Ліёнскі абрад

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сабор святога Яна ў Ліёне
Імшал для ліёнскага абраду

Ліёнскі абрад (лац.: ritus Lugdunensis) — адзін з заходніх літургічных абрадаў, які да сярэдзіны XX стагоддзя выкарыстоўваўся ў архідыяцэзіі горада Ліён у Францыі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У адрозненне ад шматлікіх літургічных абрадаў, якія паходзяць са старажытных літургічных традыцый, адрозных ад рымскай, ліёнскі абрад з'яўляецца адменнікам апошняй і з гэтай прычыны часта завецца рымска-ліёнскім.

Ліёнскі абрад сфарміраваўся ў VIII — пачатку IX стагоддзя, калі архібіскуп Ліёна Лейдрад па даручэнні Карла Вялікага ўвёў у набажэнствы паводле рымскага абраду ў сваёй дыяцэзіі літургічныя элементы, прынятыя ў капэле палаца ў Ахене. У ліёнскім абрадзе таксама існуе шэраг рыс галіканскага абраду.

Ліёнскі абрад праіснаваў да Вялікай французскай рэвалюцыі. Калі ў горадзе было разбурана шмат дамоў, а многіх жыхароў расстралялі, абрад выйшаў з ужытку. Ён быў адноўлены толькі ў канцы XIX стагоддзя на перыяд у палавіну стагоддзя. Пасля літургічнай рэформы сярэдзіны ХХ стагоддзя, якая спрасціла літургію, зніклі і рысы, якія адрознівалі ліёнскі абрад ад рымскага.

Асаблівасці[правіць | правіць зыходнік]

Знешнія адрозненні ад лацінскага абраду амаль непрыкметныя. У асноўным, яны датычыліся парадку цэлебрацыі ўрачыстых богаслужэнняў, якія ўзначальваў ліёнскі архібіскуп пры вялікім колькасным удзеле святароў. Парадак такіх набажэнстваў прадуглеждваў вялікую колькасць нехарактэрных для рымскага абраду перамяшчэнняў, паклонаў, кленчанняў і змен літургічнага адзення.

Парадак правядзення службы меў некалькі характэрных асаблівасцей. Падрыхтоўка дароў адбывалася не перад літургіяй Еўхарыстыі, а перад чытаннем Евангелля і адбывалася не на галоўным алтары, а ў бакавой капліцы. Існаваў сімвалічны абрад каштавання віна — перад уліваннем віна ў келіх для асвячэння адзін са святароў адпіваў крыху для праверкі, ці падходзіць яно для Еўхарыстыі.

У Вялікі чацвер, на службе ў памяць Апошняй Вячэры, пасля абраду абмыцця ног адбываўся арыгінальны абрад «вячэры святароў», які сімвалічна адлюстроўваў Апошнюю Вячэру. Два разы ў год, на Вялікдзень і ў дзень на свой выбар архібіскуп у канцы службы благаслаўляў народ паводле папскага парадку.

Шэраг асаблівасцей быў характэрны і для размяшчэння святынь ліёнскага абраду. Так, алтар заўсёды размяшчаўся ў цэнтры прэзбітэрыя (у рымскім абрадзе ў Сярэднявеччы алтар звычайна знаходзіўся каля задняй сцяны прэзбітэрыя).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • «Лионский обряд» // Католическая энциклопедия. Издательство францисканцев, Т. 2. М., 2005.