Марцін Тэадор Аскерка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Марцін Тэадор Аскерка
Герб «Мурдэліа»
Герб «Мурдэліа»
Маршалак ашмянскі
1765 — 1795
Пераемнік пасада скасавана
Староста мядзельскі
1745 — 1765
Папярэднік Юзаф Бжастоўскі

Нараджэнне каля 1720
Смерць пасля 1796
Род Аскеркі
Бацька Антоні Аскерка
Маці Ганна з Грабоўскіх
Жонка 1) NN
2) Тэрэза з Бжастоўскіх
Дзеці ад першага шлюбу:
дачка
ад другога шлюбу:
Юзаф, Антоні, Ігнацы, Марыяна, Алена Фларэнцыя, Мехтыльда, Мацільда, Леанарда, Фрэміёта Францішка
Узнагароды
Ордэн Святога Станіслава
Ордэн Святога Станіслава

Марцін Тэадор Аскерка (каля 1720 — пасля 1796) — вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч. Маршалак (з 1765) і кашталян ашмянскі (1793—1795).

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Паходзіў з роду Аскеркаў герба «Мурдэліа». Нарадзіўся ў сям’і новагародскага кашталяна Антонія Аскеркі (каля 1670—1734) і яго другой жонкі Ганны з Грабоўскіх. Меў братоў Гервазыя Людвіка, Рафала Алойзыя, Міхала Стэфана, Казіміра Мацея і Багуслава Леапольда.

Дэбютаваў у палітычным жыцці як пасол мазырскі на сойм 1738 года. Пазней таксама быў паслом на соймы 1760, 1764, 1780. Быў прыхільнікам Чартарыйскіх. У 1764 годзе быў маршалкам канфедэрацыі ашмянскай шляхты як аддзела Генеральнай канфедэрацыі Вялікага Княства Літоўскага. Працяглы час з’яўляўся маршалкам ашмянскім (з 1765 па 1793 гады).

Быў адзіным за ўсю гісторыю кашталянам ашмянскім. Пасада ашмянскага кашталяна была намінавана на Гарадзенскім сойме 1793 года дзеля павелічэння колькасці сенатараў ад Вялікага Княства Літоўскага. Марцін Аскерка, як павятовы маршалак ашмянскі, атрымаў прывілей на гэту пасаду 26 кастрычніка 1793 года, але ужо ў канцы таго ж года ў выніку новай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы Рэчы Паспалітай ашмянская кашталянія была скасавана. Ашмянскі кашталян захаваў свой тытул, але ўжо не меў сенатарскіх паўнамоцтваў.

Маёнткі[правіць | правіць зыходнік]

У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі захоўваецца копія добраахвотнага асекурацыйнага запісу Марціна Аскеркі, кашталяніца новагародскага, роднаму брату Міхалу Стэфану Аскерку на частку маёнтка Янушаў у Ашмянскім павеце (1739 год)[1].

Пасля смерці ў 1745 годзе свайго цесця пісара літоўскага Юзафа Бжастоўскага атрымаў у пасаг Мядзельскае староства ў Ашмянскім павеце. Яму таксама належалі Кабыльнік (сёння Нарач; у 1746 годзе на сродкі Марціна Тэадора там быў рэканструяваны касцёл) і шмат іншых вёсак у наваколлі мястэчка.

У 1795 годзе Марціну Аскерку належаў маёнтак Субачы.

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Кавалер ордэна Святога Станіслава (1780).

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

Быў двойчы жанаты. Ад першай жонкі (імя невядома) меў дачку (таксама імя невядома), якая пазней выйшла замуж за апошняга ашмянскага старосту Тадэвуша Коцела. Пазней ажаніўся з Тэрэзай Бжастоўскай (нарадзілася каля 1730 года), дачкой пісара літоўскага Юзафа Бжастоўскага. У шлюбе Марціна Тэадора і Тэрэзы нарадзіліся 9 дзяцей: Юзаф (памёр у 1777), Антоні, Ігнацы, Марыяна (жонка Каэтана Козела-Паклеўскага), Алена Фларэнцыя (жонка Тадэвуша Пузыны), Мехтыльда, Мацільда, Леанарда, Фрэміёта Францішка.

Зноскі

  1. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі.- ф. 694, воп.1, спр.325.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]