Мазамбік
| |||||
Гімн: «Pátria Amada» | |||||
Дата незалежнасці | 25 чэрвеня 1975 (ад Партугаліі) | ||||
Афіцыйная мова | партугальская | ||||
Сталіца | Мапуту | ||||
Найбуйнейшы горад | Мапуту | ||||
Форма кіравання | Рэспубліка | ||||
Прэзідэнт Прэм'ер-міністр |
Арманду Гебуза Айрэш Баніфасіу Алі | ||||
Плошча • Усяго • % воднай паверхні |
35-я ў свеце 801 590 км² 2,2 | ||||
Насельніцтва • Ацэнка (2008) • Шчыльнасць |
21 284 700 чал. (55-я) 25 чал./км² | ||||
ІРЧП (2007) | ▲ 0.402 (нізкі) (172-ы) | ||||
Валюта | Мецікал | ||||
Інтэрнэт-дамен | .mz | ||||
Код ISO (Alpha-2) | MZ | ||||
Код ISO (Alpha-3) | MOZ | ||||
Код МАК | MOZ | ||||
Тэлефонны код | +258 | ||||
Часавыя паясы | +2 |
Мазамбі́к, Рэспу́бліка Мазамбі́к (парт.: República de Moçambique) — краіна ў Паўднёвай Афрыцы. Мяжуе з ПАР, Эсваціні, Танзаніяй, Малаві, Зімбабвэ і Замбіяй. Мае выхад да Індыйскага акіяна. Сталіца краіны — горад Мапуту, у 1876—1976 гадах вядомы як Ларэнсу-Маркіш. Нацыянальная валюта — мецікал.
Першай цывілізацыяй, што склалася на мазамбіцкай зямлі, стала супольнасць суахілі. З XVI стагоддзя пачалося пранікненне партугальцаў, сустрэтае адпорам тубыльскіх плямёнаў. Мазамбік заставаўся партугальскай калоніяй да 1975 года. Незалежны Мазамбік абраў сацыялістычны аднапартыйны шлях, аднак эканамічныя складанасці і грамадзянская вайна змусілі ўлады краіны перайсці на дэмакратычныя рынкавыя рэйкі ў пачатку 1990-х.
З 1994, калі ў Мазамбіку прайшлі першыя мультыпартыйныя выбары, дзяржава з’яўляецца адносна стабільнай дэмакратыяй, прэзідэнцкай рэспублікай. Аднак у 2013 арганізацыя Resistência Nacional Moçambicana (RENAMO) зноў запаліла партызанскі рух, хаця і даволі слабы. Мазамбік падзяляецца на 10 правінцый (provincias) і сталічны горад.
Нягледзячы на тое, што большасць з 30 млн жыхароў краіны належыць да народаў банту, мазамбікцы — дужа стракатая этнічная супольнасць. Таму адзіная дзяржаўная мова — партугальская, якой у якасці другой мовы валодае палова насельніцтва. Асноўная рэлігія — хрысціянства, маюцца мусульманскія і анімістычныя меншасці. Найбуйнейшы горад завецца Матола і з’яўляецца заходнім прыгарадам Мапуту.
Мазамбік надзелены багатымі і разнастайнымі прыроднымі рэсурсамі. Пры пераважна аграрным характары эканомікі, развіваюцца лёгкая і харчовая прамысловасць, гідраэнергетыка і вытворчасць алюмінію, нафтаперапрацоўка. Расце турыстычны сектар. Галоўны партнёр і крыніца інвестыцый — ПАР. Нягледзячы на адныя з самых высокіх у свеце тэмпы росту ВУП з 2001, Мазамбік застаецца беднай краінай з жабрачым ВУП на душу насельніцтва і вельмі нізкімі ўзроўнем і працягласцю жыцця.
Мазамбік з’яўляецца членам ААН, Руху недалучэння, Афрыканскага саюза, Супольнасці Развіцця Паўднёвай Афрыкі (SADC).
Этымалогія
[правіць | правіць зыходнік]Сваёй назвай краіна абавязана арабскаму гандляру Мусе Бін Біку, чыё імя атрымаў невялічкі востраў, які Муса наведаў а пазней жыў на ім. Трансфармаваны Муса Бін Біку быў распаўсюджаны партугальцамі на ўсё нізіннае ўзбярэжжа ўсходняй Афрыкі.
Геаграфічнае становішча
[правіць | правіць зыходнік]Мяжуе з ПАР і Эсваціні (Свазілендам) на поўдні, Танзаніяй на поўначы, Малаві, Зімбабве і Замбіяй на захадзе. На ўсходзе мае шырокі выхад да Індыйскага акіяна. За Мазамбіцкім пралівам ляжаць Мадагаскар, Каморы і Маёта.
Астравы Мазамбіка: Базаруту, Кірымбаш, Мазамбік. Апошні даў сваю назву ўсёй краіне.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Найбольш старажытнае насельніцтва Мазамбіка — бушмены і гатэнтоты, выціснутыя ў V — VIII стст. плямёнамі банту. З VIII ст. сюды праніклі арабы і суахілі, якія заснавалі на ўзбярэжжы Мазамбіка шэраг гандлёвых цэнтраў. Да пачатку 2-га тысячагоддзя ў міжрэччы Замбезі — рака Лімпопа склалася дзяржаўнае ўтварэнне Манаматапа (захаваліся рэшткі збудаванняў з вялікіх гранітных блокаў), якое адыгрывала важную ролю ў араба-суахілійскім гандлі, які квітнеў у познім сярэднявеччы.
