Даўжыня да 90 см, у большасці відаў да 30 см. Цела падоўжанае, цыліндрападобнае. Луска ганоідная, ромбападобная. Адтуліна пырскальца вялікая, але канал страчаны. Восевы шкілет акасцянелы, маюцца покрыўныя скурыстыя косці на галаве, дзве гулярныя пласціны. Спінны плаўнік складаецца з асобных плаўнічкоў (ад 5 да 18), кожны з якіх мае адзіны шып, да якога мацуецца адзін або некалькі мяккіх прамянёў. Грудныя плаўнікі з мясістай лопасцю ў аснове, падтрымліваюцца шматлікімі акасцянелымі радыяліямі, якія прымацоўваюцца да храшчовай пласціны і двух палачкападобных элементаў, і цераз іх — да лапаткі і каракоіда. Хваставы плаўнік вонкава сіметрычны, верхняя лопасць без лускі. Шчэлепных дуг 4. Прамяні шчэлепнай перапонкі адсутнічаюць. Рот вялікі, сківіцы з зубамі, верхняя сківіца трывала мацуецца да чэрапа. Кішэчнік мае спіральны клапан. Плавальны пузыр вялікі, двухкамерны, часткова выконвае дыхальную функцыю. Пазванкі маюць акасцянелыя целы і неўральны канал.
Вядомы з сярэдзіны мелавога перыяду. Адзінае сямейства атрада мнагапёрападобных, падзяляецца на 2 роды (мнагапёры і каламаіхты), 11 відаў. Пашыраны ў прэсных стаячых вадаёмах трапічнай Афрыкі.