Перайсці да зместу

Свіслацкая гімназія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Свіслацкая гімназія
Заснавана 1804
Тып гімназія
Краіна
Размяшчэнне

Свіслацкая гімназія — адна з 8 сярэдніх навучальных устаноў адкрытых на тэрыторыі Беларусі і Літвы паводле плану ўтварэння Віленскай навучальнай акругі, распрацаванага кіраўніцтвам Віленскага ўніверсітэта на чале з рэктарам Янам Снядэцкім.

Заснавана ў 1804 годзе як Гродзенская губернская акадэмічная гімназія на сродкі графа Вінцэнта Тышкевіча (1757—1816), уласніка мястэчка Свіслач. Адкрыта ў 1805 годзе. У 1834 годзе пераўтворана ў павятовую гімназію. У 1835 годзе Свіслацкая павятовая гімназія рэаргагнізавана ў павятовае вучылішча, а потым ў пяцікласнае дваранскае вучылішча, закрытае ў 1851 годзе.

Як Гродзенская губернская акадэмічная гімназія прызначалася для навучання моладзі з Брэсцкага, Пружанскага, Кобрынскага, Ваўкавыскага, Слонімскага і Гродзенскага паветаў.

Граф Вінцэнт Тышкевіч і Свіслацкая гімназія

[правіць | правіць зыходнік]

Уладальнік Свіслачы граф Вінцэнт Тышкевіч аказаў вялікую матэрыяльную дапамогу і падтрымку пры стварэнні гімназіі. Ён ахвяраваў гімназіі будынак і грошы на яго мураваную перабудову (архітэктар Шульц), а таксама завяшчаў 20 тысяч рублёў серабром. Паводле ўспамінаў Леана Патоцкага, «паліва для гімназіі дастаўлялася са свіслацкага двара, а для бяднейшых студэнтаў Тышкевіч наймаў пакоі з уласнай кішэні, а многіх з іх утрымліваў за свой кошт поўнасцю». Не толькі матэрыяльна падтрымліваў гімназію ўладальнік Свіслачы.

«Ён дбаў пра маральнасць моладзі. З дапамогай заведзенай ім паліцыі яму былі вядомыя паводзіны кожнага студэнта, можа лепш, як школьнай уладзе. Ад інспектара гімназіі ён дамагаўся, каб вінаватага пакаралі за найменшую правіннасць. Часта нават прысутнічаў разам з настаўнікамі на студэнцкіх судах. Тых, што вучыліся добра і мелі прыкладныя паводзіны, умеў вылучаць сярод іншых, рабіў ім неспадзяванкі, малодшых абдорваў садавіною або цукеркамі, старэйшых добрай і карыснай кніжкаю. Кожны год увесну наладжваў для студэнтаў маёўку, завітваў на экзамены і падчас урачыстага акту сам раздаваў узнагароды. Калі праз некалькі гадоў сустракаўся з былым вучнем свіслацкіх школ, вітаўся з ім як са сваім і ніколі не адмовіў таму, хто меў патрэбу ў дапамозе і пратэкцыі»[1].

Навучанне разлічвалася на 7 гадоў. Вучэбны план гімназіі быў падобны да планаў павятовых вучылішчаў, але быў больш шырокі і разнастайны. Асноўнай мовай навучання была польская.

Свіслацкая гімназія была дастаткова буйной навучальнай установай. Тут у розныя гады вучыліся ад 200 да 300 вучняў. Сюды прыязджалі не толькі дзеці мясцовай ваўкавыскай шляхты, але навучэнцы з розных куткоў Гродзенскай губерні. Для іх, дзякуючы дабрачыннасці Тышкевіча, быў зроблены інтэрнат.

Выкладчыкі і навучэнцы Свіслацкай гімназіі складалі значную частку жыхароў мястэчка. Выкладчыкі і навучэнцы гімназіі складалі значную долю жыхароў Свіслачы, у 1816 годзе карэнная насельніцтва мястэчка складала 614 чалавек, а выкладчыкі і вучні гімназіі ў 1818 годзе — 328 чалавек, разам — 942 чалавекі, то-бок 35 % жыхароў былі звязаны з навукай і асветай[2].

