Лаўрын Клыбік

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Лаўрын Клыбік
Дата нараджэння 23 кастрычніка 1928(1928-10-23)
Месца нараджэння
Дата смерці 9 студзеня 2005(2005-01-09)
Месца смерці
Род дзейнасці урач
Альма-матар

Лаўрын Клыбік (23 кастрычніка 1928, в. Хадзявічы на Слонімшчыне9 студзеня 2005) — беларускі грамадскі дзеяч, фармацэўт.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 23 кастрычніка 1928 года ў багатай сям’і ў в. Хадзявічы ў Слонімскі павеце Навагрудскага ваяводства Польскай Рэспублікі. Бацька да арганізацыі калгасаў меў 25 гектараў уласнай зямлі.

Падчас Другой сусветнай вайны быў курсантам Мінскай афіцэрскай школы БКА. З чэрвеня 1944 г. у Германіі. Быў накіраваны ў 30-ю грэнадзёрскую дывізію СС, будаваў лінію абароны супраць амерыканскіх войскаў. Пасля разам з іншымі падлеткамі быў накіраваны ў спецыяльны лагер, адкуль па краіне паходжання трапіў на службу да 2-га Польскага корпуса, які шукаў жаўнераў каб пакрыць свае страты ў Італіі. Адначасова з вайсковай падрыхтоўкай праходзіў курсы вайсковых радыётэхнікаў. Трапіў у танкавую дывізію, знаходзіўся ў Італіі.

У 1946 годзе прыбыў у Вялікабрытанію. Быў сябрам ЗБВБ. Запісаўся на курсы з праграмай сярэдняй школы. Пасля дэмабілізацыі пачаў працаваць памочнікам фармацэўта ў аптэцы. Пачаў хадзіць на вячэрнія курсы ў Лонданскі «Фінчлі-каледж». У 1952 годзе атрымаў атэстат аб сярэдняй адукацыі і выехаў у Бельгію.

У 1958 годзе скончыў фармацэўтычны факультэт Лёвенскага ўніверсітэта з дыпломам аптэкара. Здаў дадатковыя экзамены і пачаў працаваць кіраўніком аптэкі ў Бруселі, потым у Мехалене. Меў статус уцекача, а ў 1961 г. атрымаў бельгійскае грамадзянства. У 1966 годзе адчыніў уласную аптэку. Стварыў некалькі прэпаратаў, якія да сённяшніх дзён карыстаюцца попытам не толькі ў Бельгіі, але і ў іншых краінах. У 1977 годзе зацікавіўся гамеапатыяй і паступіў на курсы гамеапатычнай школы ў Бруселі, а ў 1981 годзе адчыніў сваю ўласную лабараторыю. У 1991 годзе абараніў дысертацыю «Кава і яе ўздзеянне на чалавечы арганізм» і быў прыняты ў Асацыяцыю гамеапатаў Бельгіі. Гэтая праца выклікала вялікую зацікаўленасць у многіх краінах Еўропы і была апублікавана ў медычных выданнях Францыі, Бельгіі і Беларусі. У 1994 годзе выдаў працу «Праполіс і дзеянне радыяцыі на жывы арганізм».

У 1994 годзе пачаў частка прыязджаць у Беларусь. Наладзіў супрацоўніцтва з беларускімі медыкамі для апрабацыі гамеапатычнага сродку супраць хваробаў, выкліканых радыяцыяй на тэрыторыі Беларусі, забруджанай радыёнуклідамі ў выніку Чарнобыльскай катастрофы. У 1995 годзе выдаецца яго даследаванне «Уплыў радыеактыўнасці на жывыя арганізмы», якое выйшла на французскай мове ў Бруселі. У 1996 годзе ў Мінску ў Скарынаўскім цэнтры выступіў з дакладам «Гісторыя гамеапатыі», дзе распавёў не толькі пра гамеапатыю ў цэлым, але і пра тое, ці можна гамеапатычнай медыцынай лячыць радыяцыю. Перадаў некалькі каштоўных рэліквій для музея «Беларусы ў свеце», які тады існаваў у Мінску пры Цэнтры імя Францыска Скарыны: вышыты беларускім арнаментам касцюм, у якім ён выступаў у час вучобы ў Лювенскім універсітэце, дакументы, фотаздымкі 1940-1950-х гадоў, звязаныя з жыццём і дзейнасцю беларускай эміграцыі. У 1997 годзе прымаў удзел у Другім з’ездзе беларусаў свету і наведаў родную Слонімшчыну, вёску Хадзявічы, дзе нарадзіўся.

Памёр 9 студзеня 2005 года ў Бельгіі.

Цікавыя факты[правіць | правіць зыходнік]

  • Валодаў беларускай, рускай, нямецкай, англійскай, польскай, яўрэйскай мовамі. Каб вывучыць яшчэ і кітайскую, адкрыў рэстаран, запрасіўшы кухара з Кітая.
  • У яго рэстаране і аптэцы заўсёды вісела мапа Беларусі, дзе была адзначана яго родная вёска.
  • Да Другой сусветнай вайны сябраваў з бацькам Сяргея Чыгрына.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]