Кліпер
Кліпер (ад англ.: clipper або нідэрл.: klipper) — паруснае судна з развітым парусным узбраеннем і вострымі, рэжучымі ваду (англ.: clip) абводамі корпуса.
Першыя кліперы з’явіліся ў ЗША; у пачатку XIX ст. так называлі тую разнавіднасць шхун і брыганцін, што будавалася ў Балтымары. Вострыя абводы корпуса, павялічаная астойлівасць, нахіленыя да кармы мачты і вялікая плошча ветразяў, у т.л., за кошт дадання пятай, шостай, часам і сёмай, рэяў, дазвалялі кліперам развіваць выдатную хуткасць і добра трымаць курс, але за гэта давялося заплаціць паменшанай ёмістасцю трумаў і павялічанай асадкай. Высокай хуткасці таксама спрыялі суадносіны даўжыні да шырыні корпуса, якія сягалі 7:1, у параўнанні са звычайнымі значэннямі ад 3:1 да 4:1. Балтыморскія кліперы актыўна ўжываліся ў якасці камерцыйных рэйдэраў, для кантрабанды і прарыву блакады, для перавозкі афрыканскіх рабоў; у 1840-1850-я — для перавозу пасажыраў у Каліфорнію вакол мысу Горн у час «залатой ліхаманкі». Ваенныя флоты карысталіся кліперамі, як ветранымі, так і ветрана-паравымі, у перыяд 1860-1870-х.
У 1833 годзе на ваду быў спушчаны вялікі трохмачтавы балтыморскі кліпер «Эн Мак-Кім». Ён і стаў непасрэдным папярэднікам класічных кліпераў. У 1835 годзе быў пабудаваны кліпер «Рэйнбоу», які паказаў нечуваную хуткасць, яго звычайна і завуць першым сапраўдным кліперам.
Асноўным таварам, які абяцаў купцам немалыя прыбыткі, быў кітайскі чай. Вожаны на старых суднах, ён часам бываў у дарозе 12 месяцаў, рабіўся волглым, набіраў пахаў з труму (Гл. таксама чай-бергамот). Кліперы, якія дастаўлялі грузы з Кітая за тры-чатыры месяцы, былі названыя на брытанскіх астравах «ганчакамі акіяну».
Пачынаючы з 1859 года рэгулярна праводзіліся гонкі чайных кліпераў. Самая славутая з іх адбылася ў 1866 годзе. 28 мая 1866 года з рэйду горада Фучжоу (Кітай) стартавалі 16 кліпераў. Пасля доўгага шляху, 5 верасня кліперы «Тайпінг» і «Арыэль» з розніцай у 20 хвілін адшвартаваліся ля прычальнай сценкі ў лонданскім порце. Гэта выклікала дужы шум у прэсе, і ўладальнікі «Тайпінга», атрымаўшы прэмію, падзялілі яе з уладальнікамі «Арыэля». А капітан «Тайпінга» падзяліў сваю прэмію з капітанам «Арыэля». У 1872 годзе «Арыэль» падчас чарговай чайнай гонкі знік і аб яго лёсе, як і аб лёсе экіпажа нічога не вядома.

Самы вядомы ў свеце кліпер — Каці Сарк. «Каці Сарк» — адзіны, які захаваўся, прадстаўнік вялікай плеяды «ганчакоў акіяна». Па прапорцыях, канструкцыі і памерах судна амаль у дакладнасці адпавядае найдасканалейшаму кліперу «Фермапілы». Кліпер «Каці Сарк» пабудавалі ў 1869 годзе на шатландскай верфі «Лінтан энд Скот» па замове суднаўладальніка Джона Віліса. У цяперашні час ён стаіць на вечнай стаянцы ў сухім доку ў Грынвічы (Вялікабрытанія).
З 1870 года «Каці Сарк» эксплуатавалася на чайнай лініі, але паказаныя вынікі ацэньваліся як сярэднія. Найвышэйшым дасягненнем стала трэцяе месца ў гонцы 1871 года, калі «Каці Сарк» прапусціла наперад толькі легендарных «ганчакоў» — «Тытанію» і «Фермапілы». Аднак, на ваўнянай лініі, канчатковай кропкай якой з’яўляліся парты Аўстраліі, «Каці Сарк» неаднаразова атрымлівала перамогі за кошт шырэйшых абводаў у кармавой частцы і меншай, як на той час, плошчы ветразяў, якія забяспечвалі перавагу ў штармавых плаваннях наўкола мысу Горн. Традыцыйным часам прыходу ў Аўстралію для лепшых хадакоў лічыліся «сто дзён». Шлях «ваўняных кліпераў» быў паўтораны яхтсменам Ф. Чычэстарам на яхце «Джыпсі Мот IV» (1966—1967).
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 8. — С. 345. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8).