Перайсці да зместу

Лядовы палац спорту (Гродна)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Лядовы палац спорту
Месцазнаходжанне Гродна, Беларусь
Пабудаваны 1989-1999
Адкрыты 7 снежня 1991
Хатняя каманда ХК Нёман Гродна
Умяшчальнасць 2487
Памеры поля 30x60
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Лядовы палац спорту (поўная назва Дзяржаўная ўстанова культурна-спартыўны комплекс «Лядовы палац спорту») — спарткомплекс у горадзе Гродна, Беларусь.

Умяшчальнасць — 2487 гледачоў, асноўнае прызначэнне — правядзенне матчаў па хакеі з шайбай. Арэна з’яўляецца дамашняй пляцоўкай хакейнага клуба «Нёман». У вольны ад спартыўных мерапрыемстваў час лядовая пляцоўка задзейнічана для правядзення масавых катанняў на каньках.

Гродзенскі Лядовы палац, рэканструяваны ў 1999 годзе

Лядовы палац спорту ў Гродне будаваўся паэтапна з 1989 па 1999 год. Афіцыйнае адкрыццё палаца адбылося 7 снежня 1991 года перад матчам з харкаўскім «Дынама». З 1991 года пачаў эксплуатавацца крыты каток. Паралельна вялося будаўніцтва абслуговых памяшканняў. У 1995 годзе пабудаваныя бытавыя памяшканні левага крыла, а ў 1997 годзе — правага.

Схема

Пасля наведвання 4 сакавіка 1998 года Лядовага палаца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам, было прынята рашэнне аб паскарэнні рэканструкцыі і будаўніцтва спартыўнага комплексу. У снежні 1999 пачала функцыянаваць асноўная частка палаца, уключаючы галоўны корпус з лядовай арэнай, глядзельнай залай, вестыбюльнай групай, кулуарамі і дапаможнымі памяшканнямі. Пры гэтым колькасць месцаў для гледачоў скарацілася з 3000 да 2487. Урачыстае адкрыццё абноўленага Лядовага палаца прайшло 11 снежня 1999 пры ўдзеле Аляксандра Лукашэнкі.

Апісанне арэны

[правіць | правіць зыходнік]
У Гродзенскім Лядовым палацы ў перапынку матчу

Асноўная частка комплексу — хакейная арэна з пляцоўкай 30x60 метраў. Трыбуны ўмяшчальнасцю 2487 гледачоў размешчаны ў выглядзе амфітэатра вакол арэны. Верхнюю частку трыбун па перыметры залы абгінае галерэя. Прадугледжана магчымасць трансфармавання лядовай пляцоўкі ў пляцоўку для гульнявых відаў спорту, спартыўных адзінаборстваў, цяжкай атлетыкі, гімнастыкі, бокса, а таксама ў сцэну для правядзення канцэртаў і іншых відовішчных мерапрыемстваў (пры канцэртнай кампаноўцы з танцпляцам прадаецца да 3500 квіткоў).

У Гродзенскім Лядовым палацы падчас гульні (ХК Нёман-ХК Гомель, 2011 год)

На арэне праводзяцца матчы і трэніроўкі хакейнага клуба «Нёман», вучэбна-трэніровачныя заняткі СДЮШАР № 10, заняткі групы па шорт-трэку, навучанне дзяцей фігурным катанні, масавыя катанні для насельніцтва. Лядовы палац спорту мае спартыўную залу 18х36 метраў для заняткаў валейболам, баскетболам, тэнісам. Дзейнічаюць фітнес-цэнтр з заламі сілавой падрыхтоўкі, аэробікі і харэаграфіі, медыка-аднаўленчы цэнтр з кабінетам масажу, гідрамасажу, саунай і салярыем. У Палацы размешчаны два кафэ і крама хакейнага спортінвентара, турбюро.