Страсбур

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Страсбург)
Jump to navigation Jump to search
Горад
Страсбур
фр.: Strasbourg
Сцяг Герб[d]
Сцяг Герб[d]
Strasburg.jpg
Краіна
Каардынаты
Кіраўнік
Заснаваны
Ранейшыя назвы
Страсбур
Плошча
  • 78,26 км²[2]
Вышыня цэнтра
143 м
Водныя аб’екты
Насельніцтва
Часавы пояс
Тэлефонны код
388, 390, 368
Паштовыя індэксы
67000[6], 67100[6] і 67200[6]
Афіцыйны сайт
strasbourg.eu(фр.) (ням.) (англ.) 
Страсбур на карце Францыі
Страсбур (Францыя)
Страсбур

Страсбу́р[7] (фр.: Strasbourg, лац.: Argentoratum), або Штра́сбург (ням.: Straßburg) — горад у Францыі, адміністрацыйны цэнтр рэгіёна Гранд-Эст і дэпартамента Ніжні Рэйн, гістарычная сталіца Эльзаса. Размешчаны на рацэ Іль, за 3 км на захад ад Рэйна на мяжы з Германіяй, насупраць нямецкага горада Кель. Горад мае статус еўрапейскай сталіцы з 1992 года, бо з’яўляецца месцам пасяджэння Савета Еўропы з 1949 года і Еўрапейскага Парламента з 1992 года. Страсбур з’яўляецца адным з ключавых цэнтраў эканомікі паўночнага ўсходу Францыі, дзе развіваецца фінансавая і банкаўская дзейнасць, з’яўляюцца інавацыі ў галіне медыцыны і інжынерыі (у прыватнасці стварэнне аўтамабіля будучых пакаленняў).

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Страсбур: былы квартал гарбароў «Маленькая Францыя»

Першыя людзі на тэрыторыі Страсбура з’явіліся яшчэ ў эпоху неаліту. У 1300 годзе да нараджэння Хрыстова ў гэтых мясцінах селяцца пратакельты. У ІІІ стагоддзі да н.э. тут з’яўляецца кельцкае мястэчка Аргентратэ, з паганскім капішчам і рынкам. У 58 годзе да н.э. у Эльзас прыходзяць рымляне і ў 12 годзе да н.э. утвараюць з былога кельцкага паселішча ўмацаваны лагер Аргентратум, які ў 20 годзе н.э. ужо налічваў 10 000 жыхароў. У 355 годзе яго абрабавалі алеманы, аднак ужо ў 357 годзе яго зноў узялі рымляне. У 406 годзе германцы зноў захапілі Аргентратум, а ў 451 годзе яго цалкам знішчылі войскі Атылы.

Аднак ужо ў 496 годзе франкі аднавілі горад, надаўшы яму новую назву Стратэбургум. Пасля хрышчэння Хлодвіга горад становіцца цэнтрам біскупства і хутка развіваецца. У 842 годзе ў горадзе адбылася важная гістарычная падзея: унукі Карла Вялікага Карл Лысы і Людовік Нямецкі, якія аб’ядналіся супраць іх брата Лотара, даюць прысягу падзяліць Франкскую імперыю. У 843 годзе, калі гэты падзел ажыццявіўся, Страсбур апынуўся ў валоданнях Лотара. У 962 годзе Страсбур уваходзіць у склад толькі што ўтворанай Свяшчэннай Рымскай імперыі, а ў 1201 годзе становіцца вольным горадам. У сярэдзіне XIV стагоддзя Страсбур, як і іншыя гарады Еўропы, закранула эпідэмія чумы. У XV стагоддзі горад становіцца важным цэнтрам Адраджэння: у прыватнасці, менавіта ў ім Іаган Гутэнберг выношвае ідэю стварэння друкарскага станка (ён гэта зрабіў у яго родным Майнцы; неўзабаве кнігадрукарні з’явіліся і ў Страсбуры).

