Малая гідраэлектрастанцыя
Малая гідраэлектрастанцыя, малая ГЭС, міні ГЭС, МГЭС — гідраэлектрастанцыя, якая мае параўнальна невялікую вызначаную магутнасць. Пэўнай агульнапрынятай ва ўсіх краінах вялічыні вызначанай магутнасці для прылічэння гідраэлектрастанцый да катэгорыі малых няма. Часцей да малых гідраэлектрастанцый прылічваюць гідраэнергетычныя ўстаноўкі, вызначаная магутнасць якіх не перавышае 5 МВт (Аўстрыя, Германія, Польшча, Іспанія і інш.). У Латвіі і Швецыі, малымі лічаць ГЭС вызначанай магутнасцю да 2 МВт, у некаторых іншых краінах – да 10 МВт (Грэцыя, Ірландыя, Партугалія). Час ад часу адбываюцца змены класіфікацыі, у ЗША, дзе былі прынятыя меры стымулявання развіцця малой гідраэнергетыкі (праз спрашчэнне ліцэнзійнай працэдуры афармлення праектаў будынкаў малых ГЭС), першапачаткова да іх прылічвалі ГЭС вызначанай магутнасцю да 5 МВт, затым верхняя мяжа была павялічаная да 15 МВт, а ў 1980 іх максімальная вызначаная магутнасць была абмежаваная 30 МВт. У СССР паводле БНіП 2.06.01-86 да малых прылічвалі ГЭС, вызначанай магутнасцю да 30 МВт пры дыяметры працоўнага кола турбіны да 3 м. У Беларусі малымі электрастанцыямі лічацца электрастанцыі з вызначанай магутнасцю да 6 МВт, а канцэрн «Белэнерга» мусіць разлічвацца з малымі электрастанцыямі за пастаўленную электраэнергію па падвоенных тарыфах.[1] Прыкладна так і ў Латвіі, дзяржава гарантуе закуп электраэнергіі ад малых ГЭС па падвойным тарыфе на працягу 8 гадоў пасля ўводу ў эксплуатацыю.[2] З малых ГЭС умоўна вылучаюць мікра ГЭС, вызначаная магутнасць якіх не перавышае 0,1 МВт, і піка ГЭС, вызначаная магутнасць якіх не перавышае 0,05 МВт.
У Швецыі дзейнічае 1,35 тыс. малых ГЭС (2006), якія выпрацоўваюць 10% неабходнай краіне электраэнергіі, у Кітаі каля 83 тыс. малых ГЭС (2006). У Беларусі да стварэння адзінай Беларускай энергетычнай сістэмы існавала 179[3] малых ГЭС агульнай вызначанай магутнасцю 21 тыс. кВт са штогадовай выпрацоўкай электрычнасці 88 млн. кВт*г[4], якія забяспечвалі электраэнергіяй сельскую гаспадарку, пасля большасць з іх была закінутая, цяпер робяцца спробы ўзнавіць іх. (Гл. таксама: Гідраэнергетыка Беларусі) У Расіі ААТ «ГідраАГК» лічыць за малыя гідраэлектрастанцыі вызначанай магутнасцю меней за 25 МВт. Будаўніцтва падобных станцый вулучана кампаніяй ў асобную праграму, аператарам якой з'яўляецца дачэрняя арганизацыя прадпрыемства — фонд «Новая энергія».[5] Паводле праграмы, да 2010 запланавана ўвесці ў эксплуатацыю малых ГЭС агульнай вызначанай магутнасцю 150 МВт, а да 2020 — не менш чым 1000 МВт.[6]
Зноскі
- ↑ Пастанаўленне СМ РБ ад 24.04.1997 №400 "Аб развіцці малой і нетрадыцыйнай энергетыкі".
- ↑ "Закона аб энергетыцы" ад 3.9.1998.
- ↑ Работай, сила малых рек // Рэспубліка № 250(4187). 2007, 17 студз. (са слоў нам. старшыні Мінаблвыканкама Анатолія Мірчука)
- ↑ Основы энергосбережения: Курс лекций / Свидерская О.В. – 3-е издание – Мн.:Академия управления при Президенте Республики Беларусь, 2004. –296 с. Гл.3. Разд.3.
- ↑ Состоялся пуск Амсарской ГЭС // Журналистам: Новости 24 декабря 2007(недаступная спасылка) — Эл. версія на афіцыйнай старонцы ААТ "ГідраАГК"
- ↑ Цели и задачи Программы: План ввода мощностей Архівавана 5 сакавіка 2016. — Эл. версія на афіцыйнай старонцы фонда «Новая энергія»