Кілікійскі каталікасат Армянскай апостальскай царквы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Кілікійскі каталікос — Арам I

Кілікійскі Каталікасат ААЦ (Каталікасат Вялікага Дому Кілікіі) — адміністрацыйна незалежны Каталікасат Армянскай Апостальскай царквы, які прызнае першасць Эчміядзінскага Каталікоса Усіх Армян і Вярхоўнага Патрыярха ААЦ. Рэзідэнцыя Кілікійскага каталікоса пасля генацыду армян у Турцыі, у 1930 годзе была перанесена з Кілікіі ў Антэліяс (Ліван). У веданні Кілікійскага Каталікасата знаходзяцца епархіі ААЦ у Ліване, Сірыі і на Кіпры.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Месца паседжання Кілікійскага каталікасата Армянскай апостальскай царквы — Сабор Святога Рыгора Асветніка, Ліван.

З узнікненнем 1080 годзе Армянскай дзяржавы ў Кілікіі туды быў пераведзены пасад каталікоса Усіх Армян. З 1147 года рэзідэнцыя армянскага каталікоса была ў Ромкле, а з 1282 года ў Сісе. З падзеннем Армянскага Кілікійскага царства пасад каталікоса Усіх Армян у 1441 годхе з Кілікіі вяртаецца ў Святы Эчміядзін, дзе знаходзіцца і ў наш час. Апошні каталікос Усіх Армян у Кілікіі Грыгар IX (1439-1441) з-за старасці і хваробы не змог пераехаць з Кілікіі ў Эчміядзін, аднак даручыў Нацыянальна-Царкоўнаму сабору, скліканаму ў 1441 годзе ў Вагаршапаце абраць новага каталікоса Армянскай царквы. Быў абраны Кіракос Вірапецы (1441-1443).

Каталікос Грыгар IX працягваў жыць у Сісе, сталіцы Кілікіі, і пасля яго смерці быў створаны каталікасат у рамках меж Кілікіі — каталікасат Вялікага Дому Кілікіі. Паколькі галоўны ў ААЦ эчміядзінскі пасад тэрытарыяльна знаходзіўся пад уладай Персіі, з афармленнем у Асманскай імперыі сістэмы мілетаў, у 1461 годзе ствараецца Канстанцінопальскі патрыярхат ААЦ, кіраўніку якога, як этнарху, адміністрацыйна падначальваюцца ўсе армянскія абшчыны Турцыі. Такім чынам, Кілікійскі і Ахтамарскі каталікосы, быўшы вышэй Канстанцінопальскага армянскага патрыярха духоўнай ступенню, знаходзіліся ў яго адміністрацыйным падначаленні.

Да ХХ стагоддзя Кілікійскі каталікасат валодаў 15 епархіямі: Сіскай, Адэнскай, Марашкай, Аджынскай, Паяскай, Берыйскай, Зейтунскай, Айнтапскай, Антыёхскай, Малатыйскай, Ёзгацкай, Кюрунскай, Тэпрыкійскай, Фірнузскай і Тарантыйскай. Пасля генацыду армян у Кілікіі ў 1920 годзе пасад каталікоса Кілікійскага на працягу 10 гадоў пераязджаў з месца на месца, а ў 1930 годзе асталяваўся ў Антыліясе, дзе знаходзіцца і дагэтуль. Аднак пасад страціў амаль усе свае епархіі, апроч Берыйскай, і знаходзіўся на грані знікнення. Для захавання гэтага гістарычнага пасада па просьбе каталікасата Ўсіх Армянаў патрыярхія Іерусаліма часова перадала ва ўладанні каталікасата Вялікага Дому Кілікіі епархіі Дамаска і Бейрута, а патрыярхія Канстанцінопаля — епархію Кіпра.

Адносіны армянаў Блізкага Усходу з Арменіяй, і, адпаведна, абодвух каталікасатаў ажывіліся ў постсавецкі перыяд. У 1995-1999 гадах кафедру каталікоса ўсіх армян у Эчміядзіне займаў Гарэгін I, былы раней патрыярхам Кілікіі пад імем Гарэгіна II. З 1995 года кілікійскім каталікосам, наступнікам Гарэгіна II (I), з'яўляецца Арам I.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]