У XIV стагоддзі Страсбур становіцца адным з першых цэнтраў пратэстантызму. Тут у пратэстанства пераходзіць вядомы швейцарскі гісторык Іаган Штумф. У 1621 годзе на аснове пратэстанцкай гімназіі паўстаў Страсбурскі ўніверсітэт[8]. У XVII стагоддзі канфлікт паміж каталікамі і пратэстантамі выліўся ў Трыццацігадовую вайну. Яна скончылася ў 1648 годзе, і згодна з Вестфальскім мірам значная частка Эльзаса перайшла Францыі. Што датычна Страсбура, ён заставаўся свабодным імперскім горадам да 1681 года, пакуль яго не ўзяў французскі кароль Людовік XIV. У XVIII стагоддзі горадам кіруюць біскупы — прадстаўнікі рода Раганаў. У гэты час, у прыватнасці, павышаецца прэстыж мясцовага ўніверсітэта: у ім навучаюцца прадстаўнікі розных краін, ад Вялікабрытаніі да Расіі, найбольш знакамітым з якіх быў, бадай што, Гётэ.

Падчас Французскай рэвалюцыі 1789 года малады французскі паэт Ружэ дэ Ліль стварыў у Страсбуры «Песню Рэйнскай арміі», якая стала сімвалам гэтай рэвалюцыі і пазней набыла вядомасць як Марсельеза. У XIX стагоддзі горад наведвае Напалеон: ён начуе ў палацы Раганаў, а ў мясцовай аранжарэі загадвае пабудаваць павільён у гонар яго каханкі Жазефіны. У 1847 годзе са Страсбура да Парыжа праходзіць чыгунка. У 1871 годзе, у выніку франка-прускай вайны, ён зноў становіцца нямецкім, аднак пасля Першай сусветнай вайны зноў пераходзіць да Францыі. У 1940 годзе Эльзас быў акупаваны гітлераўскай Германіяй, а ў 1945 годзе канчаткова становіцца французскім. Дзякуючы свайму геаграфічнаму становішчу з 1949 года Страсбур становіцца месцам знаходжання розных еўрапейскіх устаноў: Савета Еўропы, Еўрапейскага парламента, Еўрапейскага суда па правах чалавека.

Славутасці[правіць | правіць зыходнік]

Страсбур: Крытыя масты, паміж якімі відны Кафедральны сабор

Сімвалам Страсбура безумоўна з’яўляецца сабор, пабудаваны з 1277 па 1439 гады (на месцы, дзе раней ужо неаднаразова існавалі рэлігійныя пабудовы), вышыня яго шпіля — 142 м, такім чынам, ён доўгі час (да сярэдзіны XIX ст.) заставаўся найвышэйшай царквой у свеце, пакуль яго не абыйшлі спачатку Кёльнскі, а потым Ульмскі сабор. У Страсбурскім саборы бачны ўплыў як рэйнска-нямецкіх, так і традыцый французскага Іль-дэ-Франс. Акрамя сярэдневечных парталаў і вітражоў, аргана XVIII стагоддзя, ён вядомы яшчэ і астранамічным гадзіннікам XVI ст. — шэдэўрам стылю Рэнесанс.

Страсбурскі сабор. Заходні фасад

На Кафедральнай плошчы знаходзіцца так званы дом Камерцэля — багата дэкараваны будынак XVI стагоддзя, а непасрэдна за саборам — палац Раганаў — біскупаў, якія кіравалі горадам у XVIII ст. Горад налічвае яшчэ шмат касцёлаў і кірхаў, сярод якіх Святога Фамы (фр.: Saint-Thomas — галоўная пратэстанцкая кірха горада, пабудаваная ў XII—XV стагоддзях, у якой пахаваны Морыц Саксонскі, кірха Св. Вільгельма (фр.: Saint-Guillaume) пачатку XIV ст., касцёл Св. Магдалены, неагатычная кірха Св. Паўла (XIX ст.) і інш.

Іншай выдатнай мясцінай Страсбура з’яўляецца былы квартал гарбароў Маленькая Францыя (гэта рамантычная назва мае нерамантычнае паходжанне: у часы, калі горад яшчэ не быў французскім, тут быў размешчаны шпіталь для хворых «французскай хваробай» — сіфілісам. У квартале захавалася шмат сярэдневечных фахверкавых дамоў, а некалькі каналаў робяць яго падобным да Венецыі. Мяжой квартала з’яўляюцца Крытыя масты (XIII ст.). Увесь гістарычны цэнтр Страсбура ў 1988 г. быў уключаны ў Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Рэйнскі палац

Непасрэдна на паўночны ўсход ад гістарычнага цэнтра знаходзіцца так званы Нямецкі горад, пабудаваны ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў, калі Страсбур належыў кайзераўскай Германіі: з плошчы Рэспублікі (былой Імперскай), дзе таксама знаходзяцца Рэйнскі палац і будынак Нацыянальнай універсітэцкай бібліятэкі (другой паводле велічыні ў Францыі) прамая шырокая вуліца ідзе да ўніверсітэцкага палаца — галоўнага будынка Страсбурскага ўніверсітэта.

