Кароткачасовыя месяцовыя з’явы
Кароткачасовыя месяцавыя з’явы (КМЗ) — гэта розныя непрацяглыя лакальныя анамаліі выгляду месяцавай паверхні і калямесяцавай прасторы, абумоўленыя нестацыянарнымі працэсамі на Месяцы.
Першыя апісанні кароткачасовых месяцавых з’яў
[правіць | правіць зыходнік]Англійскі навуковец і храніст Гервасій Кентэрберыйскі пакінуў адно з першых апісанняў кароткачасовай месяцавай з’явы, якую назіралі 5 чалавек 18 ліпеня 1178 года: «Верхні рог Месяца раскалоўся на дзве часткі. З сярэдзіны гэтага разлому раптам выскачыў палымяны факел, распырскваючы ва ўсе бакі агонь, распаленыя вуглі і іскры на вялікую адлегласць». Сведчанні відавочцаў даваліся пад прысягай. Узрост Месяца — 1,5 дня пасля маладзіка. На думку навукоўцаў Д. Хартунга і Дж. О’Кіфі, апісаная з’ява суправаджала падзенне метэарыта на нябачны бок Месяца, у выніку якога ўтварыўся 22-км кратэр Джардана Бруна [1][2][3].
Класіфікацыя кароткачасовых месяцавых з’яў
[правіць | правіць зыходнік]Імглістыя з’явы. Мяркуюць, што кароткачасовае знікненне бачных частак рэльефу Месяца і туманныя ззянні могуць мець прычынай выхад газаў з яго нетраў на паверхню з прычыны прыліўнай сілы Зямлі. Выхад газаў найбольш верагодны, калі Месяц знаходзіцца ў перыгеі і прыліўныя напружанні могуць прывесці да раскрыцця расколін. Прыліўныя сілы Зямлі на Месяцы ў 32,5 разы вышэй, чым ад Месяца на Зямлі. За гады назіранняў з’ява не раз адзначаная ў Моры Крызісаў і ўнутры кратара Платон.
Змены яркасці. Назіраюцца змены альбеда валаў месяцавых кратараў, калі яркія дэталі становяцца яшчэ ярчэй. Тлумачыцца перамяшчэннем аблокаў пылу і выпарэннямі месяцавага лёду, прысутнасць якога знойдзена касмічнымі апаратамі Clementine і Prospector. Фармацыі, дзе назіраецца гэты феномен, уключаюць валы кратараў Прокл, Цэнзарын і Арыстарх. Зваротны эфект — пацямненне месяцавай паверхні — выяўлены назіральнікамі ў кратарах Пікар і Прокл.
Блакітнаватыя ззянні. Часцей за ўсё назіраюцца пры серпападобным Месяцы на цёмным, залітым попельным святлом, боку або пры месяцавых зацьменнях. Уяўляюць сабой яркія свячэнні блакітнаватага або сіняватага адцення. Часцей за ўсё назіраюцца ў кратары Арыстарх. Можа тлумачыцца з’явай п’езаэлектрычнасці, падобнай з зямной. Электрычнае поле можа ўзнікаць у скалах дзякуючы механічным напружанням і выклікаць іанізацыю і свячэнне.
Чырвоныя ззянні. Таксама могуць тлумачыцца п’езаэлектрычнасцю. З’ява можа быць выяўленая з дапамогай чырвонага і блакітнага фільтраў, якія напераменку змяшчаюцца ў акуляра тэлескопа. Назіраюцца на вале кратара Арыстарх і ўнутры кратара Гасэндзі. У 1965-1966 гадах NASA правяло шэраг эксперыментаў пад назвай Праект MOON-BLINK для даследавання і дакументавання падобных з’яў.
Змрочныя і ценявыя з’явы. Змрочныя з’явы адбываюцца ў месячным цені, калі несвоечасова назіраецца зара або змярканне, а цень становіцца не чорным, а шэрым. Да ценявых з’яў адносіцца з’яўленне ценяў там, дзе іх не павінна быць, напрыклад, калі дно кратара трапляе ў цень, хоць Сонца знаходзіцца высока. Магчымае тлумачэнне з’явы — цеплавы ўдар. Пры ўзыходзе Сонца тэмпература месяцавай паверхні за пару гадзін змяняецца ад -120 да +110 °C, што выклікае рэзкае цеплавое пашырэнне месяцавых парод.
Зоркападобныя ўспышкі. Найбольш верагоднай прычынай можа быць падзенне метэарыта на месяцавую паверхню. Да прыкладу 13 мая 1972 г. непадалёк ад месца пасадкі Апалона-14 Смітсанаўскі інстытут зарэгістраваў метэарытны ўдар магутнасцю 1000 тон трацілу. ALPO нават арганізавала спецыяльнае аддзяленне па рэгістрацыі на Месяцы метэарытных удараў.
Зоркападобныя агні. Назіраюцца ад некалькіх хвілін да гадзіны як яркая кропка святла на Месяцы. Звычайна паведамляюць пра агні на цёмным боку маладога Месяца ва ўзросце 3-4 дзён або падчас поўных месяцавых зацьменняў.
Светлыя аб’екты, якія рухаюцца. Перамяшчаюцца не толькі на фоне месяцавага дыска, але і ў яго ваколіцах. Тлумачэнні самыя розныя (напрыклад, перасоўванне газа-пылавых аблокаў).