У 1498 востраў Мазамбік наведаў партугальскі мараплавец В. да Гама. Да сярэдзіны XVI ст. партугальцы захапілі шэраг апорных пунктаў на ўзбярэжжы Мазамбіка. Яны навязалі няроўныя дагаворы правіцелям Манаматапы, якая прыйшла ў заняпад і распалася ў пачатку XVIII ст.; у XVI — XIX стст. адсюль вёўся вываз рабоў на плантацыі ў Бразілію. У 1752 г. партугальскія ўладанні ў паўднёва-ўсходняй Афрыцы былі аб’яднаны ў адзіную калонію Мазамбік са сталіцай на аднайменным востраве плошчай 1,5 км³. На працягу XIX ст. партугальцы вялі ўпартую барацьбу з дзяржавай Ватуа ў міжрэччы Лімпопа — Пунгве, якая скарылася толькі ў пачатку ХХ ст. У 1898 адміністрацыйны цэнтр калоніі быў перанесены ў Ларэнсу-Маркіш.
У 1951 г. Мазамбік абвешчаны «заморскай правінцыяй» Партугаліі, у 1972 г. — яе «заморскім штатам». Грамадзянскімі правамі карысталіся толькі невялікія групы т.зв. «асіміляваных» афрыканцаў. У 1962 г. на базе нацыянал-вызваленчых афрыканскіх арганізацый створаны Фронт вызвалення Мазамбіка (ФРЭЛІМО) на чале з Э. Мандлане (з 1969 г. — С. Машэлам). У 1964 г. ФРЭЛІМО пачаў узброенае паўстанне супраць партугальскага панавання і да 1974 г. кантраляваў значную частку Мазамбіка. Пасля падзення дыктатуры ў Партугаліі ў верасні 1974 г. паміж новымі ўладамі і ФРЭЛІМО падпісаны дагавор аб стварэнні пераходнага ўрада Мазамбіка.
25 чэрвеня 1975 г. абвешчана Народная Рэспубліка Мазамбік (НРМ), прэзідэнтам якой стаў Машэл. Канстытуцыя 1975 г. зацвярджала курс на стварэнне ў дзяржаве палітычных, ідэалагічных, навуковых і матэрыяльных асноў сацыялістычнага грамадства, а таксама кіруючую роль ФРЭЛІМО. Урад правёў нацыяналізацыю знешняга гандлю, банкаў, устаноў адукацыі і аховы здароўя, юрыдычнай службы і большасці прадпрыемстваў, быў выдадзены закон пра землекарыстанне, паводле якога зямлёй надзяляліся створаныя сялянскія кааператывы. Пасля абвяшчэння незалежнасці Мазамбік пакінула большасць еўрапейскага насельніцтва (галоўным чынам партугальцы), таму ў сферы эканомікі, адукацыі і медыцыны ўлады сутыкнуліся з сур’ёзнымі кадравымі праблемамі.
У лютым 1977 г. на 3-м з’ездзе ФРЭЛІМО быў ператвораны ў партыю ФРЭЛІМО — «авангардную марксісцка-ленінскую партыю». Паводле прынятага статуту, партыя станавілася вядучай сілай дзяржавы і грамадства. Асновай яе ідэалогіі быў досвед мазамбікскага народа і марксізм-ленінізм. Ураду атрымалася дамагчыся значных поспехаў у вобласці развіцця адукацыі і медыцыны: у 1983 г. лік пачатковых школ склаў 5,8 тыс., сярэдніх — 136, створана шырокая сетка прафесійна-тэхнічнай адукацыі, выдаткі на ахову здароўя ў 1975—1981 гг. узраслі больш, чым у тры разы. Быў заключаны дагавор аб сяброўстве з СССР (1977 г.), узяты курс на пабудову ў Мазамбіку сацыялізму, нацыяналізаваны прыватныя прадпрыемствы, створаны кааператывы. На практыцы гэта прывяло да спаду прамысловай вытворчасці і гандлю, дэфіцыту тавараў. Пагаршэнне эканамічнага становішча Мазамбіка справакавала рост незадаволенасці, што падштурхнула апазіцыю да стварэння на тэрыторыі Паўднёвай Радэзіі Мазамбікскага нацыянальнага супраціўлення (РЭНАМО) на чале з А. Длакамам, якое пачало ўзброеную барацьбу супраць рэжыму ФРЭЛІМО. У выніку ваенных дзеянняў 1977—1992 гг. загінула больш за 1 млн мазамбікцаў і каля 2 млн сталі бежанцамі. Урад быў вымушаны пачаць рыначныя эканамічныя рэформы, якія паглыбіліся з прыходам да ўлады ў 1986 г. Ж. А. Чысану. У 1989 г. ФРЭЛІМО адмовілася ад ідэалогіі марксізму-ленінізму. З 1990 г. дзейнічае новая Канстытуцыя, паводле якой уведзена шматпартыйнасць, краіна перайменавана ў Рэспубліку Мазамбік. У кастрычніку 1992 г. падпісана пагадненне з РЭНАМО пра спыненне агню і ператварэнне апошняй у палітычную партыю. На ўсеагульных парламенцкіх выбарах перамагла ФРЭЛІМО, Чысану быў зноў выбраны прэзідэнтам Мазамбіка.
У 2013 арганізацыя РЭНАМО зноў запаліла партызанскі рух, які — хоць і даволі слабы — тлее і сёння.
Дзяржаўны лад
[правіць | правіць зыходнік]Канстытуцыя 1990 года вызначае дзяржаўны лад краіны як шматпартыйную дэмакратыю. Выканаўчая ўлада прадстаўлена прэзідэнтам, і кабінетам міністрам з прэм’ер-міністрам на чале. Заканадаўчую ўладу ажыццяўляе Нацыянальная асамблея. Нягледзячы на прэзідэнцкі рэспубліканскі лад, парламент з цягам часу атрымаў большую свабоду ў прыняцці рашэнняў і законаў.
Зноскі
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Мазамбік