Мікалай Васілевіч Лагодзіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Мікалай Лагодзіч)
Мікалай Васілевіч Лагодзіч
Род дзейнасці палітычны вязень, дзяржаўны дзеяч
Дата нараджэння 6 снежня 1928(1928-12-06)
Месца нараджэння
Дата смерці 1 красавіка 2009(2009-04-01) (80 гадоў)
Месца смерці

Мікалай Васільевіч Лагодзіч (6 снежня 1928, вёска Радаўня Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці — 1 красавіка 2009, Пінск) — іншадумца, палітычны вязень у БССР, удзельнік дэмакратычнага руху ў часы «перабудовы» і ў незалежнай Беларусі.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

У 1948 быў прызваны на ваенную службу, служыў у Кіраўскай вобласці. Як адзначаў Лагодзіч, існавала практыка дыскрымінацыі прызыўнікоў з заходніх абласцей Беларусі, якія жылі да 1939 у складзе польскай дзяржавы і ў 1940-х гадах не былі яшчэ да канца саветызаваныя. Тых, хто нарадзіўся ў Заходняй Беларусі, пасылалі служыць як мага далей ад Беларусі, давалі самую цяжкую і брудную працу, часта накіроўвалі на працу ў шахты і на лесапавал. Лагодзіч даслаў скаргу міністру абароны СССР Аляксандру Васілеўскаму з выкладаннем сітуацыі і папрасіў перавесці яго для службы на тэрыторыю Беларусі. Ужо тады М. Лагодзіч адчуў на сабе ціск з-за сваіх поглядаў.

Пасля заканчэння ваеннай службы вярнуўся на радзіму, у 1956 годзе пасяліўся ў Пінску. Працаваў на Пінскім фанерна-запалкавым камбінаце, адначасова завочна вучыўся ў тэхнікуме. Роздумы над рэчаіснасцю ў БССР прыводзілі М. Лагодзіча да нязгоды з многімі яе праявамі. Тады Лагодзіч яшчэ верыў у магчымасць зменаў у СССР праз адкрытую дыскусію, праз публікацыі ў савецкай прэсе. «…Практычная дзейнасць камуністычнага рэжыму, інфармацыйная хлусня партыйнай прэсы, уся дыктатарская атмасфера, парушэнні Усеагульнай Дэкларацыі Правоў Чалавека падштурхнулі мяне нагадаць рэжыму пра гэта сваімі артыкуламі. Я пачаў пісаць»[1]. На пачатку 1960-х гадоў Лагодзіч накіроўваў свае артыкулы ў маскоўскія газеты «Известия» і «Правда» (натуральна, артыкулы не публікавалі). Тады Лагодзіч выслаў яшчэ адзін рукапіс у мінскі карпункт газеты «Правда». Гэты артыкул быў падпісаны псеўданімам Пінчук Палескі.

КДБ пачаў шукаць аўтара. 29 студзеня (паводле іншых дадзеных — 31 студзеня) 1963 М. Лагодзіч быў арыштаваны і дастаўлены ў Брэсцкі абласны аддзел КДБ. Справу Лагодзіча вёў падпалкоўнік Гаршкоў. Паводле дакументаў следства, Лагодзіч «выношваў пачуццё крыўды за рэпрэсію свайго бацькі — памагатага нямецкіх акупантаў» і з-за таго ў 1959—61 пісаў улёткі і лісты з заклікамі змагацца супраць камуністаў і савецкай улады, дасылаў іх у дзяржаўныя ўстановы Мінска і іншых гарадоў, раскідваў у грамадскіх месцах[2]. Асуджаны 11 красавіка 1963 Брэсцскім абласным судом паводле часткі першай артыкула 67 Крымінальнага кодэкса БССР («антысавецкая агітацыя і прапаганда») на 3 гады пазбаўлення волі. Тэрмін адбываў у Мардоўскіх лагерах.

Калі Мікалая Лагодзіча арыштавалі, яго жонка Марыя была ў радзільні. Свайго другога сына Вячаслава ён упершыню ўбачыў толькі праз тры гады. Пасля вызвалення Лагодзіч цярпеў ад дыскрымінацыі, пастаянна сутыкаўся з праблемамі ў працаўладкаванні. Яго ліставанне доўгі час было пад наглядам карных органаў. Рэабілітаваны Вярхоўным судом Рэспублікі Беларусь 29 траўня 1992[3]. У канцы 1980-х і ў 1990-я гады публікаваўся ў незалежнай прэсе, браў актыўны ўдзел у дэмакратычным руху — быў адным са стваральнікаў Беларускага дэмакратычнага аб’яднання «Ветэран» і кіраўніком яго пінскага аддзялення, сябрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі («Грамада»).

Копія ўліковай карткі палітычнага зняволенага Дубраўлага М. Лагодзіча захоўваецца ў фондзе 167 архіву навукова-даследчага і праваабарончага цэнтру «Мемарыял» (Масква).

Зноскі

  1. Лагодзіч М. Мае ўспаміны // Маю права! Бюлетэнь Пінскага рэгіянальнага аддзялення Беларускага Хельсінкскага Камітэта. 1998, № 3.
  2. 58-10. Надзорные производства Прокуратуры СССР по делам об антисоветской агитации и пропаганде. Март 1953—1991. Аннотированный каталог / Под ред. В. А. Козлова и С. В. Мироненко; сост. О. В. Эдельман. Москва, 1999. С. 630.
  3. База данных «Жертвы политического террора в СССР».

Творы[правіць | правіць зыходнік]

  • Мае ўспаміны // Маю права! Бюлетэнь Пінскага рэгіянальнага аддзялення Беларускага Хельсінкскага Камітэта. 1998, № 3.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]