Магілёўскі замак

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Замак
Магілёўскі замак
Магілёўскі замак на макеце Магілёва. Музей гісторыі Магілёва
Магілёўскі замак на макеце Магілёва. Музей гісторыі Магілёва
53°53′38,15″ пн. ш. 30°19′39,79″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Горад Магілёў
Будаўніцтва 1526—??? гады
Статус Не захаваўся

Магілёўскі замак існаваў у XVI—XIX стагоддзях. Пабудаваны ў 1526 г. на месцы старажытнага грунтавога могільніка эпохі Кіеўскай Русі на высокім узгорку са стромкімі схіламі пры ўпадзенні р. Дубравенкі ў Дняпро.

Плошча больш за 1 га. Умацаваны па перыметры пясчана-гліняным абарончым валам (вышынёй 5 м, шырынёю ў аснове каля 16 м), на якім (паводле інвентара 1604 г.) стаялі 7 вежаў (з іх 2 вежы-брамы з пад’ёмнымі мастамі), злучаных сценамі-гароднямі, накрытымі гонтавымі стрэшкамі. Вёжы (тры 5-ярусныя, чатыры 4-ярусныя; ніжнія ярусы 4-гранныя, верхнія — 8-гранныя) былі накрыты 4-схільнымі дахамі з драніц. На адной з вежаў быў бронзавы звон. З замка вялі патаемныя хады да Дняпра і Дубравенкі.

Археалагічныя даследаванні пацвердзілі звесткі Баркулабаўскага летапісу пра замак: «Лета 1526 большой замок зароблен і прінято много горы Могілы, на которой теперь замок Могілев стоіт». Ад назвы гэтай гары і атрымаў сваю назву замак. У 16 стагоддзі Магілёўскі замак меў драўляныя ўмацаванні зрубнай канструкцыі, цэйхгаўз для зброі і ваеннага рыштунку. Уначы ахоўвала варта. У ваенны час яго абаранялі жыхары Магілёва і воласці, y гароднях замкавых умацаванняў размяшчаліся іх сем’і са сваім скарбам.

У час паўстання пад кіраўніцтвам С. Налівайкі Магілёўскі замак спалены 13 снежня 1595, аднак хутка адноўлены, пра што сведчыць інвентар Магілёва за 1604. Замкавыя ўмацаванні складаліся з 7 вежаў і 2—3-ярусных гародняў, пастаўленых на высокім земляным вале. Цераз абарончы роў, які аддзяляў замак ад горада, быў перакінуты драўляны мост на палях. Яго апошні пад’ёмны пралёт — «узвод на ланцугах» — падводзіў да 5-яруснай «Горнай брамы». Астатнія 6 вежаў былі 3—5- ярусныя, a «Дольная» брама мела 4 ярусы. 3 боку замка да Дняпра і Дубровенкі вялі 2 патаемныя хады. Сцены гародняў і вежаў мелі таўшчыню ў 1—2—3 бервяны, з боку поля іх рабілі больш магутнымі і звычайна абмазвалі глінай. У 1633 г. замак згарэў. У 1638 г. адноўлены, меў выгляд астрога з 2 брамамі.

План Магілёўскага замка. XIX ст.

У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 з 6 лютага да 1 мая 1655 года Магілёўскі замак вытрымаў аблогу казацкіх войск, ад падкопаў замкавы вал моцна пацярпеў. У 16551660 замак аднавілі і рэканструявалі: з трох бакоў пабудавалі бастыёны, на дзядзінцы — разнастайныя гаспадарчыя пабудовы (пазней двойчы гарэлі). Бастыённыя ўмацаванні замка ў пачатку 19 стагоддзя знівеліраваны.

Археалагічныя даследаванні замка праводзілі М. А. Ткачоў (1982), З. Л. Яцкевіч (1990), І. М. Марзалюк (1992—96). У выніку даследаванняў Марзалюка даказана, што на гары Магіла ў 1213 стст. існавала ўмацаванае славянскае паселішча.

Бронзавы макет замка, устаноўлены ў парку Горкага

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9. — С. 466-467. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0155-9.
  • 28. Замшчышча // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Магілёўская вобласць / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. 13. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш.— Мн.: Беларус. Сав. Энцыклапедыя, 1986.— 408 с., іл.