Кітайска-Карэйская платформа
Кітайска-Карэйская платформа — старажытная платформа, што ахоплівае басейн сярэдняга і ніжняга цячэння ракі Хуанхэ, Карэйскі і Шаньдунскі паўастравы і акваторыю Жоўтага мора.
Старажытная платформа ўключае на захадзе Ардонскую сінеклізу, антэклізу Шаньсі, Паўночна-Кітайскую сінеклізу, якія складаюць Паўночна-Кітайскую пліту, на ўсходзе — Сіна-Карэйскі шчыт і Усходне-Кітайскае перыкратоннае апусканне, што раскрываецца ў аднайменнае ўскраіннае мора. Крышталічны фундамент платформы складзены з гранітаў, гнейсаў і крышталічнх сланцаў архейскага і пратэразойскага ўзросту; выходзіць на паверхню ў межах Карэйскага, Ляадунскага і Шаньдунскага паўастравоў і на захад ад Пекіна (правінцыя Шаньсі). Фундамент перакрыты гарызантальна залеглым або слабадыслацыраваным асадкавым чахлом, складзеным з верхнепратэразойскіх (сінійскіх), ніжне- і верхнепалеазойскіх, мезазойскіх і кайназойскіх адкладаў, пашыраных у межах нізін і на шэльфе.
Маюцца радовішчы жалезістых кварцытаў, баксітаў, каменнага вугалю, гаручых сланцаў, нафты і газу. З мезазойскім магматызмам звязаны радовішчы золата, вальфраму і поліметалаў на Карэйскім паўвостраве, сурмы і медзі на Ляадунскім паўвостраве.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Кітайска-Карэйская платформа // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).