Муленскі майстар

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Муленскі трыпціх

Муленскі майстар (фр.: Maître de Moulins) — паўднёва-нідэрландскі (фламандскі) мастак, які працаваў пры двары герцагаў Бурбонскіх паміж 1483 і 1500 гг. Працаваў у Туры, Мулене і Ліёне. Яго дакладная ідэнтыфікацыя да гэтага часу застаецца пад пытаннем. У ліку сапраўдных імёнаў Майстра з Мулена называюцца Жан Эй (гэтая версія дамінуе), Жан Перэаль, Жан Прэво і Жан Клуэ Старэйшы (бацька прыдворнага партрэтыста Жана Клуэ).

Творы[правіць | правіць зыходнік]

Сучасныя даследчыкі прыпісваюць Майстру з Мулена 17 алтарных твораў, якія з’яўляюцца часткамі (у большасці створкі) алтароў раз’яднаных у XVII—XVIII стагоддзях, малюнак алоўкам, эскіз вітража, мініяцюру. Яго самы вядомы твор — трыпціх кафедральнага сабора ў Мулене «Маці Божая ў Славе», быў створаны каля 1500 года і дайшоў да нашых дзён у вельмі добрай захаванасці. На цэнтральнай панэлі намалявана Мадона з немаўлём у асяроддзі анёлаў. Яе фланкуюць партрэтныя выявы донатараў — герцага П’ера II, герцагіні Ганны дэ Божа і іх дачкі Сюзаны.

У музеі Метрапалітэн знаходзіцца яго «Партрэт Маргарыты Аўстрыйскай» у дзяцінстве. Той жа руцэ прыпісваюцца «Партрэт дафіна Шарля Арлеанскага» немаўлём, «Партрэт кардынала Карла II Бурбона», а таксама «Нараджэнне Хрыстова канцлера Ролена» (той жа заказчык, што і ў ван Эйка). У яго працах знаходзяць прыкметны ўплыў Хуга ван дэр Гуса і Жана Фуке.