Перайсці да зместу

Месцапражыванне

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Схіл пагорка

Месцапражыванне (месца пражывання) — сукупнасць біятычных, абіятычных і антрапагенных (пры іх наяўнасці) экалагічных фактараў на любой пэўнай тэрыторыі або акваторыі, якая фармуецца на месцы першаснага комплексу абіятычных фактараў — экатопу. Месцапражыванне віду або папуляцыі — важны кампанент яго/яе экалагічнай нішы. Па адносінах да наземных жывёл тэрмін лічыцца сінанімічным паняццям стацыя (месцапражыванне віду) і біятоп (месцапражыванне супольнасці).

Месцапражыванні, якія характарызуюцца рознай выяўленасцю экалагічных фактараў, але маюць падобнае расліннае покрыва, называюцца біялагічна раўнацэннымі. Існаванне іх магчыма дзякуючы частковай кампенсацыі фактараў адзін адным.

Г. Саутвуд (1977) прапанаваў класіфікаваць месцапражыванні па характары змены фактараў ў часе, вылучыўшы наступныя:

  • нязменныя — умовы асяроддзя застаюцца спрыяльнымі бясконца доўга;
  • прадказальна сезонныя — назіраецца рэгулярная змена спрыяльных і неспрыяльных перыядаў;
  • непрадказальныя — спрыяльныя і неспрыяльныя перыяды маюць розную працягласць;
  • эфемерныя — з кароткім спрыяльным перыядам.