Карэліцкая сядзіба Радзівілаў
Карэліцкая сядзіба — страчаны палацава-паркавы комплекс, які існаваў у XVII—XVIII стст. у г.п. Карэлічы. Сядзіба належала Радзівілам.
1) У 1640 г. сядзіба складалася з драўляных пабудоў княжага двара (гаспода, дом аканома, двухпавярховыя свірны з балюстраднымі галерэямі, кухня) і гаспадарчай часткі (дом парабкаў, стайні, бровар, сыраварня, свірны, гумно і інш.), якая злучалася з княжацкім дваром праз браму з назіральнай пляцоўкай, з боку мястэчка ў двор вяла двух'ярусная брама, атынкаваная звонку глінай, з трыма жылымі пакоямі ў верхнім ярусе. Гаспода — аднапавярховы будынак з двума алькежамі, накрыты гонтавым дахам з двума дэкаратыўнымі флюгерамі, уключала прыхожую, тры жылыя пакоі, сталовую, кухню, камору. Галоўны ўваход вылучаны слупавым ганкам, завершаным купалам. Каля гасподы быў сад. Сядзіба разбурана ў 1655 г.
2) Комплекс другой паловы XVII — пачатку XVIII ст. складаўся з двух драўляных аднапавярховых будынкаў, накрытых саломай, кухні, сыраварні, варыўні, стайняў, свірнаў, двух млыноў і іншых гаспадарчых пабудоў. Разбураны ў 1706 г.
3) У 1730-я гады пабудаваны новы сядзібна-палацавы комплекс: палац у стылі барока, флігель, гаспадарчыя пабудовы, две брамы з боку мястэчка і з дарогі на Навагрудак, вялікі сад. Палац — двухпавярховы прамавугольны ў плане драўляны будынак, завершаны вальмавым гонтавым дахам з мансардай. На першым паверсе — прыхожая, гардэроб, зала, тры жылыя пакоі, парадная лесвіца на другі паверх, тры жылыя пакоі якога аздобленыя палатнянымі шпалерамі з выявамі кветак, размалёўкай, творамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (каляровая кафля, разная мэбля). Перад палацам былі кветнікі, за ім — «італьянскі» сад на трох тэрасах з прамавугольнымі ўчасткамі пладовых дрэў і хмызняку. У садзе былі лабірынты, аранжарэя.
Комплекс не збярогся.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
- Карэліцкая сядзіба Радзівілаў на сайце Глобус Беларусі (руск.)