Год Выкладчыкі Вучні
1805 6 84
1818 10 318
1827 10 і 4 у павятовым вучылішчы 108 і 165 у павятовым вучылішчы
1830 16 і 6 у павятовым вучылішчы 110 і 196 у павятовым вучылішчы
1835 16 332

Кіраўніцтва і выкладчыкі Свіслацкай гімназіі

[правіць | правіць зыходнік]

Гімназія ў Свіслачы была базавай школай Віленскага ўніверсітэта, у параграфе 1 Устава Віленскай навучальнай акругі гаворыцца: «Свислочская гимназия передается в непосредственное ведение и университета». Універсітэт падбіраў кадры для гімназіі, даваў вучэбныя дапаможнікі, папаўняў бібліятэку. Таму гімназія ў Свіслачы адрознівалася высокім узроўнем навучання і мела вялікую вядомасць. Атрымала афіцыйную назву Гродзенская губернская гімназія ў Свіслачы.

Кіраўніцтва Віленскага універсітэта паклапацілася аб высокім узроўні выкладання ў Свіслацкай гімназіі. Першым яе дырэктарам стаў Яцэк Крусінскі, доктар філасофіі, аўтар прац па методыцы выкладання матэматыкі і правядзення метэаралагічных назіранняў. Штат настаўнікаў падбіраўся з лепшых выпускнікоў Віленскага і часткова Варшаўскага універсітэтаў. Таму ўзровень выкладання ў гімназіі быў высокім, а праграма — шырокай і разнастайнай. Гімназія забяспечвалася ўсім неабходным для ўладкавання вучэбнага працэсу на грошы В. Тышкевіча. Тут былі добра абсталяваныя фізічны, матэматычны, нумізматычны і мінералагічны кабінеты, багатая бібліятэка[2].

У 1820-я гады гімназіяй кіраваў А. Сухадольскі, а ў час рэарганізацыі яе ва вучылішча — Грацэрт. Ва ўстанове вывучалі матэматычныя навукі, гісторыю, мовы (старажытнагрэчаскую, польскую, лацінскую, рускую, французскую), маляванне (з 1820-х — тапаграфічны малюнак, чарчэнне), геаграфію, прыродазнаўчыя навукі, літаратуру.

У фондах ДАРФ у Маскве захоўваецца «Справа аб экзаменах у Свіслацкай гімназіі. 1840 г.»[2] Сутнасць яе ў разглядзе накіраванага на імя імператара даносу на дырэктара гімназіі Грацэрта, які нібыта быў невукам, чым карысталіся студэнты падчас экзаменаў, атрымлівалі высокія адзнакі і медалі: «Во время экзаменов в Свислоцкой гимназии ученики до такой степени пользовались невежеством Директора, что один из них, не найдя условно предназначенного для него билета вынул случайно билет о географии Австралии и не имея об оной понятия начал говорить о Сахаре и получил 5 баллов. Таковым невежеством пользовались и многие ученики с помощью профессоров, а ученик Горбачевский, также обманывавший Директора, получил серебряную медаль». Звесткі, якія былі сабраныя з гэтай нагоды, сведчылі, што Грацэрт скончыў Віленскі універсітэт, меў ступень кандыдата, з 1838 года займаў пасаду дырэктара гімназіі ў Свіслачы, а Гарбачэўскі належаў да лепшых яе выхаванцаў. Для агляду гімназіі быў накіраваны дырэктар Віленскага дваранскага інстытута Галер, які ў сваёй справаздачы адзначыў: «Обвинения Грацерта в невежестве и злоупотреблениях не имеют никакого основания, носят на себе в полной мере печать клеветы… и личной недоброжелательности сочинителя оной статьи к Директору… Касательно учебной части я при настоящем обозрении гимназии еще более прежнего убедился как в особенно похвальном усердии преподавателей, так и в прилежании учащихся…».

Гімназія мела моцны прафесарска-настаўніцкі склад. Тут працавалі Леан Бароўскі — настаўнік мовы і літаратуры; Іван Вольскі — настаўнік фізікі, аўтар шматлікіх навуковых артыкулаў; Максіміліан Якубовіч — настаўнік лацінскай і грэчаскай моў, аўтар граматыкі лацінскай мовы і навуковай працы «Философия христианства»; Ігнацы Шыдлоўскі — настаўнік рыторыкі, вядомы пісьменнік, працаваў прафесарам Віленскага ўніверсітэта; Ян Чачот (не філамат) — настаўнік геаграфіі[3], малюнак у 1841—1847 гадах выкладаў выпускнік Віленскай мастацкай школы Палікарп Ётэйка.

