Мімікрыя Вавілава

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Мімікрыя Вавілава — форма мімікрыі раслін, пры якой дзікарослыя расліны набываюць адну ці некалькі характарыстык сельскагаспадарчых культур праз пакаленні штучнага адбору[1]. З'ява названа ў гонар Мікалая Іванавіча Вавілава, выбітнага расійскага і савецкага вучонага-генетыка, батаніка, селекцыянера, які вызначыў цэнтры паходжання культурных раслін[2].

Мімікрыя Вавілава з'яўляецца прыкладам несвядомага штучнага адбору — чалавек несвядома адбірае (уручную або пры дапамозе сартавальных машын) формы пустазельных раслін, больш блізкія да культурных па памеры і форме насення, часу паспявання і распаўсюджвае іх[3]. Дадзеная мімікрыя ўзнікае насуперак мэтам сельскай гаспадаркі. Падобным чынам развіваецца ўстойлівасць да антыбіётыкаў і гербіцыдаў. Існуе верагоднасць, што, пераняўшы некаторую колькасць карысных якасцяў культурных раслін, пустазельная расліна можа ў выніку стаць культурнай. Такія віды будуць другаснымі сельскагаспадарчымі культурамі. Верагодна, менавіта дзякуючы такому адборы ўвайшлі ў культуру жыта і авёс — пустазелле, якое засмечвала пасевы пшаніцы.

Зноскі

  1. Pasteur, Georges (1982). «A classificatory review of mimicry systems». Annual Review of Ecology and Systematics 13: 169—199.
  2. Vavilov, N. I. (1951) The origin, variation, immunity and breeding of cultivated plants. (Translation by K. S. Chester) Chronica Botanica 13:1-366.
  3. Вавилов Н.И. Закон гомологических рядов в наследственной изменчивости. — М.—Л., 1935.