Перайсці да зместу

Мікалай Сяргеевіч Заруднеў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мікалай Сяргеевіч Заруднеў
Дата нараджэння 1918
Месца нараджэння
Дата смерці 9 верасня 1942(1942-09-09)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Званне камандзір
Узнагароды і званні
ордэн Айчыннай вайны I ступені медаль «Партызану Айчыннай вайны» I ступені

Мікалай Сяргеевіч Заруднеў (1918, в. Канукава, Сарпінскі раён, Калмыкская АССР — 9 верасня 1942, в. Сэрвач, Карэліцкі раён Гродзенская вобласць) — ваенны, камандзір савецкага партызанскага атрада ў Вялікую Айчынную вайну.

Загадам НКА № 00246 ад 6.6.1941 года нададзена вайсковае званне лейтэнанта па сканчэнні 2-га Кіеўскага артылерыйскага вучылішча. Гэтым жа загадам прызначаны камандзірам узвода 33-га гаўбічнага артылерыйскага Закаўказскай асобай ваеннай акругі.[1]

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у баях на Заходнім фронце. У 1941 годзе яго полк трапіў у акружэнне ў раёне Баранавіч. Мікалай Заруднеў хаваўся ад немцаў у вёсцы Мастытычы ў селяніна Уладзіміра Іванавіча Ганчара, наладзіў сувязь з падпольнай антыфашысцкай арганізацыяй. Разам з Ганчаром яны збіралі зброю, боепрыпасы, гуртавалі вакол сябе патрыятычна настроеных мясцовых жыхароў і вайскоўцаў, якія апынуліся ў акружэнні.

У пачатку 1942 года, унікаючы арышту, разам з В. П. Дубком пайшоў на ўсход. У вёсцы Кайшоўка, дзе ўжо хавалася група чырвонаармейцаў, вырашылі дачакацца вясны. Неўзабаве члены КПЗБ Ю. С. Сыч, І. Я. Маладзецкі, М. А. Маладзецкі стварылі антыфашысцкі камітэт. Акрамя іх туды ўвайшлі Заруднеў, дзевяць ваеннаслужачых-акружэнцаў і група мясцовых актывістаў.

М. С. Заруднеў разам з членамі камітэта рыхтаваў групу ваеннаслужачых да партызанскай барацьбы. 1 мая 1942 года 10 чалавек сабраліся ў гумне на арганізацыйны сход. Камандзірам выбралі М. С. Заруднева, атрад назвалі імя Золатава (псеўданім Заруднева). Пазней пры стварэнні ў маі 1943 года Першамайскай партызанскай брыгады атрад перайменавалі ў «Першамайскі».

У склад атрада ўвайшлі М. С. Заруднеў, П. В. Дубко, І. Я. Чумачэнка, А. В. Крутаў, В. Д. Малчанаў, М. М. Туруноў, Г. Л. Марахоўскі, В. В. Мяснікоў, Рыгор Гараднічы, Іван Земянкоў, мясцовыя актывісты Павел Гладкі, Н. В. Саладуха, А. В. Будзейка, Д. А. Маладзецкі, Ганна Маладзецкая і Надзея Маладзецкая.

З першых дзён партызаны атакавалі невялікія паліцэйскія ўчасткі, рабілі засады на дарогах, знішчалі нямецкія пункты па збору харчавання, малочныя заводы, адноўленыя акупантамі маёнткі, якія забяспечвалі нямецкую армію харчаваннем.

Магіла Мікалая Заруднева ў Цырыне.

9 верасня 1942 года атрад з 19 чалавек а 7 гадзіне вечара пачаў баявую аперацыю супраць паліцэйскага ўчастка паблізу вёскі Сэрвач, які займаўся зборам прадуктаў для нямецкай арміі. Бой трываў гадзіну, з гарнізона ацалела толькі пяць паліцэйскіх, якія тым часам былі ў Любанічах.[2] У баі Мікалай Заруднеў загінуў, яго пахавалі ў Варачанскім лесе. Пасля вайны рэшткі перанеслі на брацкія могілкі ў Цырын.[3]

Ордэн Айчыннай вайны І-й ступені Мікалая Заруднева.
  1. Вклад Калмыкии в Великую Победу (Великая Отечественная война в цифрах), Дегтяренко Ю. С., Загерликова В. М. .
  2. Отряд «1 Мая», Заруднев Николай Сергеевич.
  3. Заруднев Николай Сергеевич(недаступная спасылка) // Школьны музей.