Перайсці да зместу

Мас-спектраметрыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Мас-спектраметрыя, таксама мас-спектраскапія, мас-спектральны аналіз — фізічны метад даследавання рэчыва, заснаваны на вызначэнні масы часціц, што ўтвараюцца пры іанізацыі малекул. Пачатак развіццю мас-спектраметрыі дадзены Дж. Дж. Томсанам, які прапанаваў прынцып дзеяння мас-спектрометра і атрымаў першыя мас-спектры (1910).

Пры мас-спектраметрыі даследуемае рэчыва пераводзяць награваннем ці іншым спосабам у лятучы стан для атрымання малекулярнага пучка, на які ўздзейнічаюць іанізавальным выпрамяненнем. У выніку ўзаемадзеяння нейтральных малекул з выпрамяненнем утвараецца пучок дадатна зараджаных чпсціц (іонаў) і нейтральных фрагментаў малекул рознай малекулярнай масы і атамнага саставу. Пры аднолькавых умовах выпрамянення колькасць дадатна зараджаных часціц рознага саставу, што ўтвараюцца пры іанізацыі, з’яўляецца велічынёй пастаяннай і залежыць толькі ад будовы малекул рэчыва. Раздзяленне сумарнага патоку часціц на патокі часціц з аднолькавай малекулярнай масай і вымярэнне токаў раздзеленых іонаў ажыццяўляюць з дапамогай мас-спектральных прылад.

Найбольш шырока мас-спектраметрыю выкарыстоўваюць у арганічнай хіміі для ідэнтыфікацыі хімічных злучэнняў (па мас-спектрах), вызначэння малекулярнай масы, элементнага і ізатопнага саставу рэчыва, якаснага і кольканага аналізу складаных сумесей арганічных злучэнняў.

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]