Маньікені
| Славутасць | |
| Маньікені | |
|---|---|
| 22°11′10″ пд. ш. 34°50′42″ у. д.HGЯO | |
| Краіна | |
Маньікені (тсонга: Manyikeni) — мазамбікскі археалагічны помнік і сярэднявечнае паселішча, размешчанае прыкладна ў 52 км на захад ад прыбярэжнага горада Віланкулас. Археалагічныя пабудовы датуюцца XII—XVII стагоддзямі, у часы каралеўства Мвенемутапа. Адносіцца да архітэктурнай традыцыі Вялікага Зімбабвэ, якая адрозніваецца каменнымі мурамі без будаўнічага раствора[1]. Цэнтральны комплекс каменных пабудоў узведзены ў такой традыцыі, а таксама на верагодную прамую сувязь можа ўказваць знаходка на гэтым месцы жалезнага гонгу ў зімбабвійскім стылі.
Агляд
[правіць | правіць зыходнік]Паселішча размешчана на прасторах усходнеафрыканскай прыбярэжнай раўніны, абмыванай індаакіянскімі водамі. З’яўлялася адным з нямногіх прыбярэжных паселішчаў буйнага дакаланіяльнага каралеўства Зімбабвэ, знаходзячыся ў 350 км ад сталіцы Вялікі Зімбабвэ. Найбольш верагодна, быў цэнтрам прыбярэжнага гандлю і меў важныя гандлёвыя зносіны з прыбярэжным Чыбуэнэ, размешчаным у 50 км, — ключавым звяном гандлёвай сеткі Індыйскага акіяна з канца першага тысячагоддзя нашай эры і аж да самага прыбыцця еўрапейскіх каланізатараў у 1700-х гадах. На шырокі гандаль паміж двух селішчаў можа паказваць вялікая колькасць шкляных караляў і ракавінак, знойдзеных у Маньікені. Час існавання паселішча ўмоўна дзеляць на тры адрэзка: станаўленне ў 1200-х гадах, перыяд актыўнага жыцця па 1450-я гады і паступовае запусценне да 1700-х[2].
Каменнае паселішча было паўторна адкрыта ў 1975 годзе, неўзабаве пасля набыцця Мазамбікам незалежнасці, даследчыкамі Цэнтра афрыканскіх даследаванняў Універсітэта імя Эдуарда Мандландэ і Брытанскага інстытута Усходняй Афрыкі. Даследаванні паказалі, што месца было фермерскім паселішчам позняга жалезнага веку вяліказімбабвійскай традыцыі, якое патэнцыйна выкарыстоўвалася ў якасці гандлёвага фарпоста на шляху да Чыбуэны.
Сёння Маньікені парасла травой віду Cenchrus ciliaris, звычайная для Зімбабвэ, але рэдкая для Мазамбіка. Батанік Альвін Бергер меркаваў, што гэта можа ўказваць на тое, што трава была завезена разам са жывёлай з Зімбабвэ. Тым не менш гэтая травяністая парода сустракаецца ва ўсіх краінах усходнеафрыканскага ўзбярэжжа. Баркер (1978) выказаў здагадку, што ялавічыну ўжывала толькі кіруючая эліта ў Маньікені, бо косці буйной жывёлы былі знойдзены толькі ў цэнтральнай частцы помніка. Ніжэйшыя класы, якія жылі па ўскраінах, елі мяса авечак і коз.
Каменны мур
[правіць | правіць зыходнік]Найадметнейшай асаблівасцю Маньікені з’яўляецца каменны мур вакол паселішча, які адлюстроўвае архітэктурныя традыцыі каралеўства Зімбабвэ. Гэты мур мае 20 метраў у папярочніку і вышыню 50 см, што робіць яго нашмат меншым па памеры, чым мур Вялікага Зімбабвэ[3]. Каменны мур быў пабудаваны без раствора, як і ў Вялікім Зімбабвэ, што яшчэ больш падкрэслівае іхнюю сувязь. У якасці будаўнічай сыравіны выкарыстоўваўся вапняк, у адрозненне ад іншых сярэднявечных зімбабвійскіх паселішчаў, дзе пераважна выкарыстоўваўся граніт. Гэта звязана з большай даступнасцю вапняка ў наваколлях Маньікені, адлюстроўваючы звычай перыферыі каралеўства карыстацца даступнай сыравінай замест імпарту граніту. Від выкарыстоўванага каменя вызначаў памер каменнай мура. Граніт быў найболей згодлівым будаўнічым матэрыялам, выкарыстоўваным у традыцыйнай архітэктуры Вялікага Зімбабвэ, а з вапняка ў Маньікені было цяжэй выточваць будаўнічыя блокі[4]. У выніку выкарыстанне вапняка часткова стала чыннікам значна меншага памеру каменнага мура ў паселішчы.
Статус сусветнай спадчыны
[правіць | правіць зыходнік]15 верасня 1997 года аб’ект дададзены ў папярэдні спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ў катэгорыі культурнай спадчыны.
Маршрут
[правіць | правіць зыходнік]Да Маньікені можна дабрацца з Віланкуласа, выехаўшы на трасу EN1, а затым праехаўшы 30 км на поўдзень. У невялікім мястэчку Mapinhane павярнуць направа і праехаць на захад 29 км. Невялікі знак паказвае ўваход на невялікую сцежку, якая доўжыцца 3 км да самага помніка.
Заўвагі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ (англ.) Manyikeni – Vilanculos Ruins(недаступная спасылка). Mozaic Travel. Архівавана з першакрыніцы 7 сакавіка 2014. Праверана 3 жніўня 2012.
- ↑ (англ.) Macamo, Solange (2006). Privileged Places in South Central Mozambique: The Archaeology of Manyikeni, Niamara, Songo, and Degue-Mufa. Uppsala University: African and Comparative Archaeology. p. 153.
- ↑ (англ.) Manyikeni(недаступная спасылка). Cyclopaedia. Архівавана з першакрыніцы 18 снежня 2014. Праверана 5 снежня 2014.
- ↑ (англ.) Macamo, Solange (2006). Privileged Places in South Central Mozambique: The Archaeology of Manyikeni, Niamara, Songo, and Degue-Mufa. Uppsala University: African and Comparative Archaeology. p. 152.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Маньікені і Чыбуэнэ на сайце Цэнтра сусветнай спадчыны ЮНЕСКА
- Маршруты і фатаграфіі на сайце Mozaic Travel
- Symposium(недаступная спасылка)
