Амбразіянскі абрад
Амбразіянскі абрад (таксама часам завецца міланскім абрадам, лац.: ritus Ambrosianus) — адзін з лацінскіх заходніх літургічных абрадаў, выкарыстоўваецца ў архідыяцэзіі Мілана (за выключэннем Монцы), а таксама болей чым у 100 парафіях дыяцэзій Павіі, Бергама (абедзве знаходзяцца ў Італіі) і Лугана (Швейцарыя). Названы па імені святога Аброзія Медыяланскага, аўтарытэтнага доктара Царквы IV ст., міланскага біскупа, рэфарматара літургіі і царкоўнага спеву.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Узнікненне і развіццё
[правіць | правіць зыходнік]Традыцыя звязвае мясцовую літургічную традыцыю з апосталам Барнабай, які прапаведаваў у Паўночнай Італіі, і ягоным вучнем Анаталонам, першым медыяланскім біскупам; распаўсюджванне абраду на бліжнія рэгіёны прыпісваецца сёмаму міланскаму біскупу Міраклету (канец III стагоддзя). Да моманту абрання Амброзія на пасад медыяланская літургія мела сфарміраваны парадак, на асобныя моманты якога спасылаецца ў сваіх творах сам Амброзій. Аднак сапраўдная гісторыя паходжання амбразіянскага абраду застаецца нявысветленай. Няма, аднак, сумневу, што амбразіянскі абрад вельмі старажытны і, магчыма, з'яўляецца нашчадкам абраду, больш старажытнага, чым рымскі.
Па прыкладзе ўсходніх цэркваў Амброзій увёў у Медыялане антыфонны спеў гімнаў, яму ж належыць аўтарства шматлікіх з іх. Сам стыль царкоўнага спеву, уведзены ім у Медыялане, называецца амбразіянскім спевам. Тым не менш, Амброзій толькі ўпрыгожыў, а не змяніў сутнасныя часткі ці парадак набажэнства, але ў наступныя стагоддзі медыяланская літургія моцна звязваецца з яго постаццю. Менавіта прызнаны аўтарытэт Амброзія дазволіў захавацца асабліваму міланскаму абраду, нягледзячы на ціск з боку рымскага абраду.
Першыя звесткі пра асаблівы міланскі абрад утрымліваюцца ў сачыненнях Амброзія Медыяланскага. У наступным V стагоддзі пра яго ўзгадваюць тры аўтары: Марцін Турскі, Гаудэнцый з Брэшыі, равенскі біскуп Пётр Хрызалог. Нашэсце лангабардаў-арыян прывяло да 80-гадовага сыходу міланскіх біскупаў у Геную (569—649 гады). У гэты перыяд, паводле шэрагу даследчыкаў, у анафару амбразіянскага абраду праніклі некаторыя малітвы з канона рымскай імшы.
У эпоху Каралінгаў адбывалася сістэматызацыя амбразіянскага абраду і паралельна з гэтым узмацненне ўплыву рымскага абраду. Так, пад канец VIII стагоддзя ў міланскім сакрамэнтарыі былі ўніфікаваныя малітвы літургіі, затым двойчы рэфармаваныя набажэнствы сутачнага цыклу (першы раз — пад уплывам візантыйскага абраду, другі — набажэнстваў бенедыктынцаў). Адзін з летапісцаў Ландульф Стары прыводзіць паданне пра спробу Карла Вялікага скасаваць амбразіянскі абрад, але намерам імператара перашкодзіў цуд — пакінутыя на ноч на алтары зачыненымі кнігі рымскага і міланскага абраду апынуліся нараніцу адкрытымі, аднак іншыя крыніцы не падтрымліваюць гэтае паданне. IX—XII стагоддзямі датуюцца самыя раннія з захаваных літургічных рукапісаў міланскага абраду — Сакрамэнтарый, Мануал, Псалтыр, Рытуал і Цырыманіял. У гэты перыяд таксама Псалтыр, які выкарыстоўваўся ў Мілане, адрозніваўся ад рымскага — тут чыталася Vetus Latina, а не Вульгата.
