Марыявіткі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Кангрэгацыя Жыцця Марыі (лац.: Congregatio Maira Vitae), або марыявіткі — каталіцкая жаночая кангрэгацыя.

Створана ў 1737 годзе ініцыятывай Юзафа Стэфана Турчыновіча-Сушыцкага (1697—1773), пробашча віленскага касцёла Св. Стэфана. Стваралася на дыяцэзальным праве і магла дзейнічаць на абмежаванай тэрыторыі, то бок ад пачатку ў межах Віленскага біскупства. У 1752 годзе зацверджана Папам Бенедыктам XIV. Убор — габіт попельнага колеру з вышытым чырвонай ніткай імем Марыі.

Ставілі мэтай наследаванне дабрачыннага жыцця Дзевы Марыі праз апеку бедных дзяўчынак і сірот. Дзейнасць была накіравана на навяртанне ў каталіцтва дзяўчын і жанчын іўдзейскага веравызнання.

Дамы марыявітак былі створаны ў Алыцы, Бабруйску, Бялынічах, Бярдзічаве, Вільні, Віцебску, Глуску, Коўне, Крожах, Магілёве, Мазыры, Менску, Мсціславе, Наваградку, Оршы, Пінску, Полацку, Раманаве, Слоніме, Слуцку, Халопенічах, Чашніках і іншых месцах.

Маёмасць дамоў меравітак складалася з ахвяраванняў — зямель, будынкаў, грошай, а таксама з ўласных заробкаў. Сродкі выдатковаўліся на ўтрыманне саміх сясцёр, а таксама неафітак і бедных дзяўчат.

У канцы 1750-х — 1760-х гадах марыявіткі цярпелі нападкі свецкіх і духоўных асоб. Для стабілізацыі дзейнасці кангрэгацыі пасля смерці Юзафа Турчыновіча ў 1773 годзе, візітатарка Ганна Пацёмкіна здзейсніла падарожжа ў Рым, дзе Папа Клімент XIV зацвердзіў статус кангрэгацыі. Але аднавіць свае пазіцыі марыявіткі не здолелі.

У 1830 годзе ў кангрэгацыі было 130 сясцёр і 17 дамоў — у Бабруйску, Ваўкавыску, Вільні, Віцебску, Галоўчыне, Гародні, Коўне, Крожах, Мазыры, Менску, Мсціслаўлі, Наваградку, Оршы, Пінску, Полацку, Слоніме, Халопенічах.

У 1864 годзе большасць дамоў марыявітак скасавана.

Да пачатку XX ст. на тэрыторыі Беларусі дамы мерыявітак дзейнічалі толькі ў Віцебску і Магілёве.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]