Перайсці да зместу

Гідраэнергетыка Беларусі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Гродзенская ГЭС
Рачунская ГЭС
Гезгальская ГЭС

Гідраэнергетыка Беларусі — галіна энергетыкі Беларусі, у аснове якой ляжыць выкарыстанне гідраэнергіі.

У Беларусі дзейнічаюць 53 гідраэлектрастанцыі сумарнай магутнасцю каля 96 МВт. Найбуйнейшыя — Віцебская і Полацкая ГЭС. У 2023 годзе гідраэлектрастанцыі Беларусі выпрацавалі больш за 300 млн кВт.гадз электраэнергіі[1].

У мінулым гідраэнергетычныя рэсурсы на тэрыторыі Беларусі актыўна выкарыстоўваліся праз вадзяныя млыны і пільні, так у 1941 годзе іх дзейнічала больш за 1000.

У 1950—1960-я гады ў БССР была пабудавана 179[2] малых ГЭС агульнай вызначанай магутнасцю 21 тыс. кВт (найбольш буйная — Асіповіцкая ГЭС) са штогадовай выпрацоўкай электрычнасці 88 млн кВт*г[3]. Але за развіццём Беларускай энергетычнай сістэмы большасць з іх закінутая або закансерваваная. У Пінскім гідратэхнікуме навучалі па спецыяльнасці «будаўніцтва сельскіх ГЭС і гідрамеліярацыя». Цяпер некаторыя з колішніх малых ГЭС аднаўляюць, таксама будуюцца новыя.

На пачатак 2004 года вызначаная магутнасць 21 ГЭС[4] на балансе ДВА «Белэнерга» склала 10,9 МВт, а іх гадавая выпрацоўка электраэнергіі — ~29 млн кВт*г (0,1 % ад выпрацоўкі ўсёй энергасістэмай), што адпавядае ~8 тыс. т.у.п.[5] На канец 2010 г. у краіне дзейнічала 36 малых ГЭС агульнай магутнасцю 13,5 МВт і выпрацоўкай звыш 33 млн кВт*г у год. У 2011 годзе колькасць ГЭС у Беларусі плануецца павялічыць да 48. Паводле «Канцэпцыі энергетычнай бяспекі Рэспублікі Беларусь»[6], да 2020 года плануецца выйсці на паказчыкі атрымання за кошт гідраэнергетыкі да 0,8—0,9 млрд кВт*г у год, што адпавядае 220—250 тыс. т.у.п. і будзе складаць ~8 % у выпрацоўцы электраэнергіі ўсёй энергетычнай сістэмай. Каб дасягнуць гэтых паказчыкаў плануецца не толькі ўзнаўленне і рэканструкцыя ўсіх мэтазгодных колішніх малых ГЭС, а і будаўніцтва каскадаў ГЭС у т.л. каскадаў малых ГЭС на малых рэках — так у перыяд 2004—2020 плануецца пабудаваць 9 ГЭС агульнай вызначанай магутнасцю 200,4 МВт і 8 малых ГЭС агульнай вызначанай магутнасцю 1,44 МВт.

У 2010-х былі адкрыты тры вялікіх па беларускіх маштабах ГЭС. Найбольшыя з іх — Віцебская ГЭС (40 МВт) і Полацкая ГЭС (22 МВт), што сталі першынцамі ў каскадзе на Заходняй Дзвіне. Гродзенская ГЭС (17 МВт) на р. Нёман. Асіповіцкая ГЭС на р. Свіслач і Чыгірынская ГЭС (1,5 МВт) на р. Друць. Да 2020 г. плануецца давесці сумарную магутнасць гідраэлектрастанцый да 200 МВт.

Эканамічныя паказчыкі

[правіць | правіць зыходнік]

Эканамічны гідраэнергетычны патэнцыял Беларусі ацэньваецца ў 325 МВт або 1,5 млрд кВт*г у год (2007)[7]. Да 2010-х наяўны патэнцыял быў асвоены толькі на 3 % (2003), тымчасова як у Літве на 14 %, у Германіі — 70 %, Бельгіі — 75 % (2007). Пачынаючы з 2012 года, на Нёмане і Заходняй Дзвіне былі ўзведзены тры адносна вялікіх ГЭС сумарнай магутнасцю 80 МВт, што павысіла выкарыстанне патэнцыялу да 25 %. На 2004 год доля ГЭС у выпрацоўцы электраэнергіі энергетычнай сістэмай складала толькі 0,1 %, на 2007 год — 0,3 %, на 2017 год — ужо 1,2 %.[8]

Невысокія лічбы гідраэнергапатэнцыялу абумоўлены асаблівасцямі рэльефу — тэрыторыя Беларусі раўнінная, таму могуць быць выкарыстаны толькі нізканапорныя гідраэнергетычныя аб’екты. На самым Дняпры і ў басейне Прыпяці магчымасці будаўніцтва гідраэлектрастанцый абмежаваныя з-за вялізных плошчаў, якія будуць затопленыя пры стварэнні вадасховішчаў, але на прытоках Дняпра, а таксама ў басейнах Заходняй Дзвіны і Нёмана ёсць умовы для стварэння досыць эканамічных і экалагічна бяспечных гідраэлектрастанцый. У перспектыве гідраэнергетыка ў Беларусі можа развівацца ў напрамку будаўніцтва гідравузлоў комплекснага выкарыстання — стварэння вадасховішчаў для рэгулявання сцёку пры адначасовым выкарыстанні іх у мэтах энергетыкі, водазабеспячэння, воднага транспарту, меліярацыі і аховы вод.

Будаўніцтва 1 кВт гідраэнергетычных магутнасцей у 2,1 разы (2006) даражэй за будаўніцтва магутнасцей традыцыйнай (газавай) энергетыкі, але цэны на газ няўхільна павышаюцца, таму з пункту гледжання энергетычнай бяспекі краіны гідраэнергетыка — перспектыўная галіна. Навукоўцы Інстытута энергетыкі АПК НАНБ распрацавалі электрагенератар для мікра ГЭС вызначанай магутнасцю 15 кВт. Выпрабаванні эксперыментальнага ўзору генератара выявілі, што яго ККД на 10—15 % вышэйшы чым у аналагаў.

Зноскі

  1. ГЭС Беларусі ў 2023 годзе выпрацавалі больш за 300 млн кВт.гадз
  2. Работай, сила малых рек // Рэспубліка № 250(4187). 2007, 17 студз. (са слоў нам. старшыні Мінаблвыканкама Анатолія Мірчука)
  3. Основы энергосбережения: Курс лекций / Свидерская О. В. — 3-е издание — Мн.:Академия управления при Президенте Республики Беларусь, 2004. −296 с. Гл.3. Разд.3.
  4. 16 з іх — ГЭС адноўленыя у 1997—2004 гадах
  5. У сумежнай Літве ў 1999 годзе працавала 20 ГЭС, у 2003 — 43, у 2005 — 63.
  6. Зацверджана 26.8.2005
  7. ЦНДІКВВР Мінпрыроды (2007)
  8. Промышленность Республики Беларусь. Статистический сборник. — Мн.: Национальный статистический комитет Республики Беларусь, 2018. — С. 146.