Ігар Яраславіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ігар Яраславіч
3-і князь уладзімірскі
1054 — 1057
Папярэднік Святаслаў Яраславіч
Пераемнік Расціслаў Уладзіміравіч
3-і князь смаленскі
1057 — 1060
Папярэднік Вячаслаў Яраславіч
Пераемнік -

Нараджэнне 1036
Смерць 1060
Род Рурыкавічы
Бацька Яраслаў Уладзіміравіч[1]
Маці Інгігерда
Дзеці Давыд Ігаравіч і Ігаравіч Яраславіч[d]
Веравызнанне Праваслаўе
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ігар Яраславіч (1030-я — 1060) — князь уладзімірскі (1054—1057), смаленскі (1057—1060).

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Наймаладзейшы, шосты сын вялікага князя кіеўскага Яраслава Уладзіміравіча і княгіні Інгігерды Улафсдотэр. Паводле Васіля Тацішчава, нарадзіўся ў 1036 годзе.[2]

У наданні сыну імя Яраслаў адышоў ад прынятай Уладзімірам схемы, паводле якой даваў імёны пяці старэйшым сынам — Уладзіміру, Ізяславу, Святаславу, Усеваладу і Вячаславу. Імя Вячаслаў новае для роду і сэнс яго надання не ясны, але яно ўкладваецца ў схему. На думку Фёдара Успенскага, імя Ігар тым часам яшчэ маглі ўсведамляць тоесным скандынаўскаму Інгвар (Ingvarr) і, такім чынам, першай асновай адсылаць да маці — Інгігерды і, адпаведна, прадзеда Інгэ Стэнкільсана, т.б. да матчынага роду агулам. Адначасова, магчыма, гэта адсылка да аднаго з пачынальнікаў бацькоўскага роду — прапрадзеда Ігара Рурыкавіча, т.б. тры пакаленні таму. Успенскі адзначае цікавым у гэтым плане, што імя родапачынальніка атрымаў не хтосьці са старэйшых сыноў, а малодшы і цягам XI ст. невядома болей ніводнага Рурыкавіча з такім імем. У кожным разе, сэнс надання такога імя пэўна не ясны.[3]

У 1054 годзе, паводле тастаменту бацькі, атрымаў Уладзімірскую воласць. У 1057 годзе, пасле смерці старэйшага брата — смаленскага князя Вячаслава, паводле лесвічнага права, пераведзены найстарэйшым братам — вял.кн. кіеўскім Ізяславам, на Смаленскую воласць. Уладзімірскую ж атрымаў наступны паводле старшынства — старэйшы пляменнік. Памёр у 1060 годзе, па яго смерці Смаленскую воласць падзялілі паміж сабою старэйшыя браты — вял.кн.кіеўскі Ізяслаў, чарнігаўскі Святаслаў і пераяслаўскі Усевалад Яраславічы.[2]

У познім Густынскім летапісе пад 1077 годам са спасылкай на польскія крыніцы паведамляецца пра луцкага князя Ігара Яраславіча ў сувязі з дзейнасцю на Валыні польскага караля Баляслава Смелага. На думку Алега Рапава, цяжка вызначыць адкуль такія звесткі ў польскіх храністаў, ці не меўся на ўвазе іншы цяпер невядомы князь, ці не скажоныя папросту падзеі.[2]

Шлюб і нашчадкі[правіць | правіць зыходнік]

Пачынаючы з Мікалая Карамзіна, жонкай Ігара лічылі дачку графа веймарскага і арламюндскага Атона I — Кунігунду, такую інфармацыю дасюль можна сустрэць у генеалагічных даведніках. Потым пэўны час вяліся дыскусіі пра асобу мужа Кунігунды. Ужо з пачатку XX ст. лічыцца вызначаным, што Кунігунда была жонкай князя Яраполка Ізяславіча. Такім чынам, асоба жонкі Ігара Яраславіча застаецца невядомай.

Князь Ігар Яраславіч меў прынамсі двух сыноў — Давыда і яшчэ аднаго, чые імя не вядома. Старшынство сыноў нявызначана. Невядомы на імя Ігаравіч памёр рана, магчыма яшчэ 1080-мі ці нават 1070-мі гадамі, але пакінуў сына — Мсціслава, пра маці якога нічога не вядома.

Князь Мсціслаў у летапісах часта выступае побач з дзядзькам князем Давыдам Ігаравічам і называецца або яго пляменнікам, або «унукам Ігаравым». Пра дзяцей князя Давыда Ігаравіча крыніцы нічога не паведамляюць.

Пэўныя даследчыкі рабілі спробы вызначыць імя для безыменнага Ігаравага сына, так Валянцін Янін называў яго Усеваладам, але выказаў гэтую думку ў падмацаванне сваёй версіі на іншы конт, ён жа прапаноўвае лічыць Мсціслава «Усеваладавіча» князем смаленскім. Думку Яніна крытыкуюць, у т.л. Леанід Аляксееў з розных прычым, у т.л. храналагічных.

Таксама, пачынаючы з Васіля Тацішчава, сынам Давыда Ігаравіча называюць гарадзенскага князя Усеваладку, што грунтуецца толькі на думцы Тацішчава пра яго імя па бацьку і крытыкавана.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Литвина А. Ф., Успенский Ф. Б. Выбор имени у русских князей в X—XVI вв.: Династическая история сквозь призму антропонимики.. — М.: Индрик, 2006. — 904 с. — 1 000 экз. — ISBN 5-85759-339-5.
  • Рапов О. М. Княжеские владения на Руси в X — первой половине XIII в. / Под ред. акад. Б. А. Рыбакова; Рецензенты: д-р ист. наук А. Д. Горский, д-р ист. наук П. П. Епифанов.. — М.: Московский государственный университет, 1977. — 264 с. — 3 450 экз.