Па меры ўзмацнення ўлады рымскіх папаў, яны неаднаразова спрабавалі скасаваць амбразіянскі абрад. Дакументальна пацверджаныя такія спробы Яўгена III і Анастасія IV. Магчыма, аналагічныя дзеянні прадпрымалі Мікалай II, Грыгорый VII і Яўген IV. Тым не менш, амбразіянскі абрад не толькі не знік, але нават распаўсюдзіўся па сярэднявечнай Еўропе: у XII стагоддзі канонікі Ратысбоны пыталіся ў Мілане кнігі для набажэнстваў, у XIV стагоддзі імператар Карл IV увёў гэты абрад у пражскай царкве святога Амброзія, у XVI стагоддзі элементы міланскай літургіі існавалі ў Капуі і Аўгсбургу. У XV стагоддзі была праведзеная чарговая ўніфікацыя амбразіянскага абраду і выдадзеныя афіцыйныя версіі імшала і брэвіярыя.
Рэформы Карла Барамея
[правіць | правіць зыходнік]У 1570 годзе Папа Пій V дазволіў выкарыстанне нароўні з лацінскім тых абрадаў, існаванне якіх налічвала больш за 200 гадоў, у выніку чаго амбразіянскі абрад быў узаконены і абаронены ад спробаў забароны. Важны дзеяч контррэфармацыі, міланскі арцыбіскуп і кардынал Карл Барамей, жадаючы захаваць першапачатковы варыянт амбразіянскага абраду, стварыў камісію для рэвізіі богаслужбовых кніг. У выніку працы камісіі былі выдадзеныя афіцыйны каляндар (1567 год), брэвіярый (1582 год), рытуал (1589 год) і імшал (1594 год). Дзве апошнія кнігі выйшлі ў свет пасля смерці святога Карла Барамея з парушэннем яго жадання наконт максімальнага захавання міланскага абраду. Так, у імшале амбразіянскі парадак намашчэння хворых быў заменены рымскім. Кнігі, выдадзеныя Калам Барамеем, з нязначным зменамі заставаліся богаслужбовымі да рэформаў Паўла VI.
Рэформы XX стагоддзя
[правіць | правіць зыходнік]Пасля Другога Ватыканскага сабора амбразіянскі абрад быў рэфармаваны па тых жа прынцыпах, што і рымскі, у выніку чаго яшчэ больш зблізіўся ў ім.
Першыя змены былі ініцыяваныя кардыналам Дж. Манціні, арцыбіскупам Мілана ў 1954—1963 гадах. Але шырокая рэформа афіцыйна пачалася толькі пры яго пераемніку кардынале Джавані Каломба 28 лютага 1967 года. Цягам дыскусіі прапанавалася ўвогуле скасаваць амбразіянскі абрад, але ў выніку быў прыняты кампрамісны варыянт: абнаўленне міланскага абраду па тых жа прынцыпах, што і рымскага, але з захаваннем тэкстаў малітваў і сукупнасці фармуляраў імшы. У 1974 годзе быў выдадзены новы амбразіянскі каляндар, а ў 1976 годзе — новы амбразіянскі імшал.
