Вегетатыўнае размнажэнне

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Вегетатыўнае размнажэнне прэснаводнай гідры (лац.: Hydra oligactis)

Вегетатыўнае размнажэнне — утварэнне новай асобіны з мнагаклетачнай часткі цела бацькоўскай асобіны, адзін са спосабаў бясполага размнажэння, уласцівы мнагаклетачным арганізмам.

У водарасцей і грыбоў адбываецца шляхам аддзялення неспецыялізаваных участкаў талома ці праз утварэнне спецыялізаваных участкаў (вывадкавыя пупышкі водарасці сфацэлярыі і інш.)

У вышэйшых раслін адбываецца альбо як распад мацярынскай асобіны на дзве і больш даччыныя асобіны (напрыклад, пры адміранні паўзучых парасткаў або карэнішчаў, аддзяленне каранёвых атожылкаў), альбо як аддзяленне ад мацярынскай асобіны зародкаў даччыных (напрыклад, клубні, цыбуліны, вывадкавыя пупышкі).

Агратэхніка[правіць | правіць зыходнік]

Вегетатыўнае размнажэнне раслін адбываецца ў прыродзе самаадвольна, але чалавек таксама свядома размнажае расліны вегетатыўным спосабам. Так можна размнажаць расліны як цэлымі вегетатыўнымі органамі (дзяленнем куста, атожылкамі, цыбулінамі, клубнямі і інш.), так і іх часткамі (чаранкамі, карэнішчамі).

Адзін з пашыраных спосабаў вегетатыўнага размнажэння шматгадовых раслін у культуры — гэта дзяленне куста. Пры гэтым спосабе расліну выкопваюць і дзеляць на часткі неабходнай велічыні. Важна, каб на кожнай частцы кораня была хоць бы адна добрая пупышка.

Размнажэнне атожылкамі заснавана на ўтварэнні каранёў на парастку да таго, як ён будзе аддзелены ад мацярынскай расліны. Парастак прыгінаюць да зямлі і неглыбока закопваюць або прыціскаюць. Над паверхняй глебы пакідаюць толькі верхавіну парастка. Як толькі ўтворацца карані, атожылак аддзяляюць ад мацярынскай расліны і перасаджваюць на новае месца. Такім спосабам лёгка размнажаюцца парэчкі і агрэст. Пакаёвыя дрэвавыя расліны (фікус, драцэна) можна размнажаць паветранымі атожылкамі.

Саджанцы эўкаліпта

Чаранок — гэта адрэзак любога вегетатыўнага органа расліны. Адрозніваюць чаранкі сцёблавыя, каранёвыя і ліставыя. Пры размнажэнні чаранкамі на іх ніжняй частцы ўтвараюцца карані, а на верхняй з пупышак развіваюцца надземныя парасткі. Сцёблавы чаранок — гэта адрэзак сцябла з лістамі. Іх можна наразаць як з аблісцелых (герань), так і з бязлістых парасткаў (ружа). Каранёвымі чаранкамі можна размнажаць тыя расліны, у якіх на каранях утвараюцца прыдаткавыя пупышкі (бярозка палявая, півоня, сліва, асіна). Такія расліны называюцца караняпарасткавымі. Ліставымі чаранкамі ў прыродзе размнажаюцца нямногія расліны. А вось пры размнажэнні дэкаратыўных травяністых раслін гэты спосаб прымяняецца даволі шырока. У ліставых чаранкоў прыдаткавыя пупышкі і карані ўтвараюцца ля асновы чаранка (узамбарская фіялка), ля асновы ліставой пласцінкі (сансеўера) або ў месцах разрэзу галоўнай і бакавых жылак (бягонія). Усе віды чаранкоў можна ўкараняць у вадзе, у добра ўвільготненым пяску або ў сумесі зямлі з пяском.

Відазмененыя вегетатыўныя парасткі таксама служаць для вегетатыўнага размнажэння. Яны могуць быць падземнымі (карэнішча, клубень, цыбуліна) і надземнымі (цыбулінкі, клубянькі). Карэнішчамі размнажаюцца многія культурныя расліны (напр. касач). На іх карэнішчах лёгка ўтвараюцца прыдаткавыя карані і прыдаткавыя пупышкі. Цыбуліны, у адрозненне ад карэнішчаў, могуць быць не толькі падземнымі, але і надземнымі. Летам каля мацярынскай падземнай цыбуліны цюльпана, нарцыса ўтвараюцца даччыныя цыбулінкі-дзеткі, якія і служаць для размнажэння. Надземныя цыбулінкі ўтвараюцца ў пазухах лістоў (лілея тыгровая) або ў суквеццях (часнок). З цягам часу яны ападаюць з расліны і даюць пачатак новым раслінам. Паколькі на клубнях утвараецца многа прыдаткавых пупышак-вочак, расліны можна размнажаць не толькі цэлымі клубнямі, але і невялікімі часткамі.

Прышчэпка як спосаб вегетатыўнага размнажэння звязана з аддзяленнем часткі адной расліны і прыжыўленнем яе (прышчэпліваннем) на другую. Пры прышчэпцы часткі дзвюх раслін зрастаюцца і ў далейшым працягваюць расці як адзіны арганізм. Расліна, на якую прышчэпліваюць частку другой расліны, называецца прышчэпай. Частка расліны, якую прышчэпліваюць на прышчэпу, называецца прышчэпкам. У прышчэпленых раслін каранёвая сістэма ўтвараецца прышчэпай, а надземная частка расліны — прышчэпкам. Прышчэпкі шырока прымяняюцца ў садаводстве для размнажэння пладовых дрэў, якія пры размнажэнні насеннем страчваюць свае каштоўныя ўласцівасці. Прышчэпліваннем таксама размнажаюць многія сарты руж. Робіцца гэта не толькі для таго, каб захаваць іх сартавыя асаблівасці, але і для таго, каб павысіць марозаўстойлівасць. Існуюць розныя спосабы прышчэплівання: чаранком, пупышкай. Ва ўсіх выпадках размяшчаць прышчэпак і прышчэпу неабходна так, каб хоць бы ў адным месцы іх камбіі сумяшчаліся. Калі тканкі прышчэпка і прышчэпы сумешчаны правільна, праз некаторы час з прышчэпка пачынае ўтварацца парастак. Пасля пачатку росту ўсю частку прышчэпы над месцам прышяэплівання зразаюць.