Магістраль для Еўропы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Праект высакахуткаснай чыгункі «Парыж — Браціслава»

Магістра́ль для Еўро́пы (ням.: Magistrale für Europa, фр.: Magistrale européenne) — праект Трансеўрапейскай транспартнай сеткі (TEN-T) па стварэнні высакахуткаснага чыгуначнага злучэння паміж Парыжам і Браціславай, з адгалінаваннем да Будапешта.

Завяршэнне праекта запланавана да 2020 года. Магістраль злучыць пяць краін Еўропы з насельніцтвам 34 мільёны. Агульная працягласць маршрута з Парыжа да Будапешта складзе 1592 км.

Маршрут[правіць | правіць зыходнік]

Французскі адрэзак магістралі, які запланаваны да ўводу ў эксплуатацыю ў 2016 годзе, дазволіць развіваць хуткасць да 320 км/г і скароціць час на дарогу да 2 гадзін ад Усходняга вакзала Парыжа да Страсбурга.

У Германіі маршрут складаецца з чыгунак ад Страсбурга да Апенваера (Europabahn), на якой максімальная хуткасць складае 200 км/г, і ад Апенваера да Брухзаля (Rheintalbahn), дзе хуткасць дасягае 250 км/г. У Брухзалі МдЕ перасякае хуткасную чыгунку Мангейм — Штутгарт, разлічаную на 250 км/г.

У Штутгарце лінія пераходзіць у новую чыгунку Штутгарт — Аўгсбург, якую плануецца завяршыць да 2020 года з максімальнай хуткасцю 250 км/г паміж Штутгартам і Ульмам і 200 км/г ад Ульма да Аўгсбурга. Пасля вылучэння пуцей Мюнхен — Аўгсбург у асобныя для павольнага руху (грузавыя і прыгарадныя цягнікі) хуткасныя цягнікі змогуць развіваць тут 230 км/г.

Цягнікі з Мюнхена-Усходняга да Зальцбурга будуць хадзіць з хуткасцю 160 км/г, перасякаючы аўстрыйскую мяжу ў Фрайласінгу.

У Аўстрыі для новага маршрута былі палепшаны пуці паміж Атнанг-Пухгаймам і Вельсам (230 км/г), збудавана новая паралельная чыгунка (Neue Westbahn) Лінц — Вена (250 км/г) і збудаваны новы вакзал у Вене замест разабранага Паўднёвага. Адсюль Еўрапейская магістраль працягнецца да Браціславы, а паўднёва-заходняя лінія — праз Дзьёр да Будапешта.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]