Адам Іосіфавіч Мальдзіс

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Адам Іосіфавіч Мальдзіс
Adam Maldis.jpg
Дата нараджэння 7 жніўня 1932(1932-08-07) (86 гадоў)
Месца нараджэння
Грамадзянства
Род дзейнасці пісьменнік, перакладчык, літаратуразнавец, журналіст, літаратурны крытык
Навуковая ступень доктар філалагічных навук[d]
Альма-матар
Навуковы кіраўнік Навум Перкін
Commons-logo.svg Адам Іосіфавіч Мальдзіс на Вікісховішчы
Адам Мальдзіс на аўдыенцыі ў Папы Рымскага Яна Паўла II (1990)
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка і Адам Іосіфавіч Мальдзіс падчас цырымоніі ўручэння ордэна Францыска Скарыны. Мінск, 28 чэрвеня 2013 г.

Ада́м Іос́іфавіч Ма́льдзіс (нар. 7 жніўня 1932, в. Расолы, Астравецкі раён, Гродзенская вобласць) — беларускі літаратуразнавец, гісторык, пісьменнік, журналіст. Доктар філалагічных навук (1986), прафесар (1990).

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Скончыў аддзяленне журналістыкі БДУ (1956). Працаваў сакратаром радашковіцкай раённай газеты «Сцяг Ільіча» (1956—1959). У 1962 скончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Я. Купалы АН БССР. У 1962—1991 працаваў у Інстытуце літаратуры АН БССР: з 1962 — навуковы супрацоўнік, з 1981 — загадчык аддзела беларускай дакастрычніцкай літаратуры (1981—1991). Кандыдат філалагічных навук (1963), тэма дысертацыі: «Белорусско-польские литературные взаимосвязи во второй половине ХІХ в.». Доктар філалагічных навук (1986), тэма доктарскай дысертацыі: «Закономерности развития белорусской литературы переходного периода (вторая половина XVII—XVIII в.)». У 1990 як член дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце 45-й сесіі ААН. Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1965. Член Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989. У 1991—1998 дырэктар Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Ф. Скарыны. З 1987 старшыня камісіі «Вяртанне» Беларускага фонду культуры, у 1991—2005 прэзідэнт (з 2010 ганаровы старшыня) Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, у 1996—2006 кіраўнік аддзела культуралогіі Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі. Рэдактар біябібліяграфічнага слоўніка «Беларускія пісьменнікі» (Т. 1-6; 1992—1995) і інфармацыйна-культуралагічнага бюлетэня «Кантакты і дыялогі» (1996—2002).

Творчая і навуковая дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

У друку з артыкуламі і рэцэнзіямі пачаў выступаць у 1954. Даследуе гісторыю беларускай культуры і літаратуры 17-19 стст., беларуска-польскія і беларуска-літоўскія літаратурныя ўзаемасувязі.

Пачынаў як даследчык літаратуры XIX стагоддзя. Яго кніга «Творчае пабрацімства» (1966) пра беларуска-польскія літаратурныя сувязі змяшчае мноства новых фактаў, здабытых у айчынных і польскіх архівах, мноства свежых думак, арыгінальных даследчыцкіх назіранняў. Даследчыка адразу вызначала комплекснасць у вывучэнні пытанняў літаратуры і культуры, імкненне да жывой размовы з шырокім чытачом. У кнізе «Падарожжа ў XIX стагоддзе» (1969) ім пададзены партрэты пісьменнікаў, музыкаў, падарожнікаў, дзеячаў вызваленчага руху. Выдаў даследаванне «Традыцыі польскага Асветніцтва ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя» (1972), «Таямніцы старажытных сховішчаў» (1974), «На скрыжавані славянскіх традыцый» (1980), «Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII ст.: Нарысы быту і звычаяў» (1982, перавыдадзена ў абноўленым выглядзе 2001), «З літаратуразнаўчых вандраванняў» (1987), «Францыск Скарына як прыхільнік збліжэння і ўзаемаразумення людзей і народаў» (1988). Сумесна з літоўскай даследчыцай Альмай Лапінскене выдаў манаграфію «Перазовы сяброўскіх галасоў» (1988), дзе ўпершыню паказана літаратурнае ўзаемадзеянне двух народаў ад старажытнасці да нашага часу. Пазней выйшлі яго кнігі «І ажываюць спадчыны старонкі: Выбранае» (1994), «Выбране» (2007), «Белорусские сокровища за рубежом» (2010).

Падрабязная бібліяграфія змешчана ў кн.: «Беларусь і беларусы ў прасторы і часе: Зборнік да 75-годдзя прафесара Адама Мальдзіса» (2007). Працы Адама Мальдзіса вызначаюцца глыбінёй навуковага аналізу, арыгінальнасцю вывадаў, наватарскімі падыходамі, бліскучым стылем. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 2, 1969), «Истории белорусской дооктябрьской литературы» (1977).

