Кёльн (Берлін)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Кёльн (жоўтым колерам) на плане карце горада 1688 года
Рыбны рынак у Кёльне. На заднім плане — барочная Петрыкірхэ. 1784
Краявід Шпрэе. Злева — Кёльн з купалам Гарадскога палаца, справа — Берлін. Каля 1883 года

Кёльн (ням.: Cölln) — горад, які некалі існаваў на тэрыторыі сучаснага Берліна. Знаходзіўся на востраве Шпрэеінзель і ў познім Сярэднявеччы зліўся з Берлінам.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У цэнтры сярэдневяковага Кёльна размяшчалася плошча Святога Пятра (ням.: Petriplatz — Петрыплац), побач з якой знаходзіліся царква Святога Пятра (ням.: Petrikirche — Петрыкірхэ) на вуліцы Гертраўдэнштрасэ і Кёльнская ратуша на вуліцы Брудэрштрасэ. Гістарычная забудова гэтай часткі Берліна была разбурана у часы Другой сусветнай вайны і не захавалася. На гэтым месцы ў наш час знаходзяцца пабудаваныя ў паваенныя гады былы будынак Дзяржаўнага савета ГДР, жылыя дамы, а таксама праходзяць транспартныя магістралі горада. Царква атрымала назву ў гонар апостала Пятра, паколькі большасць жыхароў Кёльна былі рыбакамі. На ўсходнім беразе Шпрэе ў Берліне жылі пераважна купцы і рамізнікі. За карыстанне адзіным у гэтых месцах пераходам праз Шпрэе Мюлендам (ням.: Mühlendamm — млынавая плаціна) на шляху з Франкфурта-на-Одэры ў Магдэбург спаганяліся гандлёвыя мыты. Цэнтрам іншага горада — Берліна — была царква Святога Мікалая, які быў заступнікам купцоў. Ад вады з плаціны Мюлендам працавалі млыны. Больш заможныя берлінцы неўзабаве пабудавалі другую царкву — Марыенкірхэ.

Упершыню Кёльн згаданы ў 1237 годзе, на сем гадоў раней за Берлін. Гарады, якія злучаліся Мюлендамам, аб'ядналіся ў 1307 годзе. У аб'яднанай гарадской управе пераважалі берлінцы. Для захавання сваіх гарадскіх прывілеяў ад князёў і іншых знешніх пагроз аб'яднаны горад уступіў у 1308 годзе ў саюз з іншымі гарадамі Брандэнбургскай маркі: Франкфуртам-на-Одэры, Брандэнбургам-на-Хафелі і Зальцведэлем.

У 1442 годзе курфюрст Фрыдрых II скасаваў сумеснае гарадское кіраванне Берліна і Кёльна. Апроч гэтага Кёльн быў вымушаны аддаць курфюрсту за ўзвядзенне крэпасці тэрыторыю, дзе пазней быў збудаваны Гарадскі палац Берліна.

У 1658-1683 гадах пры курфюрсце Фрыдрыху Вільгельме I паводле праекта Іагана Грэгара Мемхарта вакол Кёльна і Берліна былі ўзведзены крапасныя ўмацаванні ўздоўж старой гарадской сцяны. Захаваныя дагэтуль рэшткі бастыёнаў можна ўбачыць на плошчы Гаўсфогтайплац (ням.: Hausvogteiplatz). На паўднёвым беразе Шпрэе ўнутры новай умацаванай сцяны з'явіўся прыгарад Кёльна Ной-Кёльн.

У 1710 годзе гарады Берлін, Кёльн, Фрыдрыхсвердэр, Даратэенштат і Фрыдрыхштат былі аб'яднаны ў «галоўную каралеўскую рэзідэнцыю Берлін». Для далейшага развіцця горада-рэзідэнцыі ў 1834 годзе крапасныя ўмацаванні былі знесены, і горад стаў расці за кошт прыгарадаў.

У Сярэднявеччы ў Кёльне пражывала каля 1400 чалавек. У складзе Берліна Кёльн ахопліваў увесь востраў Шпрэеінзель, і ў 1871 годзе колькасць яго насельніцтва дасягнула рэкордных 16 554 чал. У 1910 годзе колькасць насельніцтва складала толькі 6 895 чалавек. У 1920 годзе Кёльн увайшоў у новую гарадскую акругу Мітэ.

У Другую сусветную вайну тэрыторыя Кёльна падверглася значным разбурэнням, ад гістарычнага раёна нічога не засталося. Назва «Кёльн» у сучаснай мове берлінцаў не выкарыстоўваецца.

На тэрыторыі Кёльна знаходзяцца (знаходзіліся):


Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]