Перайсці да зместу

Люцыян Кастравіцкі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Люцыян Кастравіцкі
Байбуза[d]
Байбуза[d]
Нараджэнне 1816
Смерць 1867
Род Кастравіцкія[d]
Бацька Самуэль Кастравіцкі
Маці Ганна з Залескіх[d]
Жонка Юзэфа з Сяклюцкіх[d]
Адукацыя

Люцыян Кастравіцкі (польск.: Lucjan Kostrowicki; 1816, Вена — 1867) — памешчык з роду Кастравіцкіх, землеўласнік у Лідскім павеце.

Належаў да каталіцкага сярэднезаможнага шляхецкага роду Кастравіцкіх герба «Байбуза». Сын Самуэля Кастравіцкага (1788—1859) і Ганны Залескай. Як і сёстры Мялання ды Юлія нарадзіўся ў Вене, куды пасля смерці свайго бацькі Ігната, які стала жыў там, пераехаў Самуэль.

Вучыўся ў Французскай ваеннай акадэміі Сен-Сір, быў здольным кадэтам і падчас візіту расійскага імператара, Аляксандра І ці Мікалая І, у Парыж быў яму прадстаўлены з вялікімі пахваламі. Аднак імператар, якому здалося, што гэта палітычны ўцякач, загадаў схапіць кадэта і пад вартай адправіць у Расію. Люцыян пехатой, пад канвоем прыйшоў на радзіму, але замест турмы, патрапіў пад амністыю, за ім быў устаноўлены нагляд. Тым не менш, выезд у Еўропу яму быў назаўсёды забаронены.

Люцыян Кастравіцкі ажаніўся з лідскай падкамаранкай Юзэфай Сяклюцкай. Яны мелі чацвёра дзяцей: Вінцэнта, Самуэля, Марціна і Ганну. Сям'я жыла ў Паперні. Кастравіцкім тады належалі Паперня з 3000 га зямлі, Ваверка з 6000 га, Кавалі з 3000 га, Касцянёва з 3750 га. Пэўны час ім належала Малое Мажэйкава. У першай палове XIX ст. ўладанні Кастравіцкіх налічвалі 17 000 га зямлі. З 1832 па 1850 г., Люцыян Кастравіцкі прадаў Кавалі, Ваверку і Паперню — 2/3 сваёй маёмасці і ўсе грошы перавёў сёстрам Мяланні і Юліі ў Вену. Потым самі Кастравіцкія лічылі, што грошы былі патрэбны на выхаванне ўнука Напалеона, якога па легендах сястра Мялання, якая знаходзілася ў бліжнім атачэнні жонкі Банапарта Марыі-Луізы, нарадзіла ад ягонага сына Напалеона II[1]. Пры Люцыяне Кастравіцкім засталося толькі Касцянёва.

Люцыян Кастравіцкі меў шмат дзіўных звычак. Напрыклад, ён заўсёды насіў 1000 рублёў. Гэтую вялікую суму разам з дакументамі ён трымаў у адмысловым скураным ворку на плячах пад бялізнай і таму заўсёды меў выгляд гарбуна. Калі яму даводзілася выкарыстаць частку грошай і «капітал на спіне» памяншаўся, Люцыян Кастравіцкі моцна нерваваўся, покуль зноў не папаўняў гэты запас да сумы ў 1000 рублёў.

Ян Люцыян Кастравіцкі пісаў: «Люцыян Кастравіцкі жыў у часовым доме, а руіны старога дома [ў Касцянёве] чакалі, покуль яго сын Самуэль закончыць курс архітэктуры ў Дэрпцкім універсітэце і пачне працаваць па прафесіі».

Падчас самазабойства нікога з родных каля яго не было, а паліцыянты, якія забралі цела нябожчыка, знялі з яго скураны ворак і не вярнулі не толькі грошы, але і паперы.

Магіла Юзэфы з Сяклюцкіх Кастравіцкай у Ішчалне

Жонка Юзэфа з Сяклюцкіх (пам. 1880), ад якой было чацвёра дзяцей, пахавана на касцёльным двары ў Ішчалне.

Дзеці:

  • Вінцэнт, выбраў ваенную кар’еру ў расійскай арміі;
  • Самуэль, вывучаў архітэктуру ў Дэрпце (Тарту), дзе пазней стаў галоўным архітэктарам;
  • Марцін (1855-1905) стаў электратэхнікам, пасля смерці бацькі нядоўга жыў у Касцянёве, але неўзабаве пераехаў у Варшаву;
  • Ганна.

Зноскі