Перайсці да зместу

Мікола Цэлеш

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мікола Цэлеш
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 25 ліпеня 1900(1900-07-25)
Месца нараджэння
Дата смерці не раней за 1976 і не пазней за 1991
Месца смерці
Пахаванне
Месца працы
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці пісьменнік
Мова твораў беларуская
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Мікола Цэлеш або Целеш, поўнае імя Мікалай Яфімавіч Цэлеш (25 ліпеня 1900(1900-07-25), Заазер'е, Мінская губерняне раней за 1976 і не пазней за 1991, ЗША; Псеўданімы: Марцін Люціч, М. Люціч, М. Лясун, Анатоль Чэслаўскі; Крыптанімы: М. Ц.) — беларускі пісьменнік.

Нарадзіўся ў в. Заазер’е Барысаўскага павета (цяпер — Бялыніцкі раён Магілёўскай вобласці).

Вучыўся ў Бялыніцкім народным вучылішчы да 1914 года, калі бацьку з пачаткам Першай сусветнай вайны мабілізавалі ў Рускую імператарскую армію. З 1916 года жыў у бежанстве ў Варонежы, працаваў на пошце, потым перабраўся ў Кадзіеўку Кацярынаслаўскай губерні. У 1919 годзе скончыў агульнаадукацыйныя курсы і мабілізаваны ў Чырвоную Армію. Дэмабілізаваўся ў 1922 годзе і прыехаў у Менск. У пачатку 1933 года працаваў у аддзеле сельскай гаспадаркі рэдакцыі газеты «Звязда». Перад Другой сусветнай вайной працаваў у часопісе «Паляўнічы Беларусі».

У час нямецкай акупацыі працаваў у «Беларускай газэце». З чэрвеня 1944 года — у Германіі.

У 1949 годзе выехаў у ЗША. Зарабляў фізічнай працай. Быў сябрам Беларуска-амерыканскага задзіночання.

У 1976 годзе выйшаў з дому ў Порт-Джэрвісе (штат Нью-Ёрк) і паехаў у Нью-Ёрк, куды, па сведчанні кіроўцы аўтобуса, даехаў, пасля гэтага знік без вестак[1].

У кнізе Барыса Сачанкі «Пад сузор’ем сярпа і молата» згадана перапіска Цэлеша з Максімам Танкам: «Мікола Целеш выкладаў умовы, паводле якіх ён згадзіўся б пераехаць жыць на Бацькаўшчыну, у Беларусь. Галоўным з іх былі змена таталітарнага рэжыму, наданне Беларусі сапраўднага суверэнітэту, незалежнасць ад Масквы». Сачанка бачыў тут сувязь з тым, што Цэлеш потым «выйшаў з дому і знік».

Цела яго знайшлі ў 1991 годзе ў сажалцы на ферме каля Порт-Джэрвіса[1], але здолелі ідэнтыфікаваць толькі ў 2025 годзе. Адпяванне Міколы Цэлеша адбылося 24 кастрычніка 2025 года ў пахавальным доме Малішэўскага, пахаваны ў Іст-Брансвіку на беларускіх могілках парафіі царквы Жыровіцкай Божай Маці БАПЦ у Хайленд-Парку (Нью-Джэрсі)[2]. Расследаванне абставін смерці Міколы Цэлеша працягваецца[1].

Меў двух сыноў у першым шлюбе, а таксама дзвюх дачок[1].

Ілюстрацыі Генадзя Змудзінскага да апавядання Міколы Цэлеша «Людзі, зверы, птахі».

З 1929 года публікаваўся ў перыёдыцы. Аўтар кніг апавяданняў, у тым ліку для дзяцей: «Апавяданні паляўнічага» (1931), «Са стрэльбай і сабакам» (1932), «Курылка: запіскі вучня царкоўнапрыходскай школы» (1935, 1938), «Знаходка» (1939) і «Буська» (1939).

У час акупацыі выдаў зборнік апавяданняў «На крыжы».

На эміграцыі выйшлі «Дзесяць апавяданняў» (1965). Пасмяротна выдадзены Беларускім інстытутам навукі і мастацтва збор твораў «Хмары над Бацькаўшчынай» (укладзены Лявонам Юрэвічам, 1995).