Тайныя таварыствы навучэнцаў

[правіць | правіць зыходнік]

Заняткі ў гімназіі праходзілі па распарадку дня. Навучэнцы уставалі ў 6 гадзін раніцы, клаліся спаць у 10 гадзін вечара. Выконваць урокі гімназісты павінны былі з паловы сёмага і да часу, калі трэба было ісці на заняткі. Пасля заняткаў давалася дзве гадзіны, каб вярнуцца дадому і пагуляць. Потым быў час на выконванне ўрокаў і асабліва такіх пісьмовых работ, якія не патрабавалі вялікага разумовага напружання. Пасля гэтага адводзіліся яшчэ 2 гадзіны на абед, прагулку, а затым зноў 2 гадзіны на выконванне ўрокаў. Забаранялася піць моцныя напіткі і курыць тытун, а таксама спрэчкі. Навучэнцы не павінны былі ілгаць і крывадушнічаць. Гімназісты павінны былі імкнуцца да самаўдасканалення.

Высокі ўзровень навучання, багатая бібліятэка, добры настаўніцкі склад садзейнічалі не толькі атрыманню добрых ведаў, але і развіццю вальнадумства сярод студэнтаў. Формай арганізацыйнага і ідэйнага з’яднання дэмакратычных сіл былі розныя тайныя таварыствы. У 1819 г. тут узніклі таварыствы «Навуковае» і «Маральнае». З рапарту рэктара Віленскага універсітэта міністру духоўных спраў і народнай асветы ад 25 кастрычніка 1825 г. вынікае, што «в 1819 г. ученики VI класса, коих числилось 11, в свободных от лекций часах собирались в лекционном зале и составляя товарищество читывали между собою стихи и речи, между таковыми были весьма неприличного и хулы достойного содержания…». З 1822 годзе ў Свіслацкай гімназіі дзейнічала тайнае таварыства «Заране», выкрытае ў кастрычніку 1823 года. 46 чалавек арыштаваны або трапілі пад нагляд паліцыі, частка выкладчыкаў была пераведзена ў іншыя навучальныя ўстановы. Але гэтыя меры не зменшылі напружанасці ў Свіслачы. У студзені 1825 года рэктар Віленскага універсітэта загадаў дырэктару гімназіі забараніць сходы вучняў, а таксама і мясцовых жыхароў. Вайсковаму патрулю загадвалася бесперапынна сачыць за гімназіяй, што не перашкодзіла тайнаму гуртку «Ваенныя сябры» заснаваць у 1825 годзе тут свой філіял. У час паўстання 1830—1831 гадоў рабілася спроба падрыхтаваць у Свіслачы паўстанне з удзелам гімназістаў, але план не быў здзейснены.

Ліквідацыя гімназіі

[правіць | правіць зыходнік]

Свіслацкая гімназія некалькі разоў перажыла карэннае пераўладкаванне, выкліканае, найперш, палітычнымі прычынамі моцны ўдар па гімназіі быў нанесены рэпрэсіямі ў сувязі з выкрыццём тайных таварыстваў. Быў не толькі зменены выкладчыцкі калектыў, але і ўведзены экстраардынарныя сродкі і метады нагляду, быў зменены вучэбны план гімназіі. Ствараецца асаблівая вучылішчная паліцыя.

Наступны ўдар па гімназіі быў пасля паўстання 1830—1831 гадоў. Парадзелі шэрагі таленавітых выкладчыкаў, зменшыўся прыток здольных вучняў. Сярод прычын гэтага было закрыццё Віленскага ўніверсітэта (1832) і адкрыццё ў красавіку 1834 гімназіі ў Гродна. Свіслацкая гімназія пераўтварылася ў ардынарную павятовую. У 1835 гімназія была рэарганізавана ў павятовае вучылішча, а потым у пяцікласнае дваранскае вучылішча. Канчаткова Свіслацкая гімназія закрыта ў 1851 годзе, калі дваранскае вучылішча перавялі ў Шаўлі.

Спробай аднавіць у Свіслачы гімназічную адукацыю было стварэнне ў 1860 годзе на базе павятовага вучылішча першай у Расійскай імперыі чатырохкласнай прагімназіі (разам з Маладзечанскай). Вучэбны курс яе адпавядаў першым чатыром класам поўнай гімназіі, куды потым выпускнікоў прагімназіі прымалі без экзаменаў у пяты клас. Прагімназія ў Свіслачы была зачынена пасля задушэння паўстання 1863—1864 гадоў. Замест яе прадпісвалася адкрыць двухкласнае народнае вучылішча.

