Амбар
Амбар таксама сві́ран або клець — традыцыйная халодная, без ацяплення, гаспадарчая пабудова для захоўвання збожжа, прадуктаў, адзення, хатняга начыння.
Свірны адрозніваюцца ад клецяў большымі памерамі, дыферэнцыраваннасцю функцыянальнага прызначэння, дэкаратыўным аздабленнем. Здаўна вядомы ў Беларусі, Літве, некаторых раёнах Польшчы. У Беларусі пашыраны да сярэдзіны XX ст., да XIX ст. будаваліся пераважна ў вялікіх шляхецкіх гаспадарках, з XIX ст. таксама і ў сялянскіх гаспадарках, дзе свірны нагадвалі клеці з засекамі, з ганкам перад уваходам. У адрозненне ад клецяў свірны не блакіраваліся з іншымі пабудовамі, іх ставілі асобна.
Свірны былі 1-ярусныя франтальнай кампазіцыі і 2-ярусныя франтальна-яруснай і цэнтрычна-яруснай кампазіцыі. Будавалі іх пераважна з дрэва (бярвення, бруса, дыляў, плашак) як аднакамерныя зрубы, ставілі на штандары або камяні. З XVIII ст. вядомы свірны мураваныя, або ў тэхніцы «прускага муру». 1-павярховыя свірны — прамавугольныя або квадратныя ў плане будынкі, накрытыя 2-х або 4-схільнай страхой з драніцы, гонты, саломы, часам выкарыстоўвалі камбінаванае пакрыццё драніцамі ў ніжняй частцы страхі, саломай у верхняй. У свірнах, прызначаных для захоўвання збожжа, рабілі аддзяленні (засекі, пасекі, аруды) з бярвён, дошак або дыляў, перад уваходам рабілі сенцы або ганак — насціл з дошак на выпусках бярвён ніжніх вянкоў, так мог утварацца драўляны прыклетнік, пераклець або галерэя.
Пры будаўніцтве амбараў невялікіх памераў, пастаўлены зруб маглі абмазваць глінай або смалой, заліваць вадой і калі яна не выцякала высякалі дзверы і ставілі дах, потым амбар прасушвалі.
Некаторыя свірны набліжаліся сваім выглядам да лямусаў і скарбніц.
Летам будынак мог служыць жытлом. Бяднейшыя сяляне замянялі свіран каморай, невялікім памяшканнем адгароджаным у сенцах.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Сабаленка Э. Р., Гуркоў У. С., Іваноў У. М., Супрун Дз. Д. Беларускае народнае жыллё. — Мн., 1973.
- Свіран // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Т. 4. Накцюрн — Скальскі. — 742 с. — 9 500 экз.
- Якімовіч Ю. А. Драўлянае дойлідства беларускага Палесся. — Мн., 1978.
- Якімовіч Ю. А. Свіран // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 260. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).
- Якімовіч Ю. А. Клець // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 8. — С. 335. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8).