Леакадзія Цыбоўская

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Леакадзія Цыбоўская
Род дзейнасці удзельніца антыкамуністычнага падпольнага вучнёўскага руху
сувязная Арміі Краёвай
Дата нараджэння 3 снежня 1930(1930-12-03) (89 гадоў)
Месца нараджэння

Леакадзія Цыбоўская (нар. 3 снежня 1930) — сябра мядзельска-смаргонскага антыкамуністычнага падполля, належала да смаргонскай групы арганізацыі.[1]. Сябра Арміі Краёвай. Старэйшая сястра Часлава Цыбоўскага.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзілася 3 снежня 1930 г. у Смаргоні Ашмянскага павету Віленскага ваяводства ў Польскай Рэспубліцы (цяпер Гродзенская вобласць). Вучылася на вячэрнім аддзяленні Смаргонскай сярэдняй школы, адначасова працавала школьным бібліятэкарам. У Другую сусветную вайну з восені 1941 г. была сувязной Арміі Краёвай пад мянушкай «Дарота».

Восенню 1949 г. далучылася да мядзельска-смаргонскага антыкамуністычнага падпольнага вучнёўскага руху. Моладзевая арганізацыя, кіраўніком якой быў Расціслаў Лапіцкі, у асноўным займалася распаўсюджваннем антысавецкіх улётак, але ў будучыні планавалася перайсці і да больш актыўных дзеянняў. У хаце бацькоў Леакадзіі і Часлава Цыбоўскіх адбываліся рэгулярныя сходы вучняў-падпольшчыкаў. Удзельнічала ў агітацыйных акцыях, у тым ліку ў распаўсюдзе ўлётак. Пра нацыянальнае пытанне арганізацыі ўспамінала так:

«Размоў пра нейкія нацыянальныя пытанні, дзяржаўныя і гэтак далей не было. Гаварылі пра тое, што нас аб'ядноўвала — пра барацьбу з камуністамі».

Арыштаваная 2 лютага 1950 г. Ва ўспамінах Леакадзія Цыбоўская так апісвала допыты:

«Гэты Пахомаў быў найгоршым сярод следчых. Бралі на допыты заўсёды ўначы. Бабулькі ў камеры заставаліся і маліліся за мяне. Следчы вось так сядзіць, нешта піша, чытае, есьць бутэрброд, а потым зноў у мяне выпытвае, лаючыся пры гэтым самымі брыдкімі словамі. Аднойчы сказала яму: «З такімі пагонамі, з зорачкамі — і як можна так брудна выслаўляцца». (Ён гэтак выслаўляўся, як нават блатныя ў Сібіры не выслаўляліся). А ён як закрычыць: «Палітычная прастытутка!». І даў мне ў лоб, ды так, што я вытнулася патыліцай аб сцяну».

Летам таго ж году асуджаная ваенным трыбуналам Беларускай Вайсковай Акругі па справе мядзельска-смаргонскай падпольнай арганізацыі на 25 гадоў зняволення ў канцлагерах. Тэрмін адбывала ў Іркуцкай вобласці пераважна на лесапавале, перапрацоўцы слюды, на сельгасработах. Пра зняволенне ўспамінала так:

«Што мы перажылі, такога свет не бачыў. А што на Сібіры было?! Як прывезлі, пагналі. Бачу: стаяць кабеты голыя, і купкі вопраткі пры іх ляжаць. Мошкі іх грызуць. І цэлы дзень так голыя стаяць. Гэта былі расейскія манашкі. Яны на працу не ішлі. Там, у тым лагеры, 14-16 баракаў, а паміж баракамі сцежкі, то іх на тых сцежках паставілі. Дык я, калі ўпершыню ўбачыла — заплакала».

«Выганялі нас на працу пяцёркамі. «Крок улева, крок управа — адкрываем агонь». Ставяць у балота: «Сядай, кладзіся, паўзі!» У лесе канваір пераставіў тычку каля ўчастка, дзе былі павінны працаваць, і забіў маладую манашку. За што атрымаў нейкае ўзнагароджанне. Забітую манашку прынеслі ў лягер, збілі беднай карытца і закапалі».

У 1956 г. вызваленая, вярнулася ў Беларусь. Неўзабаве выйшла замуж за былога палітвязня Юзафа Дамброўскага з-пад Гродна, з якім пазнаёмілася ў Тайшэце і які сядзеў за АК. Выехала ў Польшчу. Нейкі час сям'я жыла ў Варшаве, потым пераехала ў Сопат. Нарадзілася дачка і сын.

Актыўна ўдзельнічае ў працы аб'яднання колішніх палітвязняў. Удзельнічала ў напісанні ўспамінаў для кнігі Міхася Чарняўскага «Ня бойцеся ахвяраў і пакут». Жыве ў Сопаце, Польшча.

Зноскі

  1. http://www.slounik.org/154938.html Біяграфія Леакадзіі Цыбоўскай

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956. Даведнік, — Мінск, 1999. — ISBN 985-6374-07-3.
  • Чарняўскі Міхась. Ня бойцеся ахвяраў і пакут. — Вільня, 2006. — ISBN 978-9857-0620-58.
  • Чарняўскі М. М. Да гісторыі Мядзельска-Смаргонскага вучнёўскага падполля // Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі ў ХХ стагоддзі: Матэрыялы нав.-практ. канферэнцыі (Менск, 27—28 лютага 1998 г.). Мн., 1998.