Асаблівасці
[правіць | правіць зыходнік]Літургічны год
[правіць | правіць зыходнік]Новы літургічны год распачынаецца ў Мілане, як і ў большасці лацінскіх абрадаў, у першую нядзелю Адвэнту. У адрозненне ад рымскага абраду, але ў адпаведнасці з масарабскім і зніклым галіканскім абрадам, Адвэнт у Мілане пачынаўся ў першую нядзелю пасля ўспаміну святога Марціна (11 лістапада), гэта значыць, ён працягваўся 6 тыдняў і быў адпаведна на два тыдні даўжэйшы за рымскі. Падчас рэформаў Паўла VI гэтая асаблівасць была скасаваная, але затым адноўленая. Шостая, апошняя нядзеля Адвэнту прысвячалася адзначэнню Звеставання Багародзіцы. Асаблівымі днямі былі feriae de exceptato — апошнія дні перад Хрыстовым Нараджэннем (у залежнасці ад года іх было ад двух да шасці), не лічачы вігіліі, у якія спяваліся асаблівыя антыфоны і псальмы. Першы дзень пасля Звеставання называўся Christophoria і быў, па ініцыятыве арцыбіскупа Федэрыка Барамея, прысвечаны ўспаміну вяртання Святой Сям'і з Егіпту.
У адрозненне ад рымскага абраду, Вялікі пост у амбразіянскім абрадзе працягваецца роўна шэсць тыдняў і пачынаецца ў панядзелак першага тыдня, пры гэтым рымская Папяльцовая серада не адзначаецца. У пятніцы Вялікага посту (уключаючы і Вялікую пятніцу) літургія не здзяйсняецца, што родніць амбразіянскі абрад з візантыйскім. Візантыйскую традыцыю таксама нагадваюць названні нядзельных дзён Вялікага посту паводле тэмы евангельскіх чытанняў: пра самаранку (лац.: de samaritana), пра Абрагама (лац.: de Abraham), пра сляпога (лац.: de caeco), пра Лазара (лац.: de Lazaro). Набажэнствы Вялікага тыдня захоўваюць шматлікія асаблівасці.
Хрост катэхумэнаў здзяйсняўся толькі на Вялікдзень, у сувязі з чым наступная нядзеля называлася in albis (у белым адзенні), а другая велікодная нядзеля — in albis depositis (пасля зняцця белага адзення).
Панядзелак, аўторак і серада тыдня перад Пяцідзесятніцай зваліся трыдуумам літаній (лац.: triduum litaniarum), у гэтыя дні чыталіся літаніі апосталам і мучанікам, малінскім святым і святым жанчынам адпаведна. Гэты звычай быў запазычаны з рымскага абраду ў V стагоддзі. Міланскі абрад меў яшчэ два асаблівыя цыклы: чатыры ці пяць нядзеляў пасля 29 жніўня (успамін мучаніцтва Яна Хрысціцеля) называліся post Decollationem, а таксама тры нядзелі кастрычніка, у апошнюю з якіх адзначалі асвячэнне Вялікай царквы, гэта значыць Міланскага сабора.
У ходзе рэформ Паўла VI былі адмененыя асаблівыя цыклы нядзеляў пасля Аб'яўлення, успаміну мучаніцтва Яна Хрысціцеля і кастрычніцкія, свята Christoforia, трыдуум літаній. Шасцітыдневы Адвэнт, асаблівыя дні перад Божым Нараджэннем (цяпер завуцца італ.: prenatalizie), шматлікія літургічныя асаблівасці Вялікага тыдня, адсутнасць імшаў па пятніцах Вялікага посту захаваныя. Замест скасаванага свята Christoforia адзначаецца свята Святой Сям'і (чацвёртая нядзеля студзеня). У сучасным амбразіянскім календары свята Аб'яўлення Пана адзначаецца ў нядзелю паміж 2 і 6 студзеня, Узнясенне Пана — у сёмую велікодную нядзелю, свята Цела і Крыві Хрыста — у першую нядзелю пасля дня Святой Тройцы. 12 верасня адзначаецца свята Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, якое адсутнічае ў рымскім календары. У трэцюю нядзелю кастрычніка святкуецца асвячэнне саборнай царквы, а ўзяты з рымскага календара дзень Хрыста, Валадара Сусвету адзначаецца на два тыдні раней, чым у рымскім абрадзе.
