС вёска падверглася радыяцыйнаму забруджванню. У 1992 годзе ўсе жыхары былі пераселены ў чыстыя месцы. Рэлігійнае жыццё ў вёсцы Рудня-Шлягіна працягвалася і пасля закрыцця капліцы, да самага адсялення вёскі. Вернікі зрабілі малельню ў хаце адной з жыхарак вёскі. Нават у 1970-я гады ў Рудні-Шлягіне людзі хрысцілі дзяцей паводле каталіцкага абраду (самі, бо святароў не было)[1].

Мураваная капліца захавалася да нашых дзён. Гэты напаўразвалены будынак і могілкі — адзінае, што напамінае пра існаванне адселенай вёскі[1].

Святары[2][правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж з і к л м н о Уладзімір Васькоў (г. Тула). Каталіцтва ў вёсцы Рудня-Шлягіна. 03/03/2011 Архівавана 13 кастрычніка 2022.
  2. Маракоў, Л. Рэпрэсаваныя каталіцкія духоўныя, кансэкраваныя і свецкія асобы Беларусі (1917—1964) / Леанід Маракоў. — Мінск: Смэлтак, 2009. — С. 589. — 776 с. — ISBN 978-985-6917-12-0.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]