Кіеўскае Палессе

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
     Кіеўскае Палессе як фізіка-геаграфічная вобласць Украінскага Палесся.

Кіеўскае Палессе (укр.: Київське Полісся) — фізіка-геаграфічная вобласць Украінскага Палесся. Размешчана на ўсходзе Палескай нізіны, у межах Кіеўскай і часткова Жытомірскай абласцей Украіны. Яго ўсходнім рубяжом з'яўляецца р. Дняпро з Кіеўскім вадасховішчам, на поўначы мяжуе з Беларускім Палессем.

У геаструктурных адносінах вобласць звязана са схілам Украінскага шчыта да Дняпроўска-Данецкай упадзіны. Фундамент Украінскага шчыта пагружаецца на глыбіню 300-400 м, на ім залягаюць пароды мелавога, палеагенавага, неагенавага і антрапагенавага перыядаў.

Тэрыторыя вобласці была ахоплена дняроўскім зледзяненнем, у геамарфалагічных адносінах — марэнна-ўзгорыстая раўніна. Кіеўскае Палессе перасякаюць рэкі, якія ўпадаюць у Дняпро і яго самы паўнаводны прыток Прыпяць.

Безмарозны перыяд доўжыцца каля 165 дзён. У сярэднім за год выпадае 550-620 мм ападкаў.

У ландшафтнай структуры асноўнымі з’яўляюцца прыродныя комплексы водна-ледавіковых і рачных пясчаных раўнін, на якіх развіты дзярнова-падзолістыя глебы, хваёвыя і дубова-хваёвыя лясы. У паўднёвай частцы Кіеўскага Палесся распаўсюджаны марэнна-пясчаныя раўніны з дзярнова-сярэднеападзоленымі глебамі, занятыя сельскагаспадарчымі ўгоддзямі.

Прыродныя ўмовы Кіеўскага Палесся спрыяльныя для сельскагаспадарчага і лесагаспадарчага выкарыстання, арганізацыі адпачынку, прыродаахоўных аб’ектаў. Частка тэрыторыі выведзена з гаспадарчага абароту з-за радыяцыйнага забруджвання пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Масляк П. О. Київське Полісся // Енциклопедія Сучасної України. Т. 12: «Кал» – «Киї» / Гол. редкол.: І.М. Дзюба, А.І. Жуковський, М.Г. Железняк та ін.; НАН України, НТШ. Київ: Інститут енциклопедичних досліджень НАН України, 2012. — 711 с. — ISBN 978-966-02-6472-4 (укр.)