Перайсці да зместу

Музей Філуменія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Музей Філуменія
Заснаваны 1964
Месцазнаходжанне
muzeum-filumenistyczne.pl
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Музей Філуменія — музейная ўстанова ў гарадку Быстшыца Клодзка на паўднёвым захадзе Польшчы, які калекцыянуе этыкеткі з карабкоў ад запалак, карaбкі, буклеты (кніжкі-запалкі), запалкі і іншыя прадметы, звязаныя з гісторыяй распальвання агню. Філуменістычны музей лічыцца выключным як у Польшчы, так і ў Еўропе. Гэта адзіная ў краіне ўстанова, якая даследуе гісторыю распальвання агню. Падобныя ўстановы месцяцца таксама ў Чэхіі, Швецыі і Вялікабрытаніі.

Музей размешчаны ў былым евангелічным касцёле і будынку былой парафіяльнай школы, якія былі пабудаваныя ў 1821—1822 гадах.

Ідэя стварэння філуменістычнага музея ўзнікла ў пачатку 1960-х гадоў. Яе ініцыятарамі былі прадстаўнікі Таварыства развіцця Заходніх тэрыторый Польшчы, Таварыства сяброў Быстшыцкай зямлі і жыхароў горада.

Прыстасаванне будынку былой святыні адбылося дзякуючы намаганням мясцовых дзеячаў і падтрымцы прадпрымальнікаў, у асноўным Быстшыцкага запалкавага завода. Афіцыйнае адкрыццё ўстановы адбылося 19 ліпеня 1964 года.

Яе першым дырэктарам стала Гэлена Гэтэр — грамадская дзяячка, сузаснавальніца Таварыства сяброў Клодзкай Зямлі. Сваю функцыю яна выконвала да 1972 года.

На працягу больш чым 50 гадоў музей займаецца пошукам, зборам, навуковай распрацоўкай і дэманcтрацыяй прадметаў, звязаных з гісторыяй распальвання агню і гісторыяй рэгіёна.

Асноўная частка калекцыі — гэта менавіта прадметы, якія выкарыстоўваліся да распальвання агню, напрыклад, крэсівы. Сярод экспанатаў можна таксама пабачыць абсалютна розныя запальнічкі, у тым ліку розных памераў. Сярод іншага — мініяцюры ў выглядзе камеры, бутэлькі, губной памады, піўной бочкі, аўтамабіля.

Прэзэнтуецца таксама багатая калекцыя этыкетак з запалкавых карабкоў, якія, дарэчы, выконвалі розныя функцыі. У тым ліку былі носьбітам інфармацыі, рэкламай, прыкладам выяўленчага мастацтва; выконвалі і адукацыйную функцыю.

На пастаяннай экспазіцыі прадстаўлены этыкеткі і карабкі запалак, пачынаючы з канца XIX — пачатку XX стагоддзяў і заканчваючы сучасным дызайнам. Акрамя польскіх карабкоў, можна пабачыць этыкеткі з розных краін свету, у тым ліку Беларусі, Францыі, Вялікабрытаніі, Расіі, ЗША, Індыі і Кітая. Разнароднасць дэкаратыўных матываў — амаль неабмежаваная.

Музей дазваляе таксама пазнаёміцца з гісторыяй і помнікамі Быстшыцы Клодзкай. Тут паказаныя карціны, скульптуры, архіўныя фотаздымкі і часопісы, а таксама буйныя стэнды з багатым іканаграфічным матэрыялам. Экспазіцыю ўпрыгожвае ўнікальная сярэднявечная гарадская кніга, якая датуецца канцом XIV стагоддзя.

Тут можна ўбачыць адзіную ў Польшчы плаваючую мадэль карабля «Бісмарк», якую з 35 тысяч запалак зрабіў таленавіты малады мадэльер Гжэгаж Тшмялеўскі. На выраб мадэлі пайшлі 3 месяцы.

З 2011 года ў музеі можна паглядзець выставу сатырычных рысункаў Анджэя Млечкі — вядомага кракаўскага сатырыка-ілюстратара. Музей таксама праводзіць адукацыйную дзейнасць. Прапануе, між іншым, музейныя ўрокі, якія тычацца гісторыі распальвання агню, мясцовай гісторыі, тэорыі мастацтва. Установа запрашае таксама на рознага роду майстар-класы. Дарэчы, пры музеі працуе клуб аматараў мастацтва, які арганізоўвае тэматычныя лекцыі[1].

Зноскі