Палац Еўропы

Вартым ўвагі з’яўляецца таксама Еўрапейскі квартал з будынкамі Еўрапарламента, Палаца Еўропы, у якім адбываюцца пасяджэнні Савета Еўропы, і палаца Суда па правах чалавека.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Тэатры, музыка[правіць | правіць зыходнік]

Страсбур мае некалькі тэатраў: Нацыянальны тэатр (адзіны ў Францыі тэатр са статусам нацыянальнага акрамя Парыжскага), тэатр юнага гледача, тэатр-кабарэ рэгіянальнага (эльзаскага) кірунку. Акрамя таго, горад вядомы сваёй Рэйнскай операй і г. зв. горадам (палацам) музыкі і танцу.

Музеі[правіць | правіць зыходнік]

Палац біскупаў Раганаў

Страсбур таксама багаты музеямі. Гэта музей прыгожых мастацтваў, дзе прадстаўлены шэдэўры італійскіх, фламандскіх, іспанскіх, французскіх і іншых мастакоў, музей дэкаратыўных мастацтваў, археалагічны (усе тры размешчаны ў палацы Раганаў), музей Страсбурскага сабора, музей Эльзаса, гістарычны, сучаснага мастацтва, заалагічны, планетарыум, шакаладу (у прадмесці) і інш.

Вышэйшыя навучальныя ўстановы[правіць | правіць зыходнік]

Страсбурскі ўніверсітэт быў заснаваны ў 1538 годзе як пратэстанцкая гімназія, якая ў 1566 годзе была пераўтворана ў Акадэмію, а ў 1621 — у Лютэранскі ўніверсітэт. У 1970 годзе ён быў падзелены на 3 ўніверсітэты: імя Луі Пастэра (з ухілам на дакладныя навукі), імя Марка Блока (гуманітарныя навукі) і імя Рабера Шумана (юрыдычна-паліталагічны ўхіл). Аднак з 1 студзеня 2009 яны зноў былі аб’яднаны ў адзіны ўніверсітэт, дзе навучаецца каля 40 000 чалавек, 21,9 % з якіх — замежнікі. Яшчэ каля 12 000 чалавек навучаюцца ў іншых ВНУ горада (Нацыянальная школа Адміністрацыі, Еўрапейская школа хіміі, Вышэйшая школа дэкаратыўных мастацтваў і інш.)

Транспарт[правіць | правіць зыходнік]

Трамвай у цэнтры Страсбура (на плошчы Жалезнага чалавека)

У гарадскім транспарце горада дамінуе сучасны трамвай — у канцы XX стагоддзя Страсбур стаў адным з першых гарадоў Францыі, які ўвёў у эксплуатацыю такі тып трамваяў. Станам на 1 студзеня 2016 года ў горадзе меліся 6 яго маршрутаў: A, B, C, D, E i F (без уліку лініі G, якая па сутнасці, з’яўляецца хуткасным аўтобусам). Акрамя таго, гараджан абслугоўваюць аўтобусы: 30 маршрутаў у межах горада і яшчэ 11 — у межах агламерацыі.

Страсбур мае шырокую сетку роваравых сцежак: толькі станам на 2006 год іх было 474 км — першае месца ў Францыі. Гэтай сеткай ён звязаны і з іншымі еўрапейскімі гарадамі.

Страсбур з’яўляецца таксама важным вузлом аўта- і чыгуначных дарог. З 10 чэрвеня 2007 года ён звязаны з Парыжам хуткасным цягніком TGV, што амаль у два разы (з 4 гадзін да 2 г 20 хв.) скараціла час падарожжа ад яго да французскай сталіцы.

Горад мае і аэрапорт, аднак з-за адноснай блізкасці іншых аэрапортаў (Франкфурт, Карлсруэ-Бадэн, Базель) яго значэнне абмежавана.

Выбітныя ўраджэнцы і жыхары[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]