Перайсці да зместу

Леан Зянковіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Леан Зянковіч
Род дзейнасці паэт, пісьменнік
Дата нараджэння 11 красавіка 1808(1808-04-11)[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 12 снежня 1870(1870-12-12)[1] (62 гады)
Месца смерці
Альма-матар
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Леан Зянковіч (польск.: Leon Zienkowicz; 11 красавіка 1808, маёнтак Ляхі каля Пружан, цяпер вёска Пружанскага раёна — 12 снежня 1870) — паэт, публіцыст, мемуарыст[2].

Нарадзіўся ў сям’і дробнага шляхціца. Вучыўся ў Свіслацкай гімназіі, Варшаўскім універсітэце, быў сябрам тайных вучнёўскіх таварыстваў. Удзельнік паўстання 1830—1831, ад’ютант камандзіра ганаровай аховы кіраўніка паўстання Юзафа Хлапіцкага, потым паручнік 9-га ўланскага палка, у яго складзе ўдзельнічаў у баявых дзеяннях супраць расійскай рэгулярнай арміі. 16.9.1831 перайшоў межы Галіцыі[2]. Пасля паражэння Паўстання эмігрыраваў у Францыю, бо не хацеў прысягаць расійскаму імператару Мікалаю I.

У 1833 Л. Зянковіч стаў адным з арганізатараў паўстанцкіх атрадаў з былых інсургентаў у эміграцыі, з мэтай аднаўлення ўзброенай барацьбы супраць Расіі за незалежнасць Рэчы Паспалітай. Аднак спроба такім чынам вярнуцца на радзіму не мела поспеху. Пасля гэтага Л. Зянковіч пасяліўся ў Кракаве (тымчасова ў Аўстрыі) і прыняў удзел у стварэнні тайнай арганізацыі «Саюз польскага народа».

У 1837 Л. Зянковіч далучыўся да польскага эмігранцкага Дэмакратычнага таварыства ў Францыі, якое ўзначальваў адзін з былых кіраўнікоў паўстання Адам Ежы Чартарыйскі. Як прадстаўнік арганізацыі, Л. Зянковіч таемна наведваў радзіму, каб наладзіць сувязі з патрыятычнымі сіламі.

Падчас буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі 1848—1849 гадоў у Аўстрыйскай імперыі Л. Зянковіч адправіўся ў Галіцыю, каб удзельнічаць у барацьбе, потым аказаўся ў Кракаве, дзе быў абраны кіраўніком Аддзела ўнутраных спраў і паліцыі ў мясцовым нацыянальным камітэце — органе рэвалюцыйнай улады ў горадзе. Пасля паражэння рэвалюцыі Л. Зянковіч, як «недабранадзейная асоба», не мог знаходзіцца ў Аўстрыі і выехаў у Англію. Потым сталым месцам жыхарства былі Францыя і Швейцарыя, дзе Л. Зянковіч актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю.

У 1830-х у Кракаве Л. Зянковіч пачаў выдаваць «Усеагульны часопіс навук і рамёстваў» (“Powszechny Pamiętnik Nauk i Umiejętności”) на польскай мове. У 1839—1844 у Парыжы і Страсбурзе рэдагаваў сатырычна-палітычны часопіс на польскай мове «Pszonka» («Пшонка»), які меў шырокі грамадскі рэзананс. Л. Зянковіч аўтар вершаваных твораў «Узнагарода за нявернасць», «Роздум», гісторыка-краязнаўчых і літаратурных прац — ілюстраванага этнаграфічнага альбома «Les costumes du peuple polonais...» («Польскі народ, ці Дакладнае апісанне звычаяў, нораваў, адзення яго і г.д.», 1841, ілюстрацыі Яна Непамуцэна Лявіцкага; змяшчае падрабязнае апісанне побыту і адзення жыхароў Міншчыны, Гродзеншчыны, Белавежскай пушчы і Падляшша), «Палітычны агляд пісьменства польскай эміграцыі» (1847), «Палітычны агляд гісторыі Польскай дзяржавы» (1864—1865, у 4 тамах), «Палітычны агляд гісторыі польскай літаратуры» (1867, у 2 тамах).

Найбольшую вядомасць набыў мемуарны твор Л. Зянковіча — «Вечары ляха з Ляхаў, ці Гутаркі пры каміне старога польскага літаратара», дзе змешчаны ўспаміны пра бацькоў і дзяцінства, вучобу ў Свіслачы і Варшаве, разважанні пра выхаванне і адукацыю моладзі, пра долю прыгонных, у т.л. ідэі распрыгоньвання і пашырэння адукацыі сярод простага народа.

Ілюстрацыі да альбома «Les costumes du peuple polonais» (1841)

[правіць | правіць зыходнік]

Літаграфіі мастака Яна Непамуцэна Лявіцкага з альбома Л. Зянковіча, прысвечаныя землям гістарычнай Беларусі і Літвы:

Зноскі

  1. 1 2 3 zespół autorów Інтэрнэт-энцыклапедыя PWN
  2. 1 2 Гарбачова Вольга. Удзельнікі паўстання 1830–1831 гг. на Беларусі. – Мінск, 2006. – С. 154-155.
  • Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Гал. рэд. Б. I. Сачанка. — Мн.: БелЭн, 1995.— 672 с. ISBN 985-11-0016-1

Шаблон:Commons-інлайн