Напісаў гістарычную аповесць «Восень пасярод вясны» (1984), у якой на аснове мясцовай легенды звёў разам, сабраў у Анеліне на Астравеччыне Кастуся Каліноўскага, Уладзіслава Сыракомлю, актрысу Галену Маеўскую-Кіркор і іншых герояў. Аўтар краязнаўчага нарыса «Астравеччына, край дарагі…» (1977), шматлікіх артыкулах па краязнаўству. Кніга «Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча» (1990) — сплаў мемуарыстыкі, эсэістыкі, літаратуразнаўства. Аўтар кнігі «Як жылі нашы продкі ў XVIII ст.» (2001).

Сам Адам Мальдзіс узгадваў:

"

Найбольш дарагія для мяне першая кніга, напісаная «для душы», «Падарожжа ў XIX стагоддзе» і «няшлюбнае» (г. зн. мастацкае) дзіця «Восень пасярод вясны», інспіраванае Уладзімірам Караткевічам (паралельна ён меўся пісаць на тую ж тэму «Крыж Аняліна», але паспеў накідаць толькі пачатак). Найбольш удалай лічу «Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча», бо выношвалася яна доўга, а рэдактары ў ёй амаль нічога не змянілі. А найбольш сур’ёзнай і даўгавечнай з навуковага пункту гледжання — «Беларусь на скрыжаванні славянскіх традыцый», дзе разгледжана беларуская літаратура і, шырэй, культура XVII–XVIII стагоддзяў, у перыяд іх пераходу ад адной эпохі (Сярэдневякоўе, Рэнесанс) да другой, Новага часу.

"

Складальнік зборнікаў «Зямля навагрудская, краю мой родны…» А. Міцкевіча (1969) і «Творы» Я. Дылы (1981), «Пан Тадэвуш» А. Міцкевіча (пераклад Б. Тарашкевіча, 1981).

Перакладаў з польскай і балгарскай моў.

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны і інш. медалямі, ордэнам Францыска Скарыны (2013), чатырма польскімі ганаровымі адзнакамі. Заслужаны дзеяч польскай культуры (1982). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1980) — за ўдзел у двухтомным даследаванні «История белорусской дооктябрьской литературы» (1977).

Зноскі

Выбраная бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • Творчае пабрацімства: Беларуска-польскія літаратурныя ўзаемасувязі ў XIX ст. — Мн., 1966.
  • Падарожжа ў XIX стагоддзе: 3 гісторыі беларускай літаратуры, мастацтва і культуры. Навукова-папулярныя нарысы. — Мн., 1969.
  • Традыцыі польскага Асветніцтва ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя. — Мн., 1972.
  • Тры месяцы пошукаў, знаходак і сустрэч // Полымя. 1973. №7.
  • Таямніцы старажытных сховішчаў. — Мн., 1974.
  • На скрыжаванні славянских традыцый: Літаратура Беларусі пераходнага перыяду: другая палавіна ХVII—ХVIII ст. — Мн., 1980.
  • Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII стагоддзя: Нарысы быту і звычаяў. — Мн., 1982.
  • Восень пасярод вясны: Аповесць, сатканая з гістарычных матэрыялаў і мясцовых паданняў. — Мн.: Мастац. літ., 1984.
  • 3 літаратуразнаўчых вандраванняў: Нарысы, эсэ, дзённікі. — Мн., 1987.
  • Францыск Скарына як прыхільнік збліжэння і ўзаемаразумення людзей і народаў. Мн., 1988.
  • Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча: Партрэт пісьменніка і чалавека. — Мн., 1990.
  • І ажываюць спадчыны старонкі: Выбр. — Мн., 1994.
  • Як жылі нашы продкі ў XVIII стагоддзі. — Мн., 2001.
  • Выбранае / Адам Мальдзіс; Уклад. В. Грышкевіч; Прадм. Г. Кісялёў, В. Чамярыцкі. — Мн.: Кніга­збор, 2007. — 464 с. — («Беларускі кніга­збор»: Серыя 2. Гісторыка-літаратурныя помнікі). ISBN 978-985-6824-95-4.
  • Мальдис, А. И. Белорусские сокровища за рубежом / А. И. Мальдис. — Минск : Літаратура і Мастацтва, 2009.  — 208 с. : ил. — (Беларусь вчера и сегодня). ISBN 978-985-6720-94-2.
  • Мальдис, А. И. Соотечественики : очерки о белорусах и уроженцах Беларуси, обогативших мировую культуру / Адам Мальдис. — Минск : Издательский дом «Звезда», 2013. — 336 с. (Беларусь вчера и сегодня). ISBN 978-985-7059-85-0.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X
  • Мальдзіс Адам // Культуралогія: Энц. даведнік; Уклад. Э. Дубянецкі. —Мн: БелЭн, 2003. ISBN 985-11-0277-6
  • Мальдис Адам Иосифович // Кто есть кто в Республике Беларусь: Электронный справочник; БДГ on-line. — Эл. ресурс bdg.by
  • Мальдзіс Адам // Беларусь: Энц.даведнік. — Мн., 1995. — С. 460—461
  • Мальдзіс Адам // Энцыклапедыя мастацтва і літаратуры Беларусі. — Мн., 1986. — Т.3
  • Мальдзіс Адам // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. — Мн., 1994. — Т.4. — С. 194—199
  • Zaprudnik Jan. Historical Dictionary of Belarus. — 1998. P. 153

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]