Карэнішча

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Карэнішча Polygonatum multiflorum (L.) All.

Карэнішча — відазменены парастак, звычайна падземны, з лускападобным або недаразвітым лісцем, верхавіннымі ці пазушнымі пупышкамі, прыдаткавымі каранямі.

Яно характэрна галоўным чынам для шматгадовых травяністых раслін (купена, ландыш, касач, пырнік). Ёсць карэнішчы ў кустоў і кусцікаў (брызгліна, брусніцы, чарніцы). Карэнішчы часцей за ўсё размяшчаюцца пад зямлёй. Па знешнім выглядзе часта нагадвае корань расліны. Аднак, у адрозненне ад кораня, на карэнішчы ёсць вузлы і міжвузеллі. У вузлах маладых карэнішчаў ёсць рэдукаваныя лускападобныя лісты або ліставыя рубцы. У вузлах карэнішча фарміруюцца бакавыя пупышкі, а на яго верхавіне — верхавінкавая пупышка. Ад вузлоў часта адходзяць прыдаткавыя карані. Усё гэта пацвярджае, што карэнішча з’яўляецца відазмененым парасткам.

У карэнішчах назапашваюцца запасныя пажыўныя рэчывы. На зіму ў расліны адміраюць надземныя парасткі, а карэнішча зімуе ў глебе. Вясной з яго верхавінкавай і бакавых пупышак развіваюцца новыя надземныя парасткі. Дзякуючы наяўнасці пупышак карэнішчы раслін служаць для вегетатыўнага размнажэння і вегетатыўнага аднаўлення.

У дрэва карэнішчам называюць асноўны корань (працяг ствала), а таксама частку каранёў, якая выступае на паверхні глебы.[1]

Карэнішча можа быць:

  • простым ці галінастым — па ступені разгалінаванасці;
  • гарызантальным, вертыкальным ці касым — у кірунку росту;
  • доўгім, кароткім ці вельмі скарочаным (са збліжанымі вузламі) — па даўжыні;
  • тоўстым ці тонкім — па таўшчыні.
  • Эпігеннае карэнішча
  • Гіпагеннае

Зноскі

  1. Современный толковый словарь русского языка Ефремовой. — АСТ, Москва, 2006

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Біялогія: вучэб. дапам. для 7-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. мовай навучання / В. М. Ціхаміраў [і інш.]; пад рэд. В. М. Ціхамірава; пер. з рус. мовы Г. І. Кулеш. — Мінск: Нар. асвета, 2010. — 199 с.: іл. ISBN 978-985-03-1340-9
  • Фёдоров, А. А., Кирпичников, М. Э., Артюшенко, З. Т. Стебель и корень // Атлас по описательной морфологии высших растений / Под общ. ред чл.-корр. АН СССР П. А. Баранова. — М.—Л.: Изд-во АН СССР, 1962. — 392 с. Архівавана 14 студзеня 2014.
  • Биологический энциклопедический словарь / Гл. ред М. С. Гиляров. Ред. колл. А. А. Баев, Г. Г. Винберг, Г. А. Заварзин и др.. — 2-е изд. исправл. — М.: Советская энциклопедия, 1989. — С. 283. — 864 с. — 150 000 экз. — ISBN 5-85270-002-9. (руск.)