НГАБ у Гродне захавала справу «Аб адкрыцці ў маёнтку Свіслач школы аграномаў», якая змяшчае праект стварэння на базе Свіслацкай гімназіі земляробчай школы на ўзор Горы-Горацкай. У пастанове Гродзенскай палаты дзяржаўных маёмасцей ад 13 верасня 1844 года адзначалася: «К устройству агрономической школы в м. Свислочи благоприятствует в особенности, что в означенном местечке находится гимназия; самое же имение Свислочь <…> с удобностью может быть назначена на ферму для практических занятий и опытов усовершенствованного хозяйства». Планавалася поўны курс навучання падзяліць на тры гады, на першы год колькасць навучэнцаў абмяжоўвалася 12 чалавекамi, аднак адзначалася, што «по мере распространения института количество их может быть увеличено». Такім чынам, Свіслач магла стаць і цэнтрам спецыяльнай прафесійнай адукацыі — агранамічнай. Аднак, праект не ажыццявілі[2].

З 1875 года ў комплексе былой гімназіі размяшчалася Свіслацкая настаўніцкая семінарыя, дзе рыхтавалі настаўнікаў для пачатковых школ — народных вучылішч. Установа была прасякнута манархічным духам. Аднак, з яе выйшлі дзясяткі актыўных беларускіх дзеячаў міжваеннага часу: Іосіф Баліцкі, Аляксандр Грыкоўскі, Мікола Дзямідаў, Стафан Жабінскі, Макар Касцевіч (Макар Краўцоў), Аляксандр Коўш і іншыя. У час Першай сусветнай вайны тут пачала дзейнасць Свіслацкая беларуская настаўніцкая семінарыя, змененая ў 1923 годзе на польскую, якую ў 1935 годзе назвалі імем Рамуальда Траўгута.

Вядомыя навучэнцы

[правіць | правіць зыходнік]

Пасляваенны час

[правіць | правіць зыходнік]

З 1944 года — Свіслацкая сярэдняя школа. З 1987 — Свіслацкая сярэдняя школа № 1 імя Кастуся Каліноўскага. З 2005 — гімназія № 1 імя Кастуся Каліноўскага. З 2023 года — гімназія № 1 імя Праскоўі Васіленка[4].

Планіроўка будынкаў адпавядала класіцыстычным нормам (праект Я. Шантыра). Па-першае, гэта трохчасткавая кампазіцыя — на адной лініі з цэнтральным аднапавярховым галоўным корпусам знаходзіліся два сіметрычныя невялікія флігелі. У вырашэнні будынкаў прысутнічала нязменная каланада: у галоўнага корпуса — чатырнаццацікалонны порцік, у флігелях — шасцікалоннныя. Характэрнае для класіцызму размяшчэнне парадных пакояў на першым плане і адвядзенне ўвагі ад жылых памяшканняў таксама прысутнічаюць у будынках гімназіі[5].

У час Вялікай Айчыннай вайны галоўны буднак гімназіі быў пашкоджаны і разабраны на цэглу. На яго месцы з’явілася раённая бальніца, якой належыць захаваны правы флігель некалі вядомай навучальнай установы[6].

Зноскі

  1. Патоцкі, Л. Успаміны пра Тышкевічаву Свіслач, Дзярэчын і Ружану / укл., прадмова, камент. А. М. Філатавай. Мінск, 1997. С. 40.
  2. а б в г Соркіна Іна. Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII — першай палове ХІХ стагоддзя. — Вільня: Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, 2010. — С. 256—258.
  3. Юркевіч Зм. Два Яны, два Чачоты Архівавана 1 красавіка 2019. // Культура № 4 (1391), 26.01.2019.
  4. Сайт гімназіі
  5. Лазука Б.А. Беларуская архітэктура XIX - пачатку XX стагоддзя // Гісторыя сусветнага мастацтва. Рускае і беларускае мастацтва XIX - пачатку XX стагоддзя. — Беларусь, 2011. — С. 335. — 431 с. — ISBN 978-985-01-0880-7.
  6. Герасімчык Васіль. Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда. — Гродна: Юрсапрынт, 2018. — С. 28-35.
  • Пракопік А. Свіслацкая гімназія і яе выпускнікі // Беларускі гістарычны часопіс. — 2008. — № 2. — С. 68—73.
  • Самусік А. Свіслацкая гімназія // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2003. — С. 262. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0276-8.
  • Сві́слацкая гімназія // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 652. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.