У выніку рэформ у амбразіянскі каляндар было ўключана шмат агульнакаталіцкіх святых. Са святаў, прысвечаных міланскім біскупам, захавана толькі пяць, а астатнія аб'яднаныя з успамінам першага міланскага біскупа Анаталона (25 верасня). У амбразіянскім календары адзначана 30 святых і 2 благаслаўлёных, чые імёны не ўзгадваюцца ў рымскім календары. Яшчэ 10 міланскіх святых маюць дні больш высокай ступені, чым у рымскім календары. Святы на чэсць яшчэ 18 каталіцкіх святых, успамін якіх у рымскім календары прыпадае на prenatalizie, Вялікі пост ці супадае з успамінам міланскіх святых, пераносіцца ў амбразіянскім абрадзе на іншыя дні.
Асаблівасці літургіі
[правіць | правіць зыходнік]Святочная літургія пачынаецца працэсіей духавенства са спевам 12 антыфонаў (так званыя 12 Kirie), а ў дні ўспаміну мучанікаў — запальваннем над алтаром фароса, які ўяўляе сабою шаравідны баваўняны светач, упрыгожаны крыжам, вянком і пальмавымі галінкамі — сімваламі мучаніцтва. Так, у Міланскім саборы фарос запальваюць у дзень памяці святой Тэклі (23 верасня). Вігілія ж пачынаецца ў поўнай цемры; працэсія духавенства з незапаленымі свечкамі падыходзіць да алтара і там запальвае свечы ад светача, баагаслаўлёнага арцыбіскупам.
Дарэформены парадак літургіі схематычна ўяўляў сабой наступную паслядоўнасць:
- Літургія агалошаных
- Дыялог святара, які стаіць на прыступках алтара, і народа:
- Пс 42:4, Пс 105:1, Пс 50:3
- Confiteor (тэкст аналагічны рымскаму, але таксама ўспамінаецца святы Амброзій)
- Пс 123:8, Пс 112:2
- Ціхая малітва святара
- Зменны спеў (лац.: ingressa) і Kyrie eleison
- Зменная малітва над народам (лац.: oratio super populum)
- Gloria альбо дзве літаніі (у нядзелі Вялікага посту)
- Тры чытанні (Стары запавет + псальм, Апостал + аллелюя, Евангелле)
- Казанне, благаслаўленне і разасланне агалошаных
- Дыялог святара, які стаіць на прыступках алтара, і народа:
- Літургія верных
- Dominus vobiscum, Kyrie eleison
- Антыфона пасля Евангелля
- Знак супакою
- Малітва верных (лац.: oratio fidelium)
- Зменная малітва над сіндонам (лац.: oratio super sindonem) — асаблівасць міланскага абраду, сіндон — даслоўна, плашчаніца, аналаг карпарала
- Прынашэнне хлеба і віна паводле старажытнага абраду. У святочныя дні два мужчыны і дзве жанчыны з ліку дваццаці выбраных сярод свецкіх, якія жывуць пры саборы, прыносяць да алтара хлеб (у правай руцэ) і віно (у левай руцэ), дзе арцыбіскуп прымае ад іх дары і кладзе на алтар. Падчас прынашэння спяваецца пераменная антыфона — аферторый (традыцыйная міланская назва — offerenda). Тэксты offerenda арыгінальныя, утрымліваюць шмат біблійных вершаў і парафразы, многія з іх прыпісваюць Амброзію Медыяланскаму.
- Сімвал веры (знаходзіцца на традыцыйным для візантыйскага абраду месцы перад анафарай, а не пасля чытанняў, як у рымскім абрадзе)
- Зменная малітва над малітва над ахвяраваннем (лац.: oratio super oblata)
- Эўхарыстычны канон
- Пераламленне святога Хлеба і паяднанне Цела і Крыві Хрыста; падчас гэтага спяваецца арыгінальная антыфона — confractorium
- Ойча наш (пасля пераламлення, а не перад ім, як у рымскім абрадзе)
- Малітвы перад камуніяй, камунія духавенства і свецкіх (узяты з рымскага абраду)
- Малітвы пасля камуніі, Kyrie eleison
- Благаслаўленне і разасланне верных
У перыяд Каралінгаў у склад літургіі агалошанных быў уведзены спеў Gloria. У нядзелі Вялікага посту замест гэтага гімна чыталіся дзве літаніі з адказамі веруючых. У наступныя гады амбразіянская літургія яшчэ больш збліжалася з рымскай. У выніку анафара амаль не адрознівалася ад рымскай. Да ўстаноўчых словаў у амбразіянскім абрадзе дадаюцца словы «Будзеце смерць маю абвяшчаць, вызнаваць маё Уваскрасенне, прыйсця майго чакаць, пакуль Я зноў з нябёс не прыду да вас.» У амбразіянскім абрадзе таксама захавалася значна большая колькасць прэфацый. З XIII стагоддзя ў Мілане быў запазычаны звычай паднясення Дароў, але без гуку званочкаў.
У склад амбразіянскай літургіі ўваходзяць шматлікія зменныя спевы, частка з якіх запазычана з візантыйскага і рымскага абрадаў. Арыгінальнымі з'яўляюцца антыфоны, спяваныя пасля Евангелля, на ахвяраванне дароў, на пераламленне святога Хлеба. Вядомы рымскі спеў Agnus Dei гучыць толькі на імшах за памерлых, а на астатніх выконваецца мясцовы confractorium — антыфона на пераламленне святога Хлеба.
Літургічныя рэформы XX стагоддзя былі праведзеныя па некалькіх кірунках. Частка абрадаў, малітваў (знак супакою, малітва над сіндонам, арыгінальныя прэфацыі) і спеваў (антыфоны пасля Евангелля, confractorium) захаваныя. Амбразіянскі звычай трох чытанняў перанесены ў рымскі абрад. Іншыя абрады (пацалунак Евангелля, пурыфікацыя) і спевы паміж чытаннямі запазычаныя з рымскага абраду. Актуальны амбразіянскі імшал утрымлівае 6 эўхарыстычных малітваў: традыцыйны міланскі канон, другая, трэцяя і чацвёртая малітвы рымскага імшала, два арыгінальныя амбразіянскія каноны Вялікага чацвяра і Пасхальнай вігіліі. У цэлым, амбразіянскі імшал прыкладна на 1000 літургічных формул больш багаты за рымскі.
Набажэнствы сутачнага цыклу
[правіць | правіць зыходнік]Згодна з друкаванымі выданнямі XVI стагоддзя, сутачны цыкл амбразіянскага абраду меў наступныя часткі:
- matutinae — ютрань
- laudes («хвалы»), падобныя на заключную частку праваслаўнай ютрані
- horae minores (малыя гадзіны) — першая, трэцяя, шостая і дзевятая
- vesperae — нешпары,
- completorium — камплета.
Асновай пералічаных набажэнстваў былі псальмы і біблійныя спевы, да якіх дадаваліся чытанні з Пісання ці жыццяў святых, а таксама амбразіянскія антыфоны і гімны. У цэлым, набажэнствы сутачнага цыклу адпавядалі сярэднявечнай лацінскай манаскай практыцы, але з захаваннем шэрагу асаблівасцяў старажытнага катэдральнага служэння гадзінаў.
Сярод іншых асаблівасцяў абраду — форма святых начынняў і парадак здзяйснення сакрамэнтаў, напрыклад, хрост заўсёды здзяйсняецца праз акунанне.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Собрание древних литургий восточных и западных. Анафора: евхаристическая молитва. — Москва: Даръ, 2007. — С. 655-686. — 1024 с. — ISBN 978-5-485-00134-6.
- Католическая энциклопедия. Издательство францисканцев, М., 2002.
- Амвросианский обряд — статья в Православной энциклопедии
- Парадак імшы ў амбразіянскім абрадзе Архівавана 4 сакавіка 2016. (англ.)