Перайсці да зместу

Міжабшчынныя канфлікты ў Нігерыі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Міжабшчынныя канфлікты ў Нігерыі — серыя канфліктаў на тэрыторыі Нігерыі паміж этнічнымі, рэлігійнымі і культурнымі групамі насельніцтва.

Агляд[правіць | правіць зыходнік]

У канфесійным плане краіна фактычна расколатая на дзве часткі: на поўначы краіны пераважаюць мусульмане, на поўдні — хрысціяне (падзел выяўляецца ў многіх аспектах жыцця грамадства[1]). Міжабшчынныя адносіны характарызуюцца крайняй ступенню напружанасці, якая асабліва ўзмацнілася з канца 80-х гг. XX стагоддзя, што звязана з ростам уплыву фундаменталісцкіх рэлігійных рухаў ва ўсім свеце. У выніку ўсе значныя пратэстныя рухі ў Нігерыі, выкліканыя нявырашанасцю сацыяльна-эканамічных праблем, прынялі форму рэлігійных канфліктаў — перш за ўсё мусульманска-хрысціянскага проціборства[2].

Па Канстытуцыі Нігерыі ўрады штатаў не маюць права прымаць якую-небудзь рэлігію ў якасці дзяржаўнай, аднак у ёй адсутнічаюць прамыя ўказанні на свецкі характар нігерыйскай дзяржавы. Тым не менш у лістападзе 1999 г. на вобласць крымінальнага права ў штаце Замфара распаўсюджана шарыяцкае судаводства, а пазней аналагічнае рашэнне прынялі ўлады яшчэ 11 паўночных рэгіёнаў. Рэформы выклікалі вельмі негатыўную рэакцыю хрысціянскай абшчыны, якая баялася паступовага ператварэння краіны ў ісламскую дзяржаву[2].

Цэнтральнае месца ў міжканфесійнай міжабшчыннай варожасці ў Нігерыі заняла дзейнасць фундаменталісцкай ісламісцкай арганізацыі «Бока Харам»[2], якая актывізавала сваю дзейнасць у 2009 годзе. На фоне гвалту з боку мусульман пачаўся і гвалт з боку хрысціян. Яны сталі групавацца ў банды і праводзіць масавыя забойствы іншаверцаў[3]. Заходнія медыя часта называюць дадзенае супрацьстаянне вызначальным у канфлікце нігерыйскага грамадства. Пры гэтым ахвярамі нападаў «Бока Харам» часцей за ўсё становяцца мусульмане, а на цэрквы баевікі нападаюць усё радзей[4].

Для поўначы паўночнага ўсходу і сярэдняй паласы актуальная праблема сутычак жывёлагадоўцаў і фермераў з-за праблем карыстання зямлёй і забруджвання вады (першыя праз частыя засухі былі вымушаны перасяліцца ў рэгіёны пражывання другіх)[4]. Разам з тым, так як абедзве групы вызнаюць розныя рэлігіі, канфлікт набыў яшчэ міжканфесійны характар. Паралельна тут дзейнічаюць групоўкі з ліку прадстаўнікоў народа фульбэ, якія часта сутыкаюцца з этнасамі хаўса і кануры[5].

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. Захаров & Дмитриев 2021, с. 150.
  2. а б в Дмитриев & Захаров 2015, с. 112.
  3. Фокина 2020, Субъекты насилия в Нигерии.
  4. а б Фокина 2020, Социально-экономические условия.
  5. Захаров & Дмитриев 2021, с. 155.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]