Мсціслаў (унук Ігара Яраславіча)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мсціслаў
Нараджэнне 1070-я
Смерць 1116
Род Рурыкавічы
Бацька Ігаравіч Яраславіч[d]

Мсціслаў (1070-я — 1116) — князь з роду Рурыкавічаў.

Імя бацькі крыніцы не называюць. У летапісах князь Мсціслаў выступае толькі як «унук Ігараў» або разам са сваім дзядзькам князем Давыдам Ігаравічам. На думку Фёдара Успенскага, немагчыма вызначыць, чаму ён атрымаў імя Мсціслаў, бо пра родавую лінію вядома дужа мала[1].

Упершыню ўспамінаецца «Аповесцю мінулых часоў» пад 1084 годам, калі разам з князем Давыдам браў удзел у захопе Уладзімір-Валынскага і ўцёк разам з ім жа перад войскам пасланым вялікім князем кіеўскім Усеваладам. У 1099 годзе зноў з князем Давыдам браў удзел у няўдалай спробе захапіць Уладзімір-Валынскі. Пад 1100 годам «Аповесць мінулых часоў» паведамляе «выиде Мстислав от Давыда на море месяца июня в 10», сэнс паведамлення няпэўны — Васіль Тацішчаў лічыў, каб перахопліваць купцоў, Мікалай Карамзін даваў неакрэсленае «шукаць здабычы і славы». У 1103 годзе браў ўдзел у пераможным паходзе рускіх князёў супраць полаўцаў. Напэўна, князь Мсціслаў меў удзел, але крыніцы яго не называюць. Памёр «Мсціслаў, унук Ігараў» у 1116 годзе.[2]

Валянцін Янін выказаў думку, што «Мсціслаў, унук Ігараў» як князь Мсціслаў-Андрэй Усеваладавіч названы сярод рускіх князёў адной з рэдакцый «Хаджэння ігумена Данілы» і, зыходзячы з разлікаў агульнага старшынства, з 1102—1103 года займаў смаленскі сталец[3]. У адказ Леанід Аляксееў адзначыў, што прынамсі з канца XI ст. смаленскі сталец трымалі сыны князя Уладзіміра Усеваладавіча. Такая заўвага не бянтэжыла Яніна, ён лічыў, што княжанне ўладзіміравых сыноў магло пачацца ў канцы жыцця князя Мсціслава, калі ён «цяжка хварэў, прыняў схіму і г.д.» і толькі пасля яго смерці Смаленская воласць «як вымарачная» канчаткова трапіла да князя Уладзіміра Усеваладавіча.[4]

Таксама Янін лічыць, што напэўна менавіта «Мсціславу, унуку Ігараву» належала пячатка з грэчаскім надпісам «Мсціслаў, вялікі архонт Росіі» і выявай, магчыма, св. Андрэя Першазваннага, знойдзеная ў кіеўскім Белгарадзе[5].

На думку Алега Рапава, князь Мсціслаў трымаў, у т.л. на пачатку XII ст., невялікі ўдзел на Валыні, побач уладанняў (або ва ўладаннях) свайго дзядзькі князя Давыда. Рапаў лічыць, што князь Мсціслаў браў удзел у паходзе на полаўцаў у 1103 годзе як прадстаўнік князя Давыда, а таксама магчыма і ў папярэднім з’ездзе на Далобскім возеры, бо летапісец наракае за няўдзел у паходзе князю Алегу Святаславічу і не наракае князю Давыду Ігаравічу.[4]

Зноскі

  1. Литвина, Успенский 2006, с. 23 прим..
  2. Рапов 1977, с. 202.
  3. Янин В. Л. Междукняжеские отношения в эпоху Мономаха и «Хождение игумена Даниила» // Труды Отдела древнерусской литературы. — Т.16. — М., 1960. — С. 121, 122, 126, 129—130 прим.
  4. а б Рапов 1977, с. 203.
  5. Янин В. Л. Актовые печати Древней Руси X—XV вв. — Т. I.: Печати X — начала XIII в. — М., 1970. — C. 20-24, 172.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Литвина А. Ф., Успенский Ф. Б. Выбор имени у русских князей в X—XVI вв.: Династическая история сквозь призму антропонимики.. — М.: Индрик, 2006. — 904 с. — 1 000 экз. — ISBN 5-85759-339-5.
  • Рапов О. М. Княжеские владения на Руси в X — первой половине XIII в. / Под ред. акад. Б. А. Рыбакова; Рецензенты: д-р ист. наук А. Д. Горский, д-р ист. наук П. П. Епифанов.. — М.: Московский государственный университет, 1977. — 264 с. — 3 450 экз.
  • Baumgarten N. Généalogies et mariages occidentaux des Rurikides Russes du X-e au XIII-е siècle // Orientalia Christiana. — Roma, 1927. — Т. 35. — 95 p. — P. 7, 9. Tab